«Усяго два месяцы таму Аляксандар Лукашэнка гуляў у мяч з талісманам чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі. Цяпер беларускі прэзыдэнт вырашыў згуляць у зусім іншую гульню» — так пачаў свой матэрыял пра затрыманьні рэдактарак парталу Tut.by польскі інфармацыйны тэлеканал TVN24.
«Улады Беларусі затрымалі ня менш за 18 журналістаў, абвінаваціўшы іх у незаконным атрыманьні інфармацыі з інфармацыйнага агенцтва… і выклікаўшы боязь, што пачынаецца падаўленьне іншадумства» — напісаў карэспандэнт The New York Times.
«Паводле беларускіх незалежных журналістаў, акцыя міліцыі зьяўляецца папярэджаньнем для СМІ, якія не знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем» — адзначыла чэскае інтэрнэтнае радыё iRozhlas.
Абапіраючыся на паведамленьні сусьветных прэс-агенцтваў, матэрыялы пра ператрусы і затрыманьні незалежных журналістаў у Беларусі зьмясьцілі швэдзкія СМІ, у тым ліку газэта Dagens Nyheter і Швэдзкае радыё.
Матэрыялы пра ператрусы і затрыманьні ў сувязі са «справай «БелТА» зьмясьцілі таксама BBC і Deutsche Welle.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.