Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскае ваеннае становішча: што з самалётамі і цягнікамі зь Беларусі?


Свабода высьветліла, як паўплывала ваеннае становішча ў 10 абласьцях Украіны, якое ўводзіцца з 28 лістапада, на транспартнае злучэньне зь Беларусьсю.

5 рэйсаў зь Менску ў Кіеў

«Самалёты „Белавія“ па-ранейшаму лятаюць ва Ўкраіну, ніводзін рэйс не адменены», — адказалі Свабодзе ў кампаніі «Белавія» і пералічылі авіярэйсы зь Менску туды, дзе з 28 лістапада ўводзіцца ваеннае становішча.

«У Адэсу наш самалёт лятае штодня, зьменаў няма, тое самае і адносна Харкава. Рэйсы штодзённыя, акрамя суботы. У Кіеў таксама як было 5 рэйсаў на дзень, гэтак і застаецца».

Пры гэтым ня ўсім пасажырам «Белавія» ўдаецца трапіць у Кіеў, нават калі яны ўжо прыляцелі зь Менску ў аэрапорт украінскай сталіцы. Увечары 26 лістапада памежнікі Ўкраіны не пусьцілі ў сваю краіну каля 30 расейцаў, якія прыбылі ў Кіеў (аэрапорт Жуляны) рэйсамі «Белавія». Авіякампанія мусіла адправіць расейцаў назад у Менск.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі гэтую інфармацыю пацьвердзілі. Прадстаўнік камітэту Антон Бычкоўскі паведаміў, што ўсяго гэтак было вернута каля 50 чалавек з чатырох рэйсаў «Белавія» ў Кіеў. Паводле Антона Бычкоўскага, у беларускіх памежнікаў пытаньняў да расейцаў на вылеце не ўзьнікала.

Паводле прадстаўніка прэсавага цэнтру Памежнай службы Ўкраіны, дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў не зьвязаныя з увядзеньнем ваеннага становішча ў 10 абласьцях Украіны:

«Ваеннае становішча будзе абвешчана толькі з заўтрашняга дня. Цяпер мы рыхтуем дакумэнты, якія вызначаць дзеяньні нашых падразьдзяленьняў на ўсіх участках мяжы пасьля ўвядзеньня асаблівага прававога рэжыму. Пакуль мы працуем у звычайным рэжыме».

Бязь зьменаў ходзяць празь беларуска-ўкраінскую мяжу і цягнікі. «Ад кампаніі „Укрзалізниця“ не было інфармацыі пра зьмены ва ўмовах і арганізацыі перавозак пасажыраў і грузаў на шляхах з Украінай, уключаючы і вобласьці, дзе ўведзенае ваеннае становішча. У дадзены час перавозка пасажыраў і грузаў паміж чыгуначнымі адміністрацыямі праходзіць у штатным рэжыме», — сказалі Свабодзе ў прэсавым цэнтры Беларускай чыгункі. Пра зьмены ў раскладзе на бліжэйшыя дні інфармацыі няма.

Беларускія памежнікі і армія не ўзмацняліся

Прадстаўнік Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі распавёў пра тое, як ахоўваецца беларуска-ўкраінская мяжа ў сувязі з увядзеньнем у асобных абласьцях Украіны ваеннага становішча.

«Цяпер усе беларускія памежнікі на дзяржаўнай мяжы з Украінай нясуць сваю службу ў штодзённым рэжыме, дадатковых захадаў па ўзмацненьні ня ўводзілася», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту.

У Міністэрстве абароны Беларусі Свабодзе сказалі, што там таксама не рабілі адмысловых захадаў у сувязі з увядзеньнем ваеннага становішча ў шэрагу абласьцей Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG