Натальля Хадзямчук загінула пасьля расейскага ўдару па Кіеве 14 лістапада, які забіў сем чалавек. Яна была ўдавой работніка Чарнобыльскай АЭС Валерыя Хадзямчука, які стаў першай ахвярай аварыі на чацьвёртым энэргаблоку станцыі 26 красавіка 1986 году.
73-гадовая Натальля Хадзямчук памерла ў бальніцы, дзе лекары спрабавалі выратаваць ёй жыцьцё, паведамілі ў нядзелю ў эфіры ўкраінскага тэлемаратону.
У адным з дамоў, пашкоджаных ударам расейскай арміі, жывуць сем’і ліквідатараў і ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Хадзямчук была сярод іх. Паведамляецца, што расейскі бесьпілётнік урэзаўся ў дом, і ў кватэры, дзе жыла Хадзямчук, узьнік пажар. Яна была шпіталізавана зь цяжкімі апёкамі і памерла на наступны дзень.
Валерый Хадзямчук працаваў старшым апэратарам галоўнага цыркуляцыйнай помпы чацьвёртага энэргаблока Чарнобыльскай АЭС. Ён быў на дзяжурстве, калі адбылася найбуйнейшая ў гісторыі ядзерная катастрофа — выбух рэактара з магутным выкідам радыяцыі. Валерый Хадзямчук зьнік без вестак. Верагодна, ён памёр адразу ў момант выбуху, а яго цела засталося пад абломкамі канструкцый падарванага энэргаблока. Яго так і не знайшлі, любая ратавальная апэрацыя была немагчымая праз пажар і радыяцыю.
Форум