Зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.
47-гадовы Андрэй Кузьнечык, які правёў за кратамі больш за тры гады паводле палітычнага матываванага прысуду, сёньня прыбыў у Вільню. Яго сустракалі жонка Алеся і дзеці — 5-гадовы Мацьвей і 11-гадовая Яніна.
Прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус пракамэнтаваў вызваленьне:
«Гэта радасны дзень для Андрэя, ягонай жонкі і іх дваіх малых дзяцей. Пасьля больш чым трох гадоў разлукі, гэтая сям’я зноў разам, дзякуючы прэзыдэнту Трампу. Мы таксама ўдзячныя дзяржаўнаму сакратару Рубіё і ягонай камандзе, і літоўскаму ўраду за іх падтрымку.
Мы захоўваем надзею, што наш журналіст Ігар Лосік таксама будзе вызвалены, і спадзяемся на далейшае лідэрства і кіраўніцтва адміністрацыі Трампа».
Амэрыканскі спэцыяльны пасланьнік у пытаньнях закладнікаў Адам Боўлер пракамэнтаваў вызваленьне: «Мы робім тое, што абяцалі».
Прэсавая сакратарка адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Кэралайн Лівіт пазьней на брыфінгу назвала сёньняшняе вызваленьне «выдатнай перамогай» і сказала, што яно «сьведчыць пра здольнасьць прэзыдэнта Трампа заключаць зьдзелкі».
Вызваленьне адбылося праз дзень пасьля таго як Расея вызваліла амэрыканскага зьняволенага настаўніка Марка Фогеля «па абмене». пазьней зьявілася інфармацыя, што ЗША ў абмен на Фогеля вызваляць расейца Аляксандра Віньніка.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
25 лістапада 2021 году Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 дзён арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.
8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.
У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У студзені на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі чатырохсэрыйны фільм пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь». У ім паказалі зьняволеных журналістаў Свабоды Андрэя Кузьнечыка і Ігара Лосіка, былога шматгадовага карэспандэнта менскага бюро РС Ігара Карнея, а таксама апазыцыйнага актывіста з амэрыканскім грамадзянствам Юрася Зянковіча.
Большую частку тэрміну Андрэя трымалі ў Наваполацкай папраўчай калёніі № 1. Апошнія некалькі месяцаў ён правёў у менскім сьледчым ізалятары КДБ, вядомым як «амэрыканка».
Перасьлед Ігара Лосіка
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі цяпер застаецца 40 супрацоўнікаў беларускіх мэдыя, уключна з журналістам Радыё Свабода Ігарам Лосікам і былым шматгадовым карэспандэнтам менскага бюро Радыё Свабода Ігарам Карнеем.
Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.
18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.
Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.
Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы яго за краты.
Што вядома пра Алену Маўшук
Шматдзетную маці Алену Маўшук затрымалі ўначы 10 жніўня 2020 году ў Пінску. Паводле словаў міліцыянтаў, жанчына нібыта з палкай замахваліся на супрацоўнікаў міліцыі. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Муж Алены і дзеці ня ведалі пра яе месцазнаходжаньне і стан на працягу чатырох сутак. Пазьней зь імі зьвязалася сукамэрніца і расказала, што Алена ў камэры «голая, босая, зьбітая, уся ў сіняках».
Алену ў СІЗА паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяўленьня агрэсіі». Таксама жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў.
30 красавіка 2021 году Алену Маўшук асудзілі на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Яе мужа Сяргея Маўшука асудзілі на 6,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду Алена напісала ў сшытку: «Я павешуся» і паказала прысутным у судовай залі. У тэлефанаваньнях з калёніі Алена паведамляла блізкім, што да яе ўжываюць фізычны і псыхалягічны гвалт, пазбавілі ўсіх перадач і спатканьняў, яна рэгулярна атрымлівае пакараньні і знаходзіцца ў прыгнечаным псыхалягічным стане. Алену Маўшук пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Усяго ў сям’і Алены і Сяргея пяцёра дзяцей: Юлія, Карына, Ангеліна, Вольга і Дзяніс. Двое непаўналетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасьня 2020 году забіралі ў сацыяльны прытулак са школы, хоць муж Алены быў яшчэ на свабодзе, але ён дзяўчынцы айчым. Потым апеку над Ангелінай аформіла хросная маці. Карыну таксама забіралі ў прытулак, потым яна была ў Клецку ў сваякоў.
- У дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня была вызваленая грамадзянка ЗША Анастасія Нюфэр. Да вызваленьня 26 студзеня зь беларускай турмы імя гэтай жанчыны не гучала ў публічнай прасторы.