Сёньняшні госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — старшыня партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Ён адказвае на пытаньні, якой павінна быць тактыка пратэстаў, ці адказныя лідэры апазыцыі за наступствы сваіх заклікаў і рашэньня, і ці сасьпела беларускае грамадзтва да рэвалюцыі.
Дракахруст: Спадар Калякін, ваша партыя і вы асабіста бралі ўдзел у маршы ў Менску 15 сакавіка. На ваш погляд, чаму акцыя скончылася дзесяткамі затрыманьняў? Яна была дазволеная, здаецца, парадак, нават ва ўяўленьні ўладаў, не парушаўся, уладу зрынуць не спрабавалі.
Калякін: Я мяркую, што гэта трэнд апошніх дзён дзеяньняў улады. Як правіла, гэтыя затрыманьні адбываюцца не падчас саміх акцыяў, а ці да іх, ці пасьля. Улада спрабуе запалохаць частку насельніцтва, каб зьнізіць актыўнасьць людзей, іх гатоўнасьць удзельнічаць у пратэстах супраць існага становішча.
Дракахруст: Мы памятаем, чым скончылася Плошча 2010 — зьбіцьцём дэманстрантаў, масавымі арыштамі, крымінальнымі справамі, пэрыядам працяглай рэакцыі. Ці могуць скончыцца тым самым цяперашнія пратэсты? І як лідэры пратэстаў могуць гэта прадухіліць?
Калякін: Безумоўна, могуць. Ня ўсё перадвызначана. Ва ўладных структурах, сярод тых, хто ўплывае на Аляксандра Лукашэнку сёньня ідзе так званая барацьба паміж тымі, хто гаворыць, што ня трэба падаўляць акцыі, ня трэба ўжываць сілу, бо гэта зробіць яшчэ большую шкоду, і тымі, хто лічыць, што трэба паўтарыць варыянт 2010 году.
Тым, хто арганізоўвае акцыі, ня трэба працаваць на тых, хто хацеў бы паўтарэньня 2010 году
І ў гэтых ўмовах тым, хто арганізоўвае акцыі, трэба быць вельмі акуратнымі, ня трэба працаваць на тых, хто хацеў бы паўтарэньня 2010 году. Гэта можа вельмі нэгатыўна адбіцца на разьвіцьці Беларусі.
Трэба вельмі пільна рыхтавацца да акцыяў у сэнсе ўнутранай абароны людзей, якія выходзяць на вуліцу, спыняючы правакатараў.
Калі прыгадваць 2010 год, то я мяркую, што арганізатары зрабілі тады вялікую памылку. Правакатараў і тых, хто паддаўся на правакацыю, хто пачаў біць шыбы ў Доме ўраду — іх было абсалютная меншасьць, можа 70-80 чалавек, у той час як на плошчы былі дзесяткі тысяч. Але арганізатары не падумалі аб гэтым, ня здолелі спыніць гэтых людзей, што дазволіла ўладам абгрунтоўваць рэпрэсіўныя дзеяньні адносна людзей, якія пайшлі на захоп урадавых будынкаў, абвінаваціўшы ў гэтым ня толькі арганізатараў, але і ўсіх людзей, якія прыйшлі на заклік дэмакратычных лідэраў на плошчу.
Я не лічу, што трэба зараз часьціць з акцыямі, што варта рабіць па 3-4 акцыі на працягу кароткага часу ў адным горадзе — гэта дэвальвуе іх значэньне, гэта стамляе людзей і зьніжае актыўнасьць у рэшце рэшт. Акцыі павінны добра рыхтавацца і фактар правакатараў мусіць заўсёды ўлічвацца.
Дракахруст: А хіба бываюць недзе ў сьвеце рэвалюцыі «на зялёнае сьвятло»?
Калякін: Але ня так і шмат прыкладаў рэвалюцыяў шляхам выхаду на вуліцы няўзброеных людзей зь мірнымі мэтамі. Ёсьць мірныя акцыі, а ёсьць і загадзя сплянаваныя і падрыхтаваныя дзеяньні па захопе дзяржаўнай улады, як гэта было ў Кіеве. Задача мірных акцыяў — не захоп дзяржаўнай улады, а аказаньне ціску на ўладу і дэманстрацыя людзям, якія выступаюць за зьмены, што іх вельмі шмат.
У нашым выпадку нават тыя нешматлікія акцыі прывялі да таго, што дэкрэт фактычна пахаваны ў тым выглядзе, у якім ён існаваў. І я ўпэўнены, што ён ня будзе ўжывацца, ці будзе ўжывацца літаральна адносна некалькіх дзесяткаў чалавек. Гэта вынік ціску на ўладу і дэманстрацыя таго, што зь людзьмі трэба лічыцца.
Задача мірных акцыяў — не захоп дзяржаўнай улады, а аказаньне ціску на ўладу
Я ня думаю, што мірныя людзі, выходзячы на мірныя дэманстрацыі, вырашаць праблему ўлады. Альбо гэта павінна быць вельмі вялікая колькасьць людзей. Але нават тады зьмена адбываецца ня шляхам захопу ўлады гэтымі людзьмі, а празь вельмі сур’ёзныя зьмены ў існай ўладзе.
На Захадзе і сотні тысяч, і па паўмільёна людзей выходзяць на вуліцу, але гэта не прыводзіць да зьмены ўлады. І ўлада там ужывае сілу і адносна соцень тысяч.
Дракахруст: Напачатку ў пратэстаў быў выразна ясны лёзунг — скасуйце дэкрэт № 3. Цяпер, калі дэкрэт не скасаваны, але яго дзеяньне прыпыненае, ці ёсьць сувымерны па моцы лёзунг — працы, заробкаў ці наагул «далоў Лукашэнку»?
Калякін: Распрацоўка лёзунгаў патрабуе сур’ёзнай працы, добры лёзунг — гэта добры падрыхтаваны экспромт.
Большасьць людзей выходзіла ня супраць дэкрэту, дэкрэт быў спускавым кручком. Людзі выходзілі супраць таго быдлячага становішча, у якое іх загнала ўлада сваёй палітыкай, асабліва ў два апошнія гады.
Яны ня могуць знайсьці працы, а тыя, хто працуюць, працуюць за капейкі, кошт жыцьця расьце ледзь не штодзень. Людзі загнаныя ў тупік, яны ня ведаюць, як ім далей жыць.
І вось менавіта гэта вывела на вуліцу большасьць удзельнікаў акцыяў пратэстаў. Я зараз не кажу пра палітычных актывістаў, якія ў любых краінах далучаюцца да пратэсту і ўзначальваюць яго.
Дракахруст: У цяперашніх пратэстах якія суадносіны стыхійнасьці і арганізаванасьці? Гэта творчасьць масаў ці вынік кіраваньня акрэсьленых структураў? Каляндар — месцы і даты чарговых пратэстаў — не беспрацоўныя ж складаюць.
Калякін: Безумоўна, пратэсты — гэта вынік працы палітычных структураў. Хаця сёньня адбываецца і самаарганізацыя масаў. некаторыя акцыі адбываліся, нягледзячы на арышты лідэраў, як гэта адбылося з Губарэвічам, Лябедзькам і Рымашэўскім.
Акцыя ў Горадні адбывалася ў значнай ступені на самастойнай аснове. Хаця у арганізацыі ўдзельнічалі і грамадзкія арганізацыі, у першую чаргу, партыі. І гэта нармальна, так і павінна быць, у гэтым і палягае функцыя дэмакратычных арганізацыяў, у тым ліку і партыяў — накіраваньне энэргіі людзей у арганізаванае рэчышча.
Тут ідзе злучэньне. Няправільна думаць, што людзі могуць проста арганізавацца самі без таго, каб яны да гэтага не былі арганізаваныя ў партыі, групы, групоўкі.
Дракахруст: А у каго вышэй ступень рашучасьці — у лідэраў ці ў народу?
Калякін: Думаю, што ў народу. Але народ таксама суадносіць рызыкі свайго ўдзелу і глядзіць, а што можа быць далей. Што да ўчорашняй акцыі ў Менску, я мяркую, што ўлады ў значнай ступені здолелі запалохаць простых людзей сваімі дзеяньнямі адносна і лідэраў, і шараговых актывістаў.
Сваю ролю адыграла і шырокае асьвятленьне гэтых фактаў, дэманстрацыя вадамётаў, хады падрыхтоўкі ўлады да акцыі — гэта паўплывала на многіх.
Але заўсёды прыходзіць момант, калі гэта ўжо не працуе. Я мяркую, што сёньня ў Беларусі плянка страху ўжо на мяжы, многія людзі гатовыя выходзіць на вуліцу, нават разумеючы, што яны могуць пацярпець ад рэпрэсіяў.
Вывад людзей на вуліцу пад нерэалістычнымі лёзунгамі можа спрацаваць не на пашырэньне актыўнасьці, а наадварот — на яе зьніжэньне
Важна, каб мэты акцыяў былі дасягальныя, каб яны давалі хоць нейкі плён. У дадзеным выпадку вынік быў атрыманы па дэкрэце № 3. Далей ехаць на гэтым «каньку» наўрад ці атрымаецца.
Пакуль сытуацыя разаграваецца, гэтая плянка яшчэ не дасягнутая, але сёньня яе пераадольваюць многія з тых, хто яшчэ нядаўна гэтага не маглі. І колькасьць гэтых людзей увесь час расьце.
Але людзі разумеюць рэальную сытуацыю, разумеюць моц улады і вывад людзей на вуліцу пад нерэалістычнымі лёзунгамі можа спрацаваць не на пашырэньне актыўнасьці, а наадварот на яе зьніжэньне.
Дракахруст: Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў у нядаўнім інтэрвію РС назваў бягучы стан справаў, скарыстаўшыся марксісцкай тэрