Сайт экс-палітвязьня Сяргея Ціханоўскага прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэньне 5 лістапада прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску. Ідзецца пра сайт tihanovski.com, а таксама ўсе сацыяльныя сеткі праекту — старонкі і каналы ў Фэйсбуку, Х, Instagram, YouTube і Telegram. На сваім сайце Ціханоўскі публікуе навіны, анонсы сустрэчаў і выступаў і г.д., паведаміла «Мэдыязона».
Раней, у канцы кастрычніка, суд у Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім» акаўнт Ціханоўскага ў TikTok.
Хто такі Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцьця», былы палітвязень, муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая брала ўдзел у выбарах 2020 году.
Улады Беларусі пачалі яго перасьледаваць, калі ён у 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі супраць Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК Беларусі адмовіў Ціханоўскаму ў рэгістрацыі, а беларускія сілавікі неўзабаве затрымалі яго нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (беспарадкамі прызналі збор подпісаў у падтрымку Ціханоўскага).
У сьнежні 2021 году, пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў, Ціханоўскага пакаралі на 18 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «перашкодзе працы ЦВК», а таксама «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У турме ў Беларусі яго трымалі ў цяжкіх умовах бяз сувязі з сваякамі. Ягоную жонку, Сьвятлану Ціханоўскую, пасьля выбараў прымусілі зьехаць з краіны.
21 чэрвеня 2025 году Ціханоўскі быў вызвалены разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам. Яго, як і астатніх вызваленых палітвязьняў, выслалі зь Беларусі.
Форум