Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак-небазнаўца. Гісторыя вяртаньня і ўшанаваньня Язэпа Драздовіча


Бюст Язэпа Драздовіча на Алеі славутых землякоў у Глыбокім
Бюст Язэпа Драздовіча на Алеі славутых землякоў у Глыбокім

13 красавіка адзначаецца 130 год з дня нараджэньня вандроўнага народнага мастака Язэпа Драздовіча, памяць пра якога вярнулася ў першыя гады незалежнасьці Беларусі.

У CССР такога мастака ня ведалі і ня згадвалі пра даробак Язэпа Драздовіча ў розных галінах навукі і мастацтва, у жывапісе, графіцы, скульптуры, у этнаграфіі, археалёгіі.

Забытымі былі б і яго астранамічныя досьледы, і літаратурная творчасьць, і знакамітыя маляваныя дываны, каб у часы перабудовы і першыя гады беларускай незалежнасьці не знайшліся неабыякавыя людзі, якія вярнулі гэтае імя Беларусі.

Язэп Драздовіч. З сэрыі «Жыцьцё на Месяцы»
Язэп Драздовіч. З сэрыі «Жыцьцё на Месяцы»

Драздовіч меў мноства заняткаў

Язэп Драздовіч нарадзіўся ў Дзісенскім павеце, атрымаў мастацкую адукацыю ў Вільні, працаваў у «Нашай Ніве». Трапіў на вайсковую службу ў Саратаў, скончыў фэльчарскія курсы, ледзьве не памёр ад брушнога тыфусу. У 1917-м вярнуўся на радзіму, у 1919-м пераехаў у Менск, дзе выкладаў маляваньне, зрабіў сэрыю замалёвак гістарычных раёнаў гораду, дасьледаваў рэчышча Нямігі, выяжджаў на раскопкі ў Заслаўе і Сьвір, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры, арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка».

У 1921 годзе Драздовіч пераяжджае на родную Дзісеншчыну, стварае беларускую школу, некалькі бібліятэк і мастацкіх суполак, зьбірае фальклёр і спрабуе займацца літаратурнай дзейнасьцю. Але няўрымсьлівая натура не дазваляе доўга затрымацца на адным месцы: Драздовіч выяжджае ў этнаграфічныя экспэдыцыі, працуе то ў Менску, то ў Вільні, то ў Беластоку — і марыць пра касьмічныя падарожжы. Ён выдае першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі» з уласнымі ілюстрацыямі, стварае тры сэрыі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў — «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».

Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт
Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт

«Праз кожныя тры гады што-небудзь новае пачну. Праз усё жыцьцё маё так. Тры гады быў пастухом у падурослыя леты, тры гады патраціў на мастацкую школу і агульнае разьвіцьцё, тры гады служыў у салдатах, тры гады аддаваўся грамадзкай працы ды пісаў як пісьменьнік. І вось ужо трэці год як вандроўны народны мастак», — пісаў Драздовіч у дзёньніку, яшчэ ня ведаючы, што апошні занятак стане галоўнай справай на рэшту жыцьця.

Астраномію, маляваньне і гісторыю ён выкладае і па вяртаньні на радзіму ў 1939-м. Настаўніцтва Драздовіча перапыніла вайна, і з тае пары асноўны заробак яму прыносіць праца вандроўнага мастака. Малюючы дываны для аздабленьня сялянскіх хат, ён завяршае манаграфію «Тэорыя рухаў у касмалягічным значэньні». І застаецца ў апошніх успамінах сучасьнікаў чалавекам ня з гэтага сьвету — геніем і бажаволкам адначасова.

Як Ада Райчонак расказвала прафэсарам пра Драздовіча

На Віцебшчыне, у мястэчку Германавічы, больш за 20 год існуе Культурна-адукацыйны цэнтар імя Язэпа Драздовіча. Яго стваральніца — вядомая актывістка Ада Райчонак. Сёньня ёй ужо за 80, і больш як 20 гадоў свайго жыцьця яна займаецца краязнаўствам і ўшанаваньнем памяці знакамітага мастака-вандроўніка.

Ада Райчонак, архіўнае фота
Ада Райчонак, архіўнае фота

Гэтую справу Ада Райчонак распачала разам з сынам Міхасём, які памёр у маладым веку. Працяг аказаўся вельмі плённы: Ада Райчонак правяла больш за дваццаць «Драздовіцкіх» мастацкіх пленэраў, сабрала цэлую калекцыю твораў Язэпа Драздовіча і зладзіла дзясяткі выставаў. Паводле яе словаў, пра незвычайнага ўраджэнца гэтых краёў яна даведалася ад мастака Алеся Марачкіна, які пачуў імя Язэпа Драздовіча ад менскіх калегаў і таксама стаў вялікім аматарам і папулярызатарам ягонай творчасьці.

