Адзіная прыкмета выбараў у Беларусі — той факт, што ўвесь палітычны экран запоўніла Лідзія Ярмошына. Кожны дзень яна нешта камэнтуе, тлумачыць, дае інтэрвію. Праўда, яе заявы наконт мясцовых выбараў мала каго хвалююць. А вось інфармацыя пра тое, што нейкія больш значныя выбары адбудуцца ў Беларусі ўжо наступным годам, выклікала значную цікавасьць.
Справа ў тым, што паводле заканадаўства наступныя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца да 30 жніўня 2020 г., а парлямэнцкія — да 10 верасьня 2020 г. Таму трэба было б праводзіць іх або адначасова, або, напрыклад, з інтэрвалам у тры месяцы. Улады гэтага ня хочуць. І Ярмошына заявіла, што выбары будуць разьведзеныя, у прыватнасьці, адна з выбарчых кампаній пройдзе ў лістападзе 2019 г. Тое, што гэта не прадугледжана Канстытуцыяй, мала каго хвалюе.
У іншых краінах ня бачаць нічога страшнага ў адначасовым правядзеньні выбараў розных узроўняў. Напрыклад, у 2017 годзе парлямэнцкія выбары ў Францыі прайшлі празь месяц пасьля прэзыдэнцкіх.
Лукашэнка ня хоча зводзіць у адно цэлае два розныя па маштабах палітычныя працэсы
Я ня стаў бы цяпер гадаць, якія выбары — прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія — пройдуць датэрмінова. Больш цікавая тая матывацыя, якой кіруюцца ўлады. На мой погляд, галоўная прычына ў тым, што Лукашэнка ня хоча зводзіць у адно цэлае два розныя па маштабах палітычныя працэсы. Прэзыдэнцкія выбары — гэта тое, што легітымізуе ягоную ўладу. А значыць, справа надзвычай сур’ёзная, важная, істотная. А выбары Палаты прадстаўнікоў, як ён уяўляе, — гэта нешта другаснае, легкаважнае, вадэвільнае. Бо хто ж усур’ёз у краіне ставіцца да «палаткі», яе дэпутатаў? І зьмешваць гэтыя два інстытуты (прэзыдэнт і парлямэнт) недапушчальна. Па лёгіцы кіраўніка дзяржавы правядзеньне адначасова парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў дэвальвуе апошнія.
Лідзія Ярмошына дадала яшчэ адну матывацыю. У камэнтары парталу tut.by яна заявіла: «Прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары не сумяшчаюцца, бо гэта расхістваньне асноў улады». А ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» 14 студзеня старшыня Цэнтравыбаркаму патлумачыла неабходнасьць разьвесьці выбары так: «Дзьве выбарчыя кампаніі вельмі моцна палітызуюць атмасфэру, што не ідзе на карысьць грамадзтву, бо можа дэстабілізаваць палітычную і грамадзкую абстаноўку».
Тое, што выбарчыя кампаніі палітызуюць атмасфэру, цалкам справядліва. Але што да карыснасьці такой сытуацыі, то Лідзія Ярмошына блытае інтарэсы грамадзтва і ўлады. Бо палітызацыя шкодная рэжыму, а не народу.
Існы рэжым трымаецца ня столькі на падтрымцы насельніцтва, колькі на апатыі
Справа ў тым, што існы рэжым трымаецца ня столькі на падтрымцы насельніцтва, колькі на апатыі, абыякавасьці, дэпалітызацыі, дэмабілізацыі грамадзтва. Улады гэта разумеюць і таму імкнуцца не будзіць ліха, пакуль яно ціха. Стараюцца нават выбарчыя кампаніі праводзіць па-за палітычнай прасторай, ператвараць іх у тэхнічны рытуал, у простае галасаваньне. Палітызацыя і палітычная мабілізацыя выбарцаў — гэта пагроза для рэжыму. Таму тут Лідзія Ярмошына шчырая.
Яшчэ адна цікавая прапанова ад старшыні Цэнтравыбаркаму прагучала ў інтэрвію агенцтву БелТА 15 студзеня. Яна лічыць, што 100 тысяч подпісаў, якія трэба сабраць кандыдату ў прэзыдэнты, — гэта зашмат.
Ярмошына кажа:
«Нам таксама трэба зьмяншаць колькасьць подпісаў, прынамсі, даводзіць хаця б да аднаго працэнта ад колькасьці выбарцаў. Дапусьцім, калі зыходзіць з колькасьці выбарцаў прыкладна ў 7 млн, неабходная колькасьць сабраных подпісаў можа даходзіць да 70 тысяч... Справа ў тым, што на дадзены момант безь вялікіх грошай альбо бяз значнага адміністрацыйнага рэсурсу сабраць подпісы вельмі складана».
Сапраўды, па маіх ацэнках, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году 100 тысяч подпісаў не сабраў ніхто. Нават Аляксандар Лукашэнка. Бо да ягоных пікетаў на вуліцы людзі вельмі мала падыходзілі. А што ў працоўных калектывах сабралі пашпарты і перапісалі іх дадзеныя, дык так можна было сабраць і 5 мільёнаў подпісаў.
Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году шэсьць кандыдатаў сабралі 100 тысяч подпісаў, прычым за 20 дзён
Нагадаю спадарыні Ярмошынай, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году шэсьць кандыдатаў сабралі 100 тысяч подпісаў, прычым за 20 дзён (!). А цяпер за 30 дзён ніхто сабраць ня можа. Чаму так?
Таму што ў 1994 годзе ў Беларусі былі сапраўдныя выбары, сапраўднае палітычнае жыцьцё, сапраўдная канкурэнцыя. Людзі адчувалі сябе грамадзянамі, разумелі, што ад іх галасоў нешта залежыць, і станавіліся ў чаргу, каб падпісацца за кандыдатаў. Таму ніякіх праблемаў з подпісамі не было.
А за 23 гады панаваньня Лукашэнкі публічная палітыка ў краіне зьнікла. Разам з выбарамі. Яны сталі нікому не цікавыя. Таму людзі і ня хочуць гуляць у гэтую гульню. За што ўлады ўпарта змагаліся, тое і атрымалі. Цяпер яны ліхаманкава думаюць, як вярнуць цікавасьць да выбараў, каб хоць якія кандыдаты сабралі патрэбную колькасьць подпісаў.
Але не з таго канца заходзіце, Лідзія Міхайлаўна. Вярніце ў краіну выбары, і ня трэба будзе зьмяншаць патрэбную колькасьць подпісаў.
Выбары як сродак дасягненьня душэўнага камфорту
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.