Блогер і былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі на сваёй старонцы ў Інстаграме абурыўся, што ня змог прыляцець у Лёндан, каб асабіста атрымаць праваабарончую прэмію Магніцкага, якой яго ўзнагародзілі разам са Сьвятланай Ціханоўскай.
Сяргей Ціханоўскі напісаў, што офіс Сьвятланы Ціханоўскай меў патрэбную інфармацыю, якую не перадаў яму, таму ён не пасьпеў зрабіць брытанскую візу. Паводле яго, «атмасфэру ў офісе цяжка назваць здаровай».
Прадстаўніца офісу Ганна Красуліна пракамэнтавала словы Ціханоўскага пра прэмію Магніцкага так:
«У нас была папярэдняя інфармацыя, што гэта можа адбыцца, і таму мы раілі яму падацца на візу загадзя, дапамаглі яму запісацца два месяцы таму. Ён запоўніў дакумэнты, віза была аплочаная, але, на жаль, ён так і не падаўся на здачу біямэтрыі, нягледзячы на нагадваньні з нашага боку. Мы з разуменьнем ставімся да складанага графіку Сяргея, аднак у нас няма магчымасьці паскорыць атрыманьне брытанскай візы».
Прэмія ў галіне правоў чалавека імя Магніцкага ўручаецца ў Лёндане з 2015 году. Прэмія ўшаноўвае памяць Сяргея Магніцкага, аўдытара фонду Hermitage Capital, які загінуў у бальніцы сьледчага ізалятара ў Маскве 16 лістапада 2009 году. Прэміяй было вырашана ўзнагароджваць, у прыватнасьці, за выдатныя заслугі ў сфэры журналісцкіх расьсьледаваньняў, за абарону правоў чалавека і ў шэрагу іншых намінацый. Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія ўзнагароджаныя прэміяй як выбітныя апазыцыйныя палітыкі.
Форум