Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — вядомы гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч. Ён тлумачыць, навошта пайшоў у выбарчую кампанію ў мясцовыя саветы, заяўляе, што ў Гомлі працэнтаў 50 працаздольнага насельніцтва зьехала за мяжу, і прызнаецца, што ня ведае, што яшчэ можна зрабіць зь беларусамі, каб яны прачнуліся і сказалі сваё слова.
Людзі проста адмахваліся, заяўлялі, што ня вераць у ніякія выбары — парлямэнцкія, прэзыдэнцкія, любыя.
— Вы зараз балятуецеся ў дэпутаты на гэтых мясцовых выбарах, і давайце пачнем размову менавіта з гэтага аспэкту вашай грамадзкай дзейнасьці. Ці разглядаеце вы гэтую кампанію як магчымасьць данесьці да грамадзтва свае думкі, ці лічыце вы, што зь нейкіх прычын улады могуць «прапусьціць» вас у дэпутаты?
— Тое, што я магу трапіць у дэпутаты — я вельмі сумняюся. Я ня веру ў казкі, я ведаю нашы выбары — і ў іх ня веру, як і ў казкі. Чаму я іду ў кампанію? Бо я ўпэўнены, што трэба спрабаваць гэта рабіць і «звычайным людзям», а ня толькі тым, каго ставяць улады — дырэктарам ды іншым. Трэба спрабаваць. Бо калі не ісьці — то мы пэўна нічога не даб’емся, я ў гэтым не сумняюся.
— Як вы будуеце сваю кампанію? Традыцыйна зьвяртаецеся да людзей праз свой блог, сацыяльныя сеткі ці ходзіце па кватэрах?
— Я пакуль ня маю права займацца агітацыяй. Але я і мая група хадзілі, зьбіралі подпісы па кватэрах. Рабілі і пікет, але ён аказаўся малаэфэктыўны ў пляне збору подпісаў — вуліцы днём пустыя, людзей мала. Але і ў кватэрах было таксама ня вельмі шмат людзей. Шмат моладзі адсутнічае, і гэта вельмі сумна, мякка кажучы.
— Падзяліцеся сваімі ўражаньнямі — што людзей на сёньня найбольш хвалюе ў вашай акрузе? Некаторыя кандыдаты кажуць, што іх сьпярша сустракаюць ня самымі прыемнымі словамі, але потым іх слухаюць. Як гэта было ў вас?
— Нэгатыву асабліва не было. Раскажу пра асаблівасьці, якія я адзначыў. Па-першае, многія нічога ня ведаюць пра выбары — хоць па зомба-скрыні пра гэта гавораць. Па-другое, вельмі мала моладзі. Я абышоў каля паўтысячы кватэр, і працэнтаў на 70 там былі людзі каляпэнсійнага або пэнсійнага ўзросту. Моладзі вельмі мала.
У асноўным людзі выказвалі недавер, не хацелі нават слухаць пра «выбары». Але калі я тлумачыў, хто я і для чаго — тады ўжо размаўлялі. Але спачатку, пачуўшы «выбары» — проста адмахваліся, заяўлялі, што ня вераць у ніякія выбары: парлямэнцкія, прэзыдэнцкія, любыя.
Паўтаруся, моладзі няма зусім. Адчыняюць іхнія бацькі, бабулі, дзядулі, якія абураюцца, чаму іхнія дзеці і ўнукі працуюць у Польшчы, Расеі, Эстоніі, а не ў Беларусі.
— Гэта рэальнасьць цэнтру Гомля ці нейкага мікрараёну?
— Гэта мікрараён «Моладзевы».
— Мікрараён «Моладзевы», а моладзь уся зьехала за мяжу.
— Моладзі тут заўсёды было шмат, я тут вырас. Тут калісьці было шумна ўвечары, раён гудзеў. Цяпер тут адны старэнькія на лавачках, і больш нікога. Літаральна два дні таму я сустрэў двух старых сяброў, якіх даўно ня бачыў, людзі з адной з тых шумных кампаній у нашых дварах, якія цяпер зьніклі. І вось яны сказалі, што ўжо больш за год працуюць у Эстоніі. І цяпер заключаюць чарговы кантракт з працадаўцам, ужо на 3 гады. І, хутчэй за ўсё, перавязуць сем’і і ўжо ня будуць вяртацца.
І гэта мяне вельмі бянтэжыць і бударажыць. Бо калі ў краіне застануцца толькі адны пэнсіянэры, што ўжо і адбываецца, — то будучыні тут ня будзе.
«Супрацоўнікам МУС далі неабмежаваныя магчымасьці ў пляне рэпрэсій, і яны гэтым карыстаюцца»
— Вы сталі шырока вядомы ў час «дармаедзкіх» пратэстаў як адзін з самых прыкметных відэаблогераў, які ўздымаў менавіта гэтую тэму. Супраць вас былі даволі значныя рэпрэсіі, вы адседзелі за кратамі адміністратыўны тэрмін. Ці можна сказаць, што гэтая тэма трошкі адышла з вашага жыцьця? Я нават чуў такія выказваньні, што Максім Філіповіч у свой час быў на піку гэтай тэмы, але пасьля ўсіх рэпрэсій трошкі сьцішыўся.
