Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: «Справа прэс-сакратаркі АГП — палітычная, у іншых выпадках да высылкі не даходзіць»


Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, грамадзянку Расеі Ганну Красуліну абавязалі выехаць зь Беларусі да 30 лістапада — «у інтарэсах грамадзкага парадку». Тэрмін высылкі — 1 год. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, прычынай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні з боку асобы, якая мае від на жыхарства ў Беларусі.

Воўчак: Міграцыйныя службы ідуць на саступкі — калі гаворка ня тычыцца актывістаў

Алег Воўчак
Алег Воўчак

Кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак кажа, што нярэдка сутыкаецца з замежнікамі, якім пагражае высылка нават за нязначнае адміністрацыйнае парушэньне — гэта прапісана ў юрыдычных нарматывах віду на жыхарства.

Аднак у выпадку з Ганнай Красулінай, на яго перакананьне, прычына ляжыць у палітычнай плоскасьці.

«Ёсьць інструкцыя МУС для тых, хто атрымлівае від на жыхарства, — тлумачыць ён. — Асобаў зь іншым грамадзянствам папярэджваюць, што трэба паважаць Канстытуцыю, выконваць законы. Таксама ставіцца ўмова, што ў выпадку прыцягненьня да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці зьяўляюцца падставы ўзьняць пытаньне аб высылцы ці дэпартацыі. І ня важна, на чырвоны сьвятлафор перайшоў, ці ў пікеце стаяў. Цягам году пратакольнае парушэньне — ужо падстава. Дакладна як было ў выпадку з праваабаронцай Аленай Танкачовай».

Паводле суразмоўцы, кожнаму, над кім навісла пагроза высылкі, даецца магчымасьць абскардзіць рашэньне ў законным парадку. І, як ведае Алег Воўчак з уласнага досьведу, прынамсі паспрабаваць скарыстацца такім правам варта.

Некалькі яго кліентаў пасьля адміністрацыйных парушэньняў апыналіся ў аналягічнай сытуацыі. Аднак пасьля разгляду пісьмовых тлумачэньняў з аргумэнтаваньнем, што правапарушэньне не было наўмысным, а сам чалавек станоўча характарызуецца па працы і месцы жыхарства, службовыя асобы дэпартамэнтаў міграцыі закрывалі справы, а від на жыхарства падаўжаўся.

«У нашым выпадку падаплёка палітычная, — лічыць Алег Воўчак. — Ганна Красуліна — актыўная ўдзельніца АГП і грамадзка-палітычных кампаній, крытыкуе ўладу, стаіць у пікетах. Зручная падстава нэўтралізаваць. Танкачова пасьля трох гадоў пакараньня вярнулася, але ў такім жа небясьпечным стане: дастаткова перавысіць хуткасьць ці ня там перайсьці дарогу — гісторыя паўторыцца. Па вялікім рахунку, казаць, што штучна нацягнута — не. Так запісана ў інструкцыі. Але шмат залежыць ад волі канкрэтнага начальніка, які пры атрыманьні дастатковых аргумэнтаў можа пайсьці на саступку».

Паводле Ганны Красулінай, у аддзеле грамадзянства і міграцыі Маскоўскага раёну Менску ёй сказалі, што могуць скараціць высылку да трох месяцаў, калі яна ня будзе абскарджваць рашэньне. Там жа негалосна паведамілі, што рашэньне прынятае «на загад зьверху».

Танкачова: Гэта не з Красулінай штосьці ня так, а зь цяперашняй сыстэмай

Праваабаронцу Алену Танкачову, таксама грамадзянку Расеі, у 2014-м беларускія ўлады пазбавілі віду на жыхарства і выслалі на 3 гады. Да таго яна больш за 30 гадоў пражыла ў Беларусі. Афіцыйная падстава — штрафы за перавышэньне хуткасьці. Сёлета Алена Танкачова вярнулася і атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

«У дакумэнтах, якімі суправаджаецца рашэньне аб высылцы Ганны Красулінай, ёсьць спасылка на нейкі дакумэнт для службовага карыстаньня, які быў атрыманы міграцыйнымі службамі. Як яны пішуць, у інтарэсах грамадзянскага парадку ажыцьцяўляецца высылка на падставе высноў і ацэнак нейкіх службаў, доступу да інфармацыі якіх нават для судовага абскарджваньня ў Красулінай няма», — кажа Алена Танкачова.

Што тычыцца самой Танкачовай, то ні яна, ні яе абаронцы так і не атрымалі доступу да дакумэнтаў для службовага карыстаньня — адпаведна, таксама не маглі да канца зразумець, які ж орган правапарадку пастанавіў выслаць яе за межы Рэспублікі Беларусь.

У выпадку з Ганнай Красулінай відавочная яе актыўнасьць, зьвязаная з працай у партыйнай структуры — яна шмат гадоў ужо за прэсавага сакратара, гэта заўважная фігура, мяркуе Алена Танкачова.

«У дакумэнтах аб высылцы пазначаныя тры юрыдычныя казусы. Два разы — удзел у несанкцыянаваных масавых акцыях. Пры гэтым мы разумеем, што пазыцыя Красулінай у АГП — прэс-сакратар, то бок асьвятленьне падзеяў. На жаль, ніхто не спрабаваў разьбірацца з гэтымі акалічнасьцямі, — кажа Танкачова. — На сёньня органы міграцыі павінны разглядаць толькі тыя акалічнасьці, якія не пагашаныя тэрмінам альбо тым, што называецца адказнасьцю. У Ганны штрафы сплочаныя, скончыўся аднагадовы тэрмін. І я б не расцэньвала гэта як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, бо роля Красулінай там была менавіта як прэс-сакратара».

Што тычыцца штрафу за безьбілетны праезд, гэта наагул нонсэнс, перакананая праваабаронца. Яна пажартавала: калі лічыць гэта парушэньнем грамадзкага парадку і да беларускіх грамадзянаў прымяняць падобныя захады адказнасьці, у краіне амаль нікога не засталося б.

Што да пэрспэктываў і прагнозаў, то ў самой Алены Танкачовай абскарджваньне рашэньня аб высылцы праз суды і іншыя інстанцыі заняло каля 6 месяцаў і ня скончылася пазытыўна — нягледзячы на добрыя юрыдычныя шанцы дамагчыся адмены ў судовых інстанцыях. Тым ня менш яна спадзяецца, што Ганна Красуліна таксама пойдзе гэтым шляхам.

«Усе стадыі абскарджваньня неабходна прайсьці. Будзем спадзявацца, што суд дасьць ацэнку непрапарцыйнасьці прынятага рашэньня аб высылцы. Мярзотна, што тыя, хто пісаў дакумэнт для службовага карыстаньня, дачакаліся, пакуль малодшаму сыну Красулінай споўніцца 18 гадоў, бо высылка зь непаўналетнім дзіцем была б ужо зусім езуіцкай. Тым больш, жанчына шмат гадоў жыве ў краіне, яна ў шлюбе, мае дзяцей, перавезла ў Беларусь сваіх старых бацькоў.

У яе ёсьць прычыны асабістага пляну, якія зьяўляюцца істотнай перашкодай, каб некуды зьяжджаць і знаходзіцца далёка ад сям’і. Я жадаю Ганьне толькі цярпеньня і каб чарговая неправавая бязглузьдзіца хутчэй скончылася. І проціпастаўляць гэтаму трэба яснае разуменьне: ня з Ганнай Красулінай штосьці ня так, а з гэтай сыстэмай».

Пастанова аб высылцы, якую Ганне Красулінай уручылі ў аддзеле міграцыі Маскоўскага раёну Менску, адсылае да ч. 1 артыкула 65 закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь». Рашэньне матываванае «інтарэсамі грамадзкага парадку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG