29 чэрвеня падчас апошняга пленарнага пасяджэньня веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў Камісія па нацыянальнай бясьпецы прадставіць зьмены ў артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія тычацца пакараньня за распаўсюд наркотыкаў, ужываньне іх і гандаль імі — так званыя «наркатычныя» артыкулы.
Прапановы ўраду знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў. Яны прадугледжваюць некаторыя зьмякчэньні артыкула 328.
Што ўрад прапануе зьмяніць у «наркатычных артыкулах» Крымінальнага кодэксу
Меркаваньне пракуратуры
Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук некалькі дзён таму выказаўся за так званае прапарцыйнае пакараньне: чым большая вага наркотыка ў нейкай крымінальнай справе, тым большым павінна быць і пакараньне. Паводле яго, пакуль існуюць выпадкі, калі нехта за распаўсюд наркотыка большай вагі атрымліваў тэрмін пакараньня меншы, чым той, хто прадаў меншую колькасьць наркотыка.
Што важна ведаць:
- У красавіку-траўні актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
- 11 траўня Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкулу.
- Што ўрад прапануе зьмяніць у «наркатычных артыкулах» Крымінальнага кодэксу
Што яшчэ абмяркуюць дэпутаты?
У папярэднім парадку дня яшчэ два пытаньні: законапраект аб радыяцыйнай бясьпецы і зьмяненьні да некаторых законаў, якія тычацца працоўных дачыненьняў.
Час пачатку пленарнага пасяджэньня невядомы
Пленарнаму пасяджэньню будзе папярэднічаць супольнае пасяджэньне абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, якое пачынаецца а 10-й гадзіне раніцы. Згодна з рэглямэнтам кожную апошнюю пятніцу месяца Нацыянальны сход заслухоўвае чальцоў ураду. Перад абедзьвюма палатамі выступіць з дакладам віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, а затым парлямэнтары зададуць пытаньні чальцам ураду. Ад таго, калі скончыцца супольнае пасяджэньне, залежыць і пачатак пленарнага пасяджэньня Палаты прадстаўнікоў.