«Калі мы заняліся гэтай тэмай, я паехала ў віцебскі інстытут на мастацка-графічны факультэт. І там выкладчыкі, прафэсары нават ня ведалі, хто такі Язэп Драздовіч! Гэта я ім распавядала пра яго», — кажа Ада Райчонак у аматарскім фільме глыбачаніна Яўгена Самсонава «Я вас помню, а вы ўспамянеце, можа».

Як ушанавалі народнага мастака

У Савецкім Саюзе творчая спадчына Язэпа Драздовіча ігнаравалася, бо ягонае мастацтва не стасавалася з мэтадам «сацыялістычнага рэалізму», а лад жыцьця вандроўнага мастака не адпавядаў вобразу будаўніка камунізму.

Першай афіцыйнай згадкай пра Язэпа Драздовіча стала выдадзеная ў 1984 годзе кніга «Вечны вандроўнік» фальклярыста і этнографа Арсеня Ліса.

У 1993 годзе ў Менску зьявіўся помнік Драздовічу пад такой самай назвай, да стварэньня якога спрычынілася і Ада Райчонак.

Помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесьці ў Менску. Фота ©Shutterstock
Помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесьці ў Менску. Фота ©Shutterstock

«Я пазнаёмілася са студэнтам мастацкай акадэміі Ігарам Голубевым. Мы зь ім хадзілі па вёсках, зьбіралі матэрыял, і ён зрабіў тую скульптуру — гэта была ягоная дыплёмная праца. Яна была з плястыліну, і я 7 разоў езьдзіла да рэктара, прасіла, каб яе не зьнішчалі! Марыла, каб паставілі яе ў мэтале. На гэта трэба было 2 тысячы даляраў. Сельсавет абяцаў даць тысячу, калгас абяцаў даць тысячу, але абяцанкі-цацанкі зацягнулі, і яна стала ўжо каштаваць і 12 тысяч, а потым і 37 тысяч! Я прасіла падтрымкі, дзе толькі магла, і толькі дзякуючы во гэтай падтрымцы беларусаў грошы сабралі!» — згадвае Райчонак.

Маляваны дыван Язэпа Драздовіча сустрэў у адным са сваіх падарожжаў Зьміцер Бартосік
Маляваны дыван Язэпа Драздовіча сустрэў у адным са сваіх падарожжаў Зьміцер Бартосік

Вобраз вандроўнага мастака Драздовіча стаў пазнавальны. Ягоныя дываны з фантастычнымі зьвярамі ды кветкамі былі ў многіх хатах на Шаркоўшчыне ды Глыбоччыне, якія мастак схадзіў пехатою, малюючы за сымбалічную плату ці проста за начлег. Дзякуючы Адзе Райчонак арыгінальныя творы мастака можна ўбачыць сёньня ў Германавіцкім музэі культуры і быту.

Імя Язэпа Драздовіча вярнулася зь небыцьця. Апрача помніка 1993 году ў Менску, бюст мастака быў усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім, якая адкрылася ў 2012 годзе. Сёлета, да 130-х угодкаў мастака, у Глыбоцкім раёне зьявіўся яшчэ адзін памятны знак — на месцы былога засьценка Пунькі, дзе 13 кастрычніка 1888 году нарадзіўся мастак.

Магіла мастака — каштоўнасьць мясцовага значэньня

Памёр Язэп Драздовіч увосень 1954 году. Зьняможанага, хворага 66-гадовага вандроўніка знайшлі на дарозе. Яго адвезьлі ў Падсьвільскі шпіталь, дзе 15 верасьня ён памёр, не прыйшоўшы ў прытомнасьць.

Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляны Глыбоцкага раёну. На магіле помнік, пастаўлены за ўласныя сродкі прыхільнікамі ягонага таленту. Сёлета ў верасьні месца апошняга спачыну славутага земляка прызналі гістарычна-культурнай каштоўнасьцю мясцовага значэньня.

Месца пахаваньня Язэпа Драздовіча
Месца пахаваньня Язэпа Драздовіча

На помніку-камені з барэльефным партрэтам работы скульптара Алеся Шатэрніка — толькі даты жыцьця і два словы: Язэп Драздовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG