Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе распавёў, што трэба зрабіць беларускім уладам, каб тэхнічна ці палітычна, але вырашыць пытаньне з закрытай беларуска-літоўскай мяжой. Літоўскі міністар гаварыў па-беларуску.
Аляксандар Лукашэнка на гэтым тыдні тры разы абмяркоўваў закрытыя Літвой пераходы на мяжы зь Беларусьсю: заклікаў сваіх чыноўнікаў пачаць перамовы і дыпляматычны дыялёг зь Вільняй. Весьці перамовы прызначылі міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, і той ужо сказаў, што будзе размаўляць безь перадумоў, але пра адкрыцьцё ня толькі закрытых нядаўна пераходаў, але ўсіх пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы.
У літоўскім урадзе заявілі пра магчымасьць тэхнічных перамоваў — але не палітычных.
Гібрыдная атака балёнамі
Перш за ўсё — гэта праблема з балёнамі, якія ляцяць з боку Беларусі і пагражаюць бясьпецы самалётаў у Віленскім аэрапорце, сказаў міністар.
«Закрыцьцё мяжы сталася апошнім крокам, зробленым з нашага боку. Перад гэтым былі „сыгнальныя“ закрыцьці мяжы, як знакі для рэжыму Лукашэнкі, што трэба нешта рабіць з боку Беларусі. Як мы бачылі, ніякіх крокаў з боку беларускага рэжыму не адбылося — і толькі пасьля закрыцьця мяжы сам Лукашэнка пачаў гаварыць. Для Літвы гэтая праблема стала вялікай, калі пачаліся пагрозы для грамадзянскай авіяцыі, для бясьпекі, і гэта і перарасло на ўзровень гібрыднай атакі на нас з боку Беларусі».
Міністар Кандратовіч прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і сёньня гэта вывучаюць літоўскія крыміналісты.
Урад Літвы тым часам зьбірае нарады, каб вырашыць, якія крокі тут могуць быць зробленыя Вільняй. Пры гэтым працягваецца дыялёг паміж памежнымі ведамствамі Літвы і Беларусі, МЗС абедзьвюх краін таксама ў кантакце, кажа міністар Кандратовіч. А вось у яго з кіраўніцтвам МУС Беларусі кантактаў няма.
«Не, ніякіх кантактаў зь беларускім міністрам у мяне не адбылося. І наколькі я валодаю інфармацыяй, не было і раней такіх кантактаў. Думаю, кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс знойдзе спосаб, як гэтую сытуацыю абмеркаваць зь іншым бокам. А тэхнічныя перамовы адбываюцца, найперш паміж памежнымі службамі».
Агулам за час закрыцьця мяжы паміж Літвой і Беларусьсю паветраных балёнаў стала меней, кажа міністар, ёсьць ночы, калі такіх зондаў зусім не запускаюць у бок Літвы:
«Прычынай гэтаму можа быць і надвор’е ці кірунак ветру. Але сытуацыя напраўду палепшылася. У лістападзе закрыцьцё віленскага аэрапорту адбылося два ці тры разы, і ўсяго максымальна на некалькі гадзін. І не было такога замяшальніцтва, якое было ў кастрычніку. Думаю, што пэўныя крокі для кантролю за сытуацыяй з боку Беларусі былі зробленыя. Ня маючы кантактаў, цяжка сказаць, што было зроблена, але з усёй інфармацыі, агучанай публічна і агульна даступнай, бачна, што хоць рыторыка Лукашэнкі не спрыяе паляпшэньню сытуацыі, але я адчуваю, што робяцца нейкія крокі, каб гэтую сытуацыю апанаваць».
Цягам 2025 году літоўскія службы выявілі каля 600 такіх балёнаў. Але ёсьць і такія, што не былі знойдзеныя, прызнаў міністар, і іх можа быць у некалькі разоў болей.
Тут дзейнічаюць два фактары: і кантрабанда, і гібрыдная атака з боку Беларусі, кажа Ўладзіслаў Кандратовіч:
«Натуральна што кантрабанда праводзіцца як жыхарамі Беларусі, так і Літвы, ёсьць тут сувязі. І гэта наглядна бачна, і гэта можна даказаць. Але з другога боку, сабатаж зь беларускага боку і пазыцыя нічога не рабіць з гэтым, не прадпрымаць крокаў да апанаваньня сытуацыі, дазвол рабіць такое, наводзіць на думку, што гэта зьяўляецца і гібрыднай атакай. Так, гібрыдны эфэкт руху гэтых балёнаў з боку Беларусі ў кірунку Літвы зьяўляецца вялікім. У тым ліку ён выклікае закрыцьцё нашых аэрапортаў у Вільні і Коўне».
Кантрабанда на 100 мільёнаў эўра
Рашэньне аб поўным закрыцьці мяжы Літвы і Беларусі было прынята напрыканцы кастрычніка. Яго патлумачылі масавымі прылётамі мэтэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі. Паводле статыстыкі памежнай службы Літвы, якую прааналізавала Свабода, балёны з кантрабандай зь Беларусі масава прылятаюць у Літву з пачатку 2024 году, а колькасьць прылётаў у кастрычніку не была рэкорднай сёлета. На пытаньне, чаму Вільня вырашыла адрэагаваць на гэты выклік менавіта цяпер, а не раней, міністар адказаў:
«У розных сытуацыях патрэбныя навыкі, каб ідэнтыфікаваць гэтыя балёны. На маю думку, праца нашай памежнай службы на мяжы спрычынілася да таго, што кантрабандысты пачалі выкарыстоўваць гэтыя балёны ўсё далей ад Літвы, зь іншых участкаў тэрыторыі Беларусі, і сталася цяжэй разьлічыць іх рух. І мы бачым, што яны далятаюць ужо да Вільні, да аэрапорта».
Сьледчыя органы Літвы працягваюць гэтую справу, і міністар бачыць добрыя пэрспэктывы яе завяршэньня, бо гэта важна і для эканомікі Літвы. Бюджэт краіны губляе з-за кантрабанды амаль 100 мільёнаў эўра ў год, кажа ён, гэта вялікая сума — столькі складае, напрыклад, бюджэт памежнай службы Літвы. Зь іншага боку, бясьпека для грамадзянскай авіяцыі застаецца прыярытэтам і важным заданьнем для МУС Літвы.
35 літоўскіх кампаній ужо прапанавалі свае мэтады і тэхналёгіі выяўленьня і зьнішчэньня непажаданых дронаў і балёнаў.
«Сродак супраць іх будзе знойдзены, і ёсьць сёньня спэцыяльныя групы, каб спыніць гэтыя балёны. Але мяркую, што калі ня будзе эканамічнай выгады пасылаць гэтыя цыгарэты, якія рэалізуюцца ў Літве і іншых дзяржавах ЭЗ, ня будзе і гэтых балёнаў».
«Лукашэнка дзейнічаў як рэкецір»
Паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі беларускія мытнікі заблякавалі грузавыя машыны зь літоўскай рэгістрацыяй, якія засталіся на беларускай тэрыторыі. Цяпер больш за 1000 машын стаяць на спэцыяльных платных стаянках. Кіроўцы хвалююцца, некаторыя нават кажуць, што гатовыя пратэставаць.
На сёньня ў міністра Кандратовіча няма інфармацыі, што заплянаваныя рэальныя пратэсты.
«І я думаю, што гэта правільны крок перавозьнікаў, бо для іх мы адкрылі мяжу, каб гэтыя машыны паехалі ў Літву. Але з боку Лукашэнкі такой магчымасьці няма, ён закрыў мяжу і, як рэкецір, усе машыны ставіць на стаянку і патрабуе аплаты, якая зьяўляецца немалой — 120 эўра за адзін дзень, і гэта за машыну, а калі прычэп, то яшчэ 120 эўра.
Мы скарысталіся магчымасьцю праз працаўнікоў літоўскай памежнай службы зьвярнуцца да памежнай службы Беларусі з прапановай адкрыць мяжу для эвакуацыі гэтых машын у Літву. І два разы мы атрымалі адмоўны адказ, трэці раз ліст прыйшоў учора вечарам і там ёсьць прапанова з боку Беларусі весьці перамовы», — распавядае міністар.
«Мы гатовыя да перамоваў на тэхнічным узроўні, каб вырашаць праблемы комплексна — ня толькі тую, якая выгадная беларускаму боку, але і ўсе існуючыя пытаньні. Я лічу, што дээскаляцыя ўсё яшчэ магчымая», — заявіў 12 лістапада прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Ён расцаніў прапанову Менску аб перамовах як жаданьне пагаварыць аб зьняцьці санкцый:
«Я разумею сытуацыю вакол грузаперавозчыкаў — гэта няпроста, але я прашу іх зразумець сытуацыю, у якой мы знаходзімся. Мы сапраўды перажываем гібрыдную атаку, і мы ня можам проста назіраць і нічога не рабіць», — сказаў Наўседа.
Калі адкрыюць мяжу
Фармальна літоўска-беларуская мяжа закрытая да канца лістапада 2025 году. Гэтае рашэньне выклікала рэзкую рэакцыю ў Менску, але цалкам не спыніла паток паветраных балёнаў і мігрантаў зь беларускага боку.
Гаворачы пра крытэры для адкрыцьця мяжы ў канцы лістапада, міністар Кандратовіч сказаў Свабодзе:
«Мяркую, што на сустрэчы памежных службаў павінны стварыць канал, каб інфармацыя аб падзеях, зьвязаных з кантрабандыстамі, спыніла гэтую сытуацыю. Гэта зьяўляецца важным, каб такі тэхнічны дыялёг адбыўся. Я бачу, што крокі ў гэтым кірунку зробленыя. Перадача інфармацыі адбываецца можа крыху ня так, як хацелася б, але гэта ідзе. Мяркую, што гэта дазволіць 30 лістапада адкрыць мяжу. Ніхто ня кажа, што гэта немагчыма раней. 30-е чысло — гэта арыенцір. Але калі сытуацыя выправіцца і будзе ісьці нармальнымі крокамі, і гэтыя прычыны (і машыны, і балёны, і сытуацыя зь мігрантамі) пойдуць у нармальным кірунку, то і я мяркую, і прэм’ерка сказала ўчора, што ўрад можа прыняць рашэньне і да 30 чысла».
Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што сустрэча віцэ-міністраў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы 14 лістапада ў Друскеніках ёсьць важным элемэнтам дыскусіі.
«Я маю інфармацыю, што Польшча плянуе адкрыць 2 альбо 3 пункты перасячэньня мяжы зь Беларусьсю на наступным тыдні. Я гляджу на гэта як на сытуацыю, датычную цэлага рэгіёну».
Польскі ўрад раней адклаў адкрыцьцё дадатковых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю менавіта пасьля пачатку крызісу з балёнамі ў Літве.
Паводле міністра Кандратовіча, патрэбная агульная пазыцыя па адкрыцьці межаў і паляпшэньня руху паміж дзяржавамі, яе трэба рыхтаваць на ўзроўні цэлага рэгіёну — Літвы, Польшчы, Латвіі.
На пытаньне аб прагнозе, калі магчымае такое агульнае рашэньне ў рэгіёне, кіраўнік МУС Літвы адказаў:
«Як мы бачым, сытуацыя застаецца наэлектрызаванай, і былі крокі да эскаляцыі гэтай сытуацыі, таксама як і зьлітоўскімі фурамі, якім была закрытая магчымасьць выехаць у Літву. Гэта зьяўляецца эскаляцыяй. І я думаю, што мы павінны зразумець, што праз эскаляцыю гэтыя праблемы вырашаць Літва ня будзе — будзем вырашаць гэтыя праблемы праз дээскаляцыю сытуацыі. Як з кантрабанднымі балёнамі, гэтаксама з інструмэнталізаванай міграцыяй — нелегальнай міграцыяй, якая праводзіцца з боку Беларусі».
Агулам у міністра ўнутраных справаў Літвы Ўладзіслава Кандратовіча няма ўпэўненасьці, што закрыцьцё мяжы можа зьмяніць паводзіны Лукашэнкі, што Лукашэнка турбуецца, ці езьдзяць шараговыя беларусы ў Літву.
«Але я думаю, што для беларусаў трэба стварыць максымальныя магчымасьці бываць у Эўразьвязе. Аднак палітыка, якую праводзіць Лукашэнка, не заўжды спрыяе гэтай пазыцыі. Але гэта трэба зьмяняць».
Міграцыя як інструмэнт ціску
Апошнімі днямі літоўскія памежнікі не фіксуюць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі. Магчыма, паўплывала дажджлівае халоднае надвор’е, але нельга выключаць і спробы нармалізаваць сытуацыю зь беларускага боку, пагаджаецца міністар, але заклікае ацэньваць сытуацыю комплексна — ва ўсім рэгіёне, у тым ліку на межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй, дзе мігранты працягваюць свае спробы прарвацца ў Эўразьвяз.
Міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч паведаміў, што сёлета зафіксавалі больш спробаў нелегальна перасячы літоўскую мяжу зь Беларусі: у 2024 годзе было 1000, а сёлета ўжо 1300.
«Але агулам гэта на тым самым узроўні. У Польшчы і Латвіі фіксуюць рост, таму няправільна меркаваць толькі па літоўскай сытуацыі, трэба глядзець на цэлы рэгіён. Я мяркую, што ўлады Польшчы, у прыватнасьці польскі міністар унутраных спраў, зь якім я меў размову, разумее, што галоўным пытаньнем зьяўляецца нелегальная міграцыя».
Ці стаяць ЗША за рашэньнем Літвы
Аляксандар Лукашэнка на гэтым тыдні заявіў, нібы за дзеяньнямі Літвы па закрыцьці памежных пераходаў стаялі ЗША. Злучаныя Штаты сапраўды выпрабоўваюць новую палітыку адносна Беларусі: пры іх удзеле вызваляюцца палітвязьні, прызначаны спэцпасланьнік ЗША па Беларусі.
Аднак Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што палітыка ЗША на рашэньне Вільні адносна мяжы не паўплывала.
«Сытуацыя зьвязаная зь бясьпекай нашай грамадзянскай авіяцыі — гэта выклікала рашэньне. Але амэрыканцы зьяўляюцца нашымі партнэрамі, а мы — партнэры амэрыканцаў. Як і Польшча, як і Латвія. Агульная пазыцыя адносна Беларусі абмяркоўваецца сярод усіх гэтых дзяржаў. Наш міністар замежных спраў Кястуціс Будрыс нядаўна размаўляў на гэтую тэму зь дзяржаўным сакратаром ЗША. Але сказаць, што амэрыканцы стаяць за гэтым рашэньнем, нельга. Натуральна, што амэрыканцы маглі выказаць сваё пажаданьне Менску, каб сытуацыя з гэтымі балёнамі спынілася, гэта нармальна, бо мы партнэры. І Будрыс размову на гэтую тэму з ЗША вядзе, і ня толькі ўчора, і ня толькі з ЗША, але і з Эўракамісіяй».
Форум