Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк далучыўся да дыскусіі пра паўстаньне Каліноўскага. Устаў на «польскі» бок


Ігар Марзалюк, архіўнае фота
Ігар Марзалюк, архіўнае фота

У «Настаўніцкай газэце» апублікаваны артыкул дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка пра паўстаньне 1863 году і ягонага лідэра Кастуся Каліноўскага. Артыкул пакуль недасяжны на сайце газэты.

«Настаўніцкая газэта» спасылаецца на дыскусіі ў інтэрнэце аб тым, што паўстаньне Каліноўскага было беларускім і нацыянальна-вызваленчым, а ня польскім, як зь нядаўняга часу сталі вучыць у беларускіх школах на ўроках расейскай літаратуры. Газэта зьвярнулася па камэнтар з гэтай нагоды да Марзалюка.

Стрыт-арт у Берасьці: Кастусь Каліноўскі і «Мужыцкая праўда», касрычнік 2018 году
Стрыт-арт у Берасьці: Кастусь Каліноўскі і «Мужыцкая праўда», касрычнік 2018 году

Ігар Марзалюк заявіў, што да паўстаньня, яшчэ ў XVIII стагодзьдзі нацыятворчыя працэсы ў Рэчы Паспалітай ішлі так, што не было месца для існаваньня дзяржавы некалькіх народаў, што ўся эліта Вялікага княства Літоўскага была лічыла сябе палякамі, а назва «літвін» ужывалася як рэгіянальная і субэтнічная.

Ён таксама заяўляе, што студзеньскае паўстаньне 1863 году ніхто з сучасьнікаў не называў паўстаньнем беларускага народу, а Каліноўскага — беларускім нацыянальным героем, усе казалі пра «польскае паўстаньне на Беларусі і Літве». А «беларусізацыя» Каліноўскага пачалася ў XX стагодзьдзі сіламі Вацлава Ластоўскага.

Марзалюк спасылаецца на расейскага гісторыка Юрыя Барысёнка, які заяўляе, што Каліноўскі нібыта «носьбіт польскай самасьвядомасьці, нягледзячы на ўсе свае агітацыйныя творы на беларускай мове, якая была толькі тактычным сродкам дзейнасьці польскага пасланца ў Беларусі».

Згадваецца і словы Антона Луцкевіча 1935 году: што Каліноўскага абвяшчаюць беларускім незалежнікам на падставе заявы, што не «бязмозглая Варшава», але «мы самі будзем будаваць мужыцкую Беларусь». Ды, паводле Луцкевіча, гэта няправільна, а «крытычныя адносіны да Варшавы могуць быць тлумачаны ў сэнсе сэпаратызму ад Польшчы толькі тымі, хто зусім не ведае настрояў польскага грамадзтва ў нашым краю ў даваенныя часы», бо крытычнае стаўленьне было не да палякаў агулам, а да Варшавы і варшавякаў, а ідэі незалежнай Беларусі тады нібыта не існавала.

Гісторык Ігар Мельнікаў даў Свабодзе пяць доказаў таго, што паўстаньне Каліноўскага было беларускім. Сьцісла: яно ня мела польскага польскага кіраўніцтва, усе кіраўнікі паўстаньня былі беларусамі, выступалі за аднаўленьне шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.

Кастусь Каліноўскі пісаў «Лісты з-пад шыбеніцы» на беларускай лацініцы, а баявыя дзеяньні паўстаньня адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе пасьля яго падаўленьня пачаліся рэпрэсіі, якіх не было ў Польшчы. Нават савецкая гістарыяграфія прызнавала Каліноўскага беларускім героем, у яго гонар у Менску назвалі вуліцу.

У дыскусію пра паўстаньне раней уступіла прэс-служба Міністэрства адукацыі, якая адказала на ранейшую публікацыю «Нашай нівы». Гісторык Васіль Герасімчык папунктава разабраў той адказ міністэрства, назваў яго «стараннай фальсыфікацыяй, якая разьбіваецца „Лістамі з-пад шыбеніцы“».

А аб «польскасьці» паўстаньня Каліноўскага выказваўся і афіцыйны прадстаўнік Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Сяргей Лепін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG