Манá, хлусьня, ілжа... У нас шмат сынонімаў няпраўды. А беларуская праўда — толькі адна, як у заходняй традыцыі, ці іх шмат, як у расейскай?
Пра няпраўду і праўду ў беларускай мове распытайма менчукоў на вуліцы.
— Як вы разумееце вобразны выраз „Брэша як лён чэша“? Пра каго ён?
— Хлусіць як вельмі ўмелы чалавек.
— Ну правильно, лён надо чесать уметь... И он же так… і брэшыць! Гладка, лёгка!
Дакладна. Брэша як лён чэша значыць ‘хлусіць умеючы, лёгка, гладка’.
Адна спадарыня нават успомніла той гладкі лён:
— Вычэсвалі вот такой расчоскай, і ён быў гладзенькі, длінны, красівы. Патом пралі коўдры.
Ёсьць іншыя параўнаньні для таленавітай няпраўды:
брэша як клін чэша (абчэсвае сякерай ці долатам),
брэша як наняты,
а нават
брэша як цэп літоўскі —
слаўны тутэйшы інструмэнт выдаваў рытмічны ды навязьлівы гук.
Якія сынонімы ў нас для няпраўды?
— Ну как ещё… „маніт“ называют, что-то такое...
— Хлусьня, ілжэш… маніш…
— Хлусьня?
Так, маем вялікі выбар:
Няпраўда. Манá. Падман. Хлусьня.
А яшчэ размоўныя: ілжа і асабліва пагардлівае брахня.
Яны трохі розьняцца адценьнем. Манá — увядзеньне ў аблуду, падпусканьне туману ў вочы. Мне здаецца, што часта слова манá пасуе так званым fake news — фальшывым навінам, якія выглядаюць як сапраўдныя. А брахня — хутчэй нахабная і яўная няпраўда.
Зрэшты, большасьць словаў амаль поўныя сынонімы. Але ўсім ім процістаіць адзін антонім — праўда. І ў эўрапейскіх мовах ён толькі адзін: па-лацінску veritas, па-ангельску truth, па-нямецку Wahrheit і г. д.
А Ўсход — паміж „правдой“ і „истиной“
У расейскай жа мове ёсьць і правда, і истина. Прычым тамтэйшыя філёзафы й багасловы іх адрозьніваюць. Маўляў, „правда“ — суб’ектыўная, „правд“ можа быць шмат, а „истина“ — абсалютная і толькі адна. Кажуць, што на іншыя мовы гэта няма як перакласьці. Незвычайная пара сынонімаў у расейскай мове — вынік моцнага ўплыву на яе царкоўнаславянскай (пачатна стараславянскай — мовы Кірылы і Мятода). Але ў паўднёваславянскіх мовах словы гэтыя не сынонімы: истина гэта veritas, а правда — ‘справядлівасьць’ і нават ‘закон’.
У расейскай жа словы „правда“ і „истина“ то супадалі, то мяняліся значэньнямі, пакуль іх сьвядома не „разьвялі“.
А ці трэба „ісьціна“ Беларусі? Мо праўды досыць?
Слова „ісьціна“ было ў старабеларускім царкоўным ужытку — таксама пад уплывам мовы царкоўнаславянскай. Але ўжывалася ісьціна/ісьцізна і як чыста эканамічны тэрмін, азначала капітал без працэнтаў. У Беларусі царкоўнаславяншчына слабела, і слова „ісьціна“ абазначала праўду (ці нейкі яе від) усё радзей.
Зазірнем у перакладныя царкоўнаславянска-старабеларускія слоўнікі.
І Лаўрэн Зізані ў „Лексісе“ (Вільня, 1596), і Памва Бярында ў „Лексіконе Славеноросскім“ (Куцейна, 1653), і ананімны аўтар „Синонімы славеноросскай“ XVII ст. (адваротны слоўнік) пераклалі царкоўнаславянскае „истин(н)а“ як правда, „истинствую“ як правду мовлю.
Ужо ў новы час, у мове клясычнай „Нашай нівы“, слова „ісьціна“ амаль не ўжывалася. Хіба што ў палітычнай, а зусім не этнічнай характарыстыцы — „істінно русскіе люді“. У Сямімоўным слоўніку (Ляйпцыг, 1918) нямецкі прыметнік wahr = рас. истинный, бел. praŭdziwy, zapraŭdny. (Але ісьціна — адзін з адпаведнікаў рас. „истина“ ў слоўніках 1920-х і асноўны — пазьней.)
І расейскім выразам з „истиной“ у нас часьцей адпавядаюць народныя выразы з праўдай:
рас. „дойти до истины“ = бел. дайсьці праўды
рас. „говоря по истине“ = бел. праўду кажучы
Праўда тут і суб’ектыўная (бывае, што зьвязаная з справядлівасьцю), і аб’ектыўная. Традыцыйнае беларускае значэньне слова праўда інтэгральнае і бліжэйшае да заходняга.
Але пакінем філёзафам далейшае дасьледаваньне сувязі паміж нацыянальным мэнталітэтам і колькасьцю абазначэньняў праўды.
Брашы, брашы — набрэшасься
Для беларуса адыход ад праўды — цяжкі грэх:
Каб я да сьвету сонца ня бачыў, калі гэта няпраўда!
Каб мне Пярун гумно запаліў!
Маем розныя прыказкі. Пра часовы трыюмф няпраўды:
Хто хлусіць, той вып'е й закусіць, а хто праўду скажа, той так спаць ляжа — галодным, значыць.
Зь іншага боку — ёсьць спадзеў на перамогу праўды ў пэрспэктыве. Як вам народная мудрасьць „Хлусьнёй багаты ня будзеш“?
— Так! Хлусьня рана ці позна заўсёды выплывае на паверхню.Ты можаш схлусіць для кагосьці, а для сябе?..
— Да. Если обманываешь, так не наживёшься на этом.
— Калі хлусіць цэлы час, я думаю, што гэта цяжка. Да дабра не прывядзе, хіба не.
Хлусіць цяжэй, чым казаць праўду. Беларускія прыказкі абяцаюць хлусу пакараньне :
Збрахні ня мруць, ды ўжо болей веры ня ймуць.
Праўду пахаваеш і сам зь ямы ня вылезеш.
А гэтая прыказка-папярэджаньне дык проста сцэнар фільму:
Брашы, брашы — набрэшасься, прыйдзе ліха — павесісься!
Шчасьце, Свабода, Праўда
Праўда — галоўнае слова ў Кастуся Каліноўскага. Разьвітальны верш „Марыська чарнаброва“:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся сьмела.
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна, —
піша Каліноўскі, злучаючы ў адно шчасьце, свабоду і праўду — у шырокім, беларускім значэньні гэтага слова.