Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг папярэдзіў Расею аб «наступствах», пасьля таго як расейская берагавая ахова адкрыла агонь і захапіла ўкраінскія караблі, параніўшы маракоў.
Інцыдэнт прывёў да ўзмацненьня напружанасьці.
Выступаючы пасьля экстранай нарады прадстаўнікоў краін NATO і Ўкраіны, на якім ён старшыняваў, Енс Столтэнбэрг заявіў, што «Расея павінна зразумець, што яе дзеяньні не застануцца без наступстваў», паведамляе «Голас Амэрыкі» .
Ён не ўдакладніў, якія могуць быць гэтыя наступствы, але нагадаў, што ў апошнія гады NATO пачало найбуйнейшае нарошчваньне сваёй вайсковай моцы ва Ўсходняй Эўропе з часоў «халоднай вайны» ў адказ на расейскую анэксію Крыму ў 2014 годзе.
Па словах Столтэнбэрга, дзеяньні Расеі «ўзмацняюць напружанасьць у рэгіёне».
Назваўшы нядзельны інцыдэнт «сур’ёзным», Столтэнбэрг таксама падкрэсьліў важнасьць «работы з мэтай дээскаляцыі, дзеля спакою і стрыманасьці».
У тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, Столтэнбэрг запэўніў яго ў «поўнай падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны» з боку альянсу.
Генэральны сакратар NATO паведаміў, што прэзыдэнт Украіны запэўніў яго, што ў выпадку ўвядзеньня ваеннага становішча ў краіне, яно не паўплывае нэгатыўна на прэзыдэнцкія выбары, заплянаваныя на наступны год.
Паводле Сталтэнбэрга, Парашэнка запэўніў, што «ўвядзеньне ваеннага становішча не перашкодзіць працы дэмакратычных інстытутаў» ва Ўкраіне.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.