Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнага гандлю ў Беларусі засталося ня болей за 9%


Крама ў Друі, архіўнае фота
Крама ў Друі, архіўнае фота

На сёньня доля дзяржаўнай уласнасьці ў гандлі Беларусі скарацілася да 8-9%.

Такую лічбу назваў першы намесьнік міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі Артур Карповіч.

Кожная дзясятая інтэрнэт-крама не старэйшая за паўгода

Цяпер у Беларусі дзейнічае 17 тысяч інтэрнэт-крамаў. Зь іх 1800 зарэгіставана за першыя 6 месяцаў 2018 году.

Гэта вынік таго, што гандаль у Беларусі ўсё болей становіцца прыватным, а прыватнікі актыўна ўкараняюць новыя формы, у тым ліку і гандаль праз інтэрнэт.

Першы намесьнік міністра сказаў, што за першыя паўгода 2018 году аптовы таваразварот у Беларусі склаў 44 мільярды рублёў, гэта рост на 7% у параўнаньні зь мінулым годам:

«Будуць грошы — будзе і актыўны гандаль, — разважае Карповіч. — Мы прааналізавалі, адкуль узяліся грошы ў насельніцтва на большыя закупы. І пабачылі тры асноўныя прычыны: рост заробкаў, павелічэньне выдадзеных крэдытаў і актыўны абмен валюты насельніцтвам на рублі».

Расея правалілася на кітайскім анлайн-рынку. Беларусь нават не спрабавала

Цэны на цукар будуць рэгуляваць да канца 2018 году

Артур Карповіч патлумачыў, чаму ў Беларусі ўзяліся за рэгуляваньне цэнаў на імпартны цукар, найперш расейскі. Цяпер мінімальная розьнічная цана аднаго кіляграма белага крышталёвага цукру, незалежна ад таго, чыёй ён вытворчасьці, не павінна быць ніжэйшай за 1 рубель 50 капеек.

Тут Карповіч бачыць тры падставы: рэзкі рост імпарту, скарачэньне попыту на беларускі цукар, значнае зьніжэньне аб’ёмаў ягонай вытворчасьці.

Беларусь скарысталася магчымасьцю ўвядзеньня цэнавага рэгуляваньня на 90 дзён без узгадненьня гэтага кроку з Эўразійскай эканамічнай камісіяй. Затым камісія дазволіла павялічыць тэрмін да 180 дзён. А пасьля гэтага — яшчэ на 180. Таму цэнавае рэгуляваньне тут будзе дзейнічаць да 23 сьнежня 2018 году.

З гарэлкай правядуць экспэрымэнт

На пытаньне пра аб’ёмы продажу алькагольных напояў Карповіч адказаў, што дакладнай лічбы цяпер няма:

«Але паколькі агульны продаж прадуктаў сёлета павялічваецца, то алькаголь тут не выключэньне. Праўда, як сьведчыць статыстыка, беларусы сталі меней ужываць пладова-ягадных вінаў невысокай якасьці. І гэта ўжо добра».

Артур Карповіч сказаў, што нядаўна ў віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна адбылася нарада. На ёй вырашылі правесьці экспэрымэнт і абмежаваць у шэрагу рэгіёнаў продаж уначы сьпіртовых напояў. Пасьля гэтага будзе зроблены аналіз сытуацыі, каб высьветліць, ці ўплывае гэта на ўзровень злачыннасьці. Аднак канкрэтныя рэгіёны і час пачатку экспэрымэнту яшчэ не вядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG