Міністэрства замежных справаў Украіны патрабуе ад Расеі неадкладна дапусьціць украінскіх або замежных лекараў да Паўла Грыба, якога трымаюць у расейскім СІЗА.
МЗС расцэньвае неаказаньне мэдычнай дапамогі Паўлу Грыбу «як форму ціску на яго для атрыманьня неабходных сьледзтву паказаньняў».
«Такія дзеяньні дэманструюць ігнараваньне расейскім бокам ня толькі рашэньня Эўрапейскага суду ў правах чалавека № ECHR-LE2.3R ад 6 кастрычніка 2017 году, але і асноўных правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве МЗС.
Адвакат Паўла Грыба ва Ўкраіне Яўгенія Закрэўская паведаміла, што Эўрапейскі суд у правах чалавека патрабуе ад Расеі доступу ўкраінскіх лекараў да хлопца, каб ацаніць стан яго здароўя. Як паведамілі ягоныя бацькі, 19-гадовы Паўло Грыб праз інваліднасьць павінен пастаянна прымаць лекі.
Паводле сваякоў, у Паўла Грыба партальная гіпэртэнзія — сындром падвышанага ціску ў сыстэме варотнай вены, які суправаджаецца павелічэньнем селязёнкі, варыкозным пашырэньнем вен страваводу і страўніка, асцытам, пячоначнай недастатковасьцю.
У пачатку лютага бацька Паўла Грыба заявіў, што занепакоены здароўем свайго сына. Са спасылкай на адваката ён сказаў, што ў Грыба-малодшага «вельмі змучаны выгляд, пастаянныя скаргі на боль у страўніку і жываце. Агульна дэпрэсіўны стан як вынік узмацненьня псыхалягічнага ціску з боку сьледзтва і адміністрацыі СІЗА».