Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абвясьціў распродаж «домікаў на сяле», у якія ўклаў мільярды, — магчымыя зьніжкі да адной базавай


Аднатыпныя дамы ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна. Архіўнае фота
Аднатыпныя дамы ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб удасканаленьні парадку продажу сельскагаспадарчымі арганізацыямі жылых памяшканьняў».

«Сельскагаспадарчым арганізацыям-уласнікам пустога жыльля пры продажы яго на аўкцыёне будзе дазволена зьніжаць пачатковую цану жылых памяшканьняў пры правядзеньні паўторных таргоў на 50 працэнтаў, наступных — на 80 працэнтаў». Цяпер кожны наступны аўкцыён цана зьніжаецца на 10 працэнтаў ад пачатковай.

«У выпадку, калі аўкцыён па продажы, праведзены з паніжэньнем пачатковай цаны на 80%, не адбыўся, такія жылыя памяшканьні можна будзе прадаваць за адну базавую велічыню», — піша набліжаны да Лукашэнкі тэлеграм-канал. «Пул першага». Яна складае на сёньня 42 рублі.

Праграма «Пяць домікаў на сяле», абвешчаная Лукашэнкам у 2000-я, каб адрадзіць вёску, прывяла да будаўніцтва многіх дамоў у сельскай мясцовасьці, якія так і засталіся пустымі.

У 2004 годзе Лукашэнка прапанаваў пяцігадовую праграму адраджэньня вёскі, а ў 2005 пачаў яе рэалізоўваць.

«Навізна падыходу тут заключаецца ў тым, што знойдзены ключ да комплекснага вырашэньня цэлага блёка праблем: сельскія населеныя пункты будуць пераўтварацца ў добраўпарадкаваныя аграгарадкі. Менавіта яны мусяць стаць актыўнымі праваднікамі новых тэхналёгій і высокіх сацыяльных стандартаў. Вакол іх будзе канцэнтравацца буйнатаварная аграрная вытворчасьць.

А самі аграгарадкі стануць цэнтрамі ўсяго сельскага жыцьця і здабудуць прывабнае аблічча: тут будзе забясьпечана асноўная інфраструктура як у невялікім горадзе нашай краіны — школы, мэдыцынскія ўстановы, клюбы. Важным кампанэнтам Праграмы стане працяг работы па будаўніцтве пяці дамоў у кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве рэспублікі», — пісала прэс-служба Лукашэнкі па выніках аднаго з абмеркаваньняў праграмы ў 2004 годзе.

А ў самы распал такога будаўніцтва, у 2006 годзе, прэс-служба Лукашэнкі пісала:

«У 2005 годзе ў вёсцы плянуецца здаць у эксплуатацыю 9 тыс. жылых дамоў. З іх у першым паўгодзьдзі — 4 тыс». Паведамлялася, што працэс знаходзіўся пад «жорсткім кантролем Лукашэнкі».

Тады ж Аляксандр Лукашэнка наракаў, што дамы ўзводзяцца няякасна, без уліку асаблівасьцей сельскага жыцьця і патрэбнасьцей будучых гаспадароў.

«Сродкі проста транжырацца, чаго нельга дапускаць. Мы пабудуем помнік безгаспадарчасьці, калі будзем ісьці гэтым шляхам», — сказаў ён.

Тады Лукашэнка заўважыў, што замест заплянаваных 18-20 тысяч даляраў ЗША кошт дамоў для вяскоўцаў часта перавышае 30 тысяч. А ў цэлым на праграму адраджэньня вёскі Беларусь выдаткоўвала 1 млрд. даляраў на год.

Але ўжо праз 10 гадоў, у 2015 годзе, афіцыйная газэта «Советская Белоруссия» пісала, што на Горадзеншчыне стаяць пустымі 700 кватэраў і дамоў, пабудаваных па праграме дзяржаўнай падтрымкі. Некаторыя зь іх прыведзеныя ў нездавальняючы стан, а ў іншыя так і не прыехалі жыхары — яны былі пабудаваныя ў месцах, дзе адсутнічаюць элемэнтарныя жыцьцёвыя выгоды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG