Паводле рашэньня суду ўдзельнікі традыцыйнага ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы мусяць заплаціць 3430 рублёў (140 базавых велічыняў) штрафаў.
Адміністрацыйныя справы кожнага з актывістаў паасобку разглядаліся ў судзе Сьвіслацкага раёну больш за месяц.
Штрафы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі атрымалі восем чалавек:
- Віктар Пяцельчыц — 245 рублёў,
- Ігар Банцар, Сяргей Верамеенка, Віктар Сазонаў, Уладзімер Хільмановіч — па 367,5 рубля,
- Ежы Грыгенча — 490 рублёў,
- Юры Глебік, Мікалай Салянік — па 612,5 рубля.
Віктар Сазонаў і Ўладзімер Хільмановіч — горадзенскія праваабаронцы. Яны зладзілі на акцыі экспэрымэнт. Сазонаў назіраў з боку за акцыяй, Хільмановіч быў адным з актыўных ейных удзельнікаў. Аднак штрафы яны атрымалі аднолькавыя.
«Гэта быў наш экспэрымэнт, каб паказаць усю нікчэмнасьць судовай сыстэмы. Што за саму прысутнасьць і імя цябе могуць засудзіць», — сказаў Свабодзе Ўладзімер Хільмановіч.
Актывісты будуць абскарджваць рашэньне суду.
27 кастрычніка жыхары Горадні і Сьвіслачы ўшанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага ў горадзе Сьвіслач і вёсцы Якушоўка Горадзенскай вобласьці.
На акцыю сабралася каля 20 чалавек. Яны ўсклалі кветкі і паставілі зьнічы на магіле Віктара Каліноўскага, брата Кастуся Каліноўскага, і мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка, які раней апекаваўся пахаваньнямі паўстанцаў.