Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганну Красуліну высылаюць зь Беларусі «ў інтарэсах грамадзкага парадку». ВІДЭА


Мікалай Казлоў, Ганна Красуліна, Анатоль Лябедзька падчас прэс-канфэрэнцыі
Мікалай Казлоў, Ганна Красуліна, Анатоль Лябедзька падчас прэс-канфэрэнцыі

Падчас прэс-канфэрэнцыі 14 лістапада Ганна Красуліна паведаміла, што даведалася пра высылку 13 лістапада ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Менску. Там ёй негалосна паведамілі, што рашэньне аб высылцы прынятае «на загад зьверху».

Ва УУС Маскоўскага раёну, куды Красуліну скіравалі пасьля, ёй зачыталі дакумэнт, паводле якога «2.11.2018 на адрас Маскоўскага РУУС паступіла паведамленьне за нумарам 916 ДСП». Паводле яго, як сьцьвярджае Міністэства ўнутраных спраў Беларусі, прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  • 2016 год — дазволены пікет па збору подпісаў падчас выбарчай кампаніі;
  • 2017 год — несанкцыяванае масавае мерапрыемства, калі Красуліна сустракала зь ізалятару затрыманых пасьля Дня Волі-2017 году. Штраф за "несанкцыяваную акцыю" Красуліна сплаціла своечасова;
  • Сакавік 2018 — сплачаны на месьце штраф за неаплачаны праезд у грамадзкім транспарце.
Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

«Указаныя абставіны ў адпаведнасьці з ч. 1 артыкулу 65, а таксама арт. 66 і 67 Закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» ёсьць падставай для прыняцьця ў адносінах да Красулінай рашэньня пра высылку «у інтарэсах грамадзкага парадку», — сказана ў дакумэнце, які зачыталі Красулінай.

Красуліна абавязана зьехаць зь Беларусі да 30 лістапада. Тэрмін высылкі: 1 год. Паводле Красулінай, у аддзеле грамадзянства і міграцыі ёй сказалі, што могуць скараціць высылку да 3-х месяцаў, калі прэс-сакратарка ня будзе абскаржваць рашэньне.

Пашпарт Ганны Красулінай
Пашпарт Ганны Красулінай

У АГП сьцьвярджаюць, што матывы рашэньня палітычныя.

Красуліна заявіла, што будзе абскарджваць рашэньне міграцыйнай службе ў судзе.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна працуе прэсавай сакратаркай АГП з 2011 году. Падчас выбарчай кампані 2006 году распрацоўвала інфармацыйныя матэрыялы для кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, у 2010 годзе — для Яраслава Раманчука.

Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

«Усе сувязі з Расеяй для мяне амаль абарваліся», — сказала Красуліна.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і выслалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову (яна грамадзянка Расеі, жыве ў Беларусі 30 гадоў, з маленства). Афіцыйная падстава — штрафы за перавышэньне хуткасьці. Праваабарончая супольнасьць лічыць высылку Алены Танкачовай помстай за яе прафэсійную дзейнасьць. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна выслалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м выслалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь. Рамашэўскую, калі яна прыляцела ў Менск, ня выпусьцілі з аэрапорту і адправілі авіярэйсам у Варшаву, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG