18 студзеня — апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі. Карэспандэнты Свабоды перадаюць пра тое, што адбываецца ў рэгіёнах.
Берасьцейшчына: «Іду на выбары, каб паказаць, што выбараў у нас няма»
На Берасьцейшчыне адным зь першых раёнаў, дзе прайшла рэгістрацыя кандыдатаў у райсавет, быў Івацэвіцкі. Тут не балятуецца ніводнага апазыцыянэра, у кандыдатах — спрэс дырэктары прадпрыемстваў ды іншыя начальнікі.
У Баранавічах адбылася рэгістрацыя кандыдатаў у абласны савет дэпутатаў. Тут, апроч праўладных кандыдатаў, балятуюцца тры апазыцыянэры — Мікалай Чарнавус (старэйшы) ад БНФ, Мікалай Чарнавус (малодшы) ад АГП ды Чэслаў Гузоўскі ад партыі левых «Справядлівы сьвет».
Як сказаў Свабодзе Мікалай Чарнавус (малодшы), ён здагадваецца, хто стане пераможцам на ягонай акрузе, але балятуецца, «каб зафіксаваць парушэньні».
«Дадзена каманда зарэгістраваць усіх, каб паказаць грамадзкасьці, што ў нас усё дэмакратычна. Але гэта проста паказуха, бо далей будуць такія вынікі, якія я магу проста зараз прадказаць. Думаю, на маёй акрузе будзе прызначаная дэпутатам дырэктарка школы. Я іду на выбары, каб паказаць, што выбараў у нас няма», — кажа Мікалай Чарнавус (малодшы).
У Баранавіцкі гарсавет таксама балятуюцца некалькі апазыцыянэраў. Усіх іх зарэгістравалі кандыдатамі.
Віцебшчына: зарэгістравалі «пад кіраўнікоў»
У Віцебску завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты гарадзкога савету. Пасьпяхова прайшлі рэгістрацыю вядомыя ў горадзе актывісткі, якія вылучаліся ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі — Ірына Яскевіч, і Алена Шабуня. А таксама вылучэнцы ад руху «За свабоду» і партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў, Уладзімер Сіманковіч, Аляксандар Ільлінец. Усе яны бяруць удзел у выбарах далёка ня першы раз і маюць вялікі досьвед у падрыхтоўцы неабходных дакумэнтаў.
Паводле Аляксея Гаўруцікава, ня трапілі ў сьпіс зарэгістраваных хіба тыя, хто ішоў на выбары ўпершыню і з уласнай ініцыятывы. Нехта не пазначыў у дэклярацыі скрадзены 10 год таму матацыкл, нехта — зямельны ўчастак, адна спадарыня падала падпісныя аркушы, у якіх было толькі 53 подпісы.
Абсалютную большасьць прэтэндэнтаў зарэгістравалі ў Воршы, сказаў назіральнік пры раённай выбарчай камісіі Ігар Казьмярчак.
«Зарэгістраваны прадстаўнік партыі левых „Справядлівы сьвет“ Мікалай Дзямідаў, які ўжо не ўпершыню балятуецца на выбарах. А таксама вядомыя ў горадзе актывістка Алена Кучынская і кіраўнік суполкі прафсаюзу РЭП Аляксандар Булаўка, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Непаразуменьне атрымалася падчас рэгістрацыі сябра АГП Сяргея Пракапчука, які нібыта не задэкляраваў свае прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ён з гэтым ня згодны і будзе абскарджваць рашэньне камісіі», — кажа назіральнік.
На думку Ігара Казьмярчака, паводле сьпісу кандыдатаў ужо можна рабіць прагнозы, хто будзе абраны дэпутатам. Калі ў акрузе два кандыдаты, то адзін — гэта звычайна кіраўнік высокага роўню, а другі — «шараговец»: рабочы, мэдсястра ці накшталт таго. Ранейшы досьвед паказвае, што ў дэпутаты трапляюць менавіта кіраўнікі, а ня іхныя канкурэнты.
Горадзеншчына: У Слоніме «альтэрнатыўныя» акругі толькі там, дзе апазыцыйныя кандыдаты
У Слонімскі раённы савет абіраюцца 35 дэпутатаў. І толькі ў 7 акругах зарэгістравана па два кандыдаты. У 6 зь іх кандыдаты ад мясцовых арганізацый апазыцыйных партый, яшчэ ў адной — незалежны кандыдат.
Сябра БХД Віктар Марчык сказаў Свабодзе, што ніякіх асаблівых плянаў на выбары апазыцыянэры ня маюць, бо іх вынікі ўжо вядомыя. Падчас кампаніі яны плянуюць распавесьці выбарцам пра свае партыі і паказаць, што ў краіне існуе альтэрнатыўны пункт гледжаньня на тое, як разьвівацца Беларусі.
У Смаргонскім раёне з 28 акругаў толькі адна «альтэрнатыўная». Па ёй вылучаецца сябра БНФ Алесь Дзергачоў. Ягоным апанэнтам зарэгістраваны намесьнік начальніка Смаргонскага вузла сувязі.
Дзергачоў кажа, што за апошнія 20 гадоў ня можа прыгадаць такіх нудных выбараў. «Сапраўды цікава — дзеля чаго праводзяцца гэтыя выбары?» — задаецца пытаньнем прадстаўнік апазыцыйнай партыі.
У Горадні не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты старшыню абласной арганізацыі БХД Міколу Баўсюка. Ён меў намер балятавацца ў абласны савет. Аднак камісія выявіла памылкі ў запоўненай дэклярацыі. Казімір Знайдзінскі, актывіст праўладнага Саюзу палякаў, падаваў дакумэнты, каб стаць кандыдатам Горадзенскага гарадзкога Савету, але ў дэклярацыю ня ўнёс свой пэнсійны даход — і атрымаў адмову.
Гомельшчына: кандыдаты з сацыяльных сетак
На Гомельшчыне чатыры вылучэнцы ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты абласнога савету.
У Гомелі гэта блогер Максім Філіповіч і актывіст Кірыл Сінельнікаў, у Сьветлагорску — актывіст з інваліднасьцю Юры Ляшэнка, у Акцябрскім — Алена Луцковіч. У апошнім райцэнтры кандыдатам у дэпутаты мясцовага раённага савету стаў і яшчэ адзін сябра АГП — Андрэй Павук, вядомы адміністратар суполкі ў сацыяльнай сетцы «Рудабельская паказуха». Цяпер Андрэй працуе лесьніком у Гацеўскім лясьніцтве. Вылучыўся кандыдатам у дэпутаты райсавету праз збор подпісаў у вёсцы Гаць. Галоўным канкурэнтам яму ў акрузе стала намесьніца старшыні Акцябрскага райвыканкаму Ірына Намочанка.
Усяго сёлета АГП вылучыла ў рэгіёне 9 сваіх прадстаўнікоў.
«Нашы вылучэнцы будуць усурʼёз працаваць у сваіх акругах з выбарнікамі. Але вядома, што вынікі галасаваньня вызначаюцца не на выбарчых участках, а ў начальніцкіх кабінэтах», — кажа намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў.
Даволі сьціпла прадстаўлена на сёлетніх выбарах партыя Беларускага народнага фронту. У абласным цэнтры за дэпутацкае месца ў аблсавеце пазмагаецца лекар Васіль Раманаў, у Ветцы — апэратар прадпрыемства «Рубін» Максім Ражкоў.
У дзьвюх акругах — Ельскай № 29 і Лельчыцкай № 39 — выбары ў аблсавет пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Балятуюцца тут начальнікі з Гомля.
Сталі вядомыя й вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Гомельскага гарсавету 28 скліканьня. З 140 прэтэндэнтаў гарадзкая камісія зарэгістравала 132. У ліку тых васьмі, каму адмовілі, апынуўся й былы дэпутат гарсавету, прадстаўнік партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў — камісія знайшла хібы ў ягоных подпісах і дэклярацыі.
Тым часам пасьведчаньне кандыдата ў гарсавет атрымалі журналіст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі, блогер Максім Філіповіч (апошні стаў сёньня яшчэ і кандыдатам у дэпутаты аблсавету) і іншыя.
У ліку кандыдатаў ёсьць прадстаўнікі ЛДП, Партыі працы і справядлівасьці, «Зялёных», КПБ.
Незалежны назіральнік у гарадзкой выбарчай камісіі Леанід Судаленка адзначае, што сярод кандыдатаў у дэпутаты няма дзейнага старшыні гарсавету Івана Барадзінчыка.
Магілёўшчына: кандыдатам у абласны савет зарэгістравалі старшыню партыі БНФ
Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога савету. У Шклоўскай выбарчай акрузе канкурэнтамі апазыцыйнага палітыка будуць намесьнік галоўнага ўрача Шклоўскай раённай бальніцы Сяргей Новікаў і галоўны рэдактар Шклоўскай раёнкі «Ўдарны фронт» Павал Савельеў. Кастусёў вылучаецца праз збор подпісаў. Мандат дэпутата аблсавету ён спрабуе займець чацьвёрты раз. У 1995 годзе, паводле зьвестак выбарчай камісіі, ён набраў больш за 45% галасоў і перамог цяперашняга сэнатара Аляксандра Папкова.
У зарэгістраванага кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага гарсавету кіраўніка абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава трое беспартыйных канкурэнтаў: пэдагог Андрэй Гарбаценка, супрацоўнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва магілёўскага гарвыканкаму Раман Крывашэін і намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы чацьвёртай магілёўскай школы Аксана Якавенка. Шанцаў, да таго ж, стаў кандыдатам у дэпутаты і Магілёўскага абласнога савету.
Не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага гарсавету першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава. Акруговая камісія выявіла, што ў лістах у падтрымку палітыка ёсьць подпісы выбарнікаў зь іншай акругі. Вылучэнец адзначае, што ён стаў ахвярай недакладнага вызначэньня межаў акругі, і зьбіраецца абскарджваць рашэньне камісіі.
Менск і Менская вобласьць: зарэгістраваныя Губарэвіч, Дзьмітрыеў, Караткевіч
«У сталіцы мы вылучылі 7 прэтэндэнтаў, а зарэгістравалі толькі двух: мяне і майго намесьніка Юрася Меляшкевіча, — кажа старшыня руху „За свабоду“ Юры Губарэвіч. — Чатыром адмовілі за нібыта несапраўдныя подпісы, аднаму — з прычыны дэклярацыі аб маёмасьці. Будзем разьбірацца, магчыма, будзем абскарджваць рашэньні камісій».
Істотныя страты панесла і грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Тут у сталіцы адмовілі 12 прэтэндэнтам, палове з вылучаных. Зарэгістравалі Тацяну Караткевіч, Сяргея Вазьняка, а таксама Іну Кушнер і Паўла Слуцкага, якія балятаваліся ў 2016 годзе ў Палату прадстаўнікоў. Зарэгістраваны ў якасьці прэтэндэнта на мандат дэпутата Менскага абласнога савету Андрэй Дзьмітрыеў.
* * *
Перадвыбарная агітацыя пачынаецца ад моманту рэгістрацыі кандыдатаў і будзе доўжыцца да 17 лютага. Самі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 скліканьня пройдуць 18 лютага.
Апазыцыя вылучыла на мясцовыя выбары на 100 кандыдатаў меней, чым у 2014 годзе.