— Тут няма чаго адказваць. Трэба глядзець на факты, як што ёсьць на самой справе. Адкрывайце мой канал у Ют'юбе — «Гарантий нет». Кожны дзень, максымум празь дзень — новыя матэрыялы. Я не сяджу дома, я ўвесь дзень на нагах, здымаю новыя сюжэты.
Пасьля адседкі 30 сутак я сваю дзейнасьць не зьмяніў, гэта ніяк на мяне не паўплывала. І калі нехта такое кажа, то гэта азначае, што такія людзі проста ня сочаць за маёй дзейнасьцю. Мне на вуліцы трапляліся людзі, якія казалі — «Максім, на цябе напалі ў Пінску, і ты пасьля гэтага кудысьці зьнік, заціх, напэўна, спалохаўся». І ў мяне вочы на лоб ад зьдзіўленьня. Я кажу — «Вы жартуеце? На маім канале паўтысячы відэа. Вы дзе мяне гледзіце?» Але ім у рэкамэндаваных відэа маё ня трапілася, і яны думаюць, што я «зьнік».
— Вы па-ранейшаму беспрацоўны? Вы шукаеце працы ці грамадзкая дзейнасьць забірае ў вас увесь час?
Здаровыя, моцныя хлопцы зьяжджаюць за мяжу
— Так, я беспрацоўны. Працы я асабліва не шукаю, бо ўвесь час ідзе на стварэньне маіх відэаматэрыялаў. Я пакуль матэрыяльна магу сабе дазволіць не працаваць, у мяне ёсьць сваякі і ашчаджэньні пасьля 34-гадовага жыцьця. Надыдзе момант, калі я ўжо так жыць не змагу. Буду шукаць працы, але з гэтым у нас вельмі цяжка. Здаровыя, моцныя хлопцы зьяжджаюць за мяжу. Мае сябры, звычайныя рабацягі, зваршчыкі, тынкоўшчыкі — тут ня могуць сябе рэалізаваць. Калі і могуць — 300–350 рублёў, такія прапановы. У іх рукі апускаюцца, яны едуць за мяжу.
Надыдзе момант, будзе надта цяжка — магчыма, і мне давядзецца зьехаць на працу за мяжу. А што рабіць, калі тут няма працы?
— А як вы ацэніце актуальнасьць на сёньня «дармаедзкай» тэмы? Улады зьмянілі дэкрэт, зьбілі гарачыню пратэстаў. Тэма яшчэ актуальная? Улады зьбілі пратэсты, ці яны самі сышлі на нішто?
— Мне падаецца, што ўсё ж улады зьбілі пратэсты — рэпрэсіямі, пасадкамі. Людзі бачылі, як пратэстоўцаў «закрываюць» на суткі, як іх саджаюць у псыхушкі, што актыўна практыкуецца апошнім часам. Людзей асадзілі. На маю думку, супрацоўнікам МУС далі неабмежаваныя магчымасьці ў пляне рэпрэсій, і яны гэтым карыстаюцца. Людзей запалохалі.
Плюс яшчэ чыньнік — што моладзь зьехала. Мне падаецца, што працаздольнага насельніцтва працэнтаў да 50 тут адсутнічае. Афіцыйныя лічбы — гэта адно. А колькі неафіцыйна ў Расеі працуе? Гэта страшна.
«Я ня ведаю, што яшчэ трэба зрабіць гэтаму народу, як яму яшчэ плюнуць у твар, а ён будзе ўцірацца і нічога не рабіць»
— Калі паспрабаваць у цэлым ацаніць узровень сацыяльнай тэмпэратуры ў грамадзтве — то якая тэма можа палыхнуць наступнай? Што на сёньня самае гарачае, што можа прывесьці да выбуху незадавальненьня?
— Як я гэта бачу — гэты выбух даўно ўжо павінен быць. Што яшчэ горш для людзей зрабіць — я нават ня ведаю. Узровень беспрацоўя, рэальны — ён страшны. Узровень заробку, не афіцыйны, а рэальны — ён страшны.
Цэны растуць, дэнамінацыя была адмыслова зроблена, і нібыта непрыкметна, як цэны паўзуць уверх. Вы перавядзіце на старыя грошы. Вялікая бутэлька піва — 40–50 тысяч, праезд у маршрутцы — 10 тысяч, бохан добрага хлеба ў Гомлі — 18–20 тысяч. Беззаконьне міліцыянтаў проста зашкальвае.
Што яшчэ трэба зрабіць, каб людзі прачнуліся і сказалі сваё слова? Што яны ў краіне гаспадары, што ўлада належыць народу, а астатнія — гэта найманыя работнікі? Таму я вам шчыра кажу — я ня ведаю, што яшчэ трэба зрабіць гэтаму народу, як яму яшчэ плюнуць у твар, а ён будзе ўцірацца і нічога не рабіць. Я ня ведаю, у мяне няма слоў.