Да аднаўленьня літоўскім бокам руху праз пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі» перамяшчэньне грузавікоў на літоўскай рэгістрацыі праз беларускую мяжу ажыцьцяўляцца ня будзе, заявілі ў Мытным камітэце Беларусі.
Там удакладнікі, што звыш 1100 грузавікоў, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі, будуць знаходзіцца на спэцыяльна абсталяваных для гэтых мэтаў стаянках паблізу беларускіх пунктаў пропуску «Каменны Лог», «Беняконі», «Бераставіца», «Катлоўка».
Ужо на гэтых пляцоўках разьмясьцілі 800 літоўскіх грузавікоў:
- «Бераставіца» — 350;
- «Беняконі» — 160;
- «Катлоўка» — 220;
- «Каменны Лог» — 70.
Кіроўцы, якія выканалі патрабаваньні мытных органаў Беларусі па перамяшчэньні транспартных сродкаў, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі, пішуць мытнікі.
У Літве раней заявілі, што зноў зьвернуцца да Беларусі, «на больш высокім узроўні», каб іх заблякаваныя фуры змаглі вярнуцца.
Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦКК) Вілмантас Віткаўскас.
«Было прынятае рашэньне, што мы паўторна зьвернемся да беларускіх ведамстваў на больш высокім узроўні — на ўзроўні вярхоўнага ўпаўнаважанага па мяжы — з просьбай аб адкрыцьці двух пунктаў памежнага кантролю для эвакуацыйнага калідора ў абодвух напрамках — Меднікі і Салечнікі», — паведаміў Віткаўскас літоўскім журналістам.
Міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч раней заяўляў, што на мяжы маглі затрымацца больш за тысячу зарэгістраваных у Літве грузавікоў, а асацыяцыя перавозчыкаў Linava паведамляла аб 5 тысячах грузавікоў, якія затрымаліся. Віткаўскас паведаміў, што НЦКК зарэгістраваў каля 500 такіх транспартных сродкаў, зьвесткі былі атрыманыя ад 57 транспартных кампаній.
Паводле Віткаўскаса, літоўскія ўлады зьвярнуліся і ў Эўрапейскую камісію, каб весьці размову яд ейнага імя весьці размову «з рэжымам Лукашэнкі наконт магчымых кампэнсацый».
10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, колькасьць фураў «1100 ці 1200». А кіроўцаў — «1100 ці 1500».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам.
31 кастрычніка ўлады Беларусі забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
А 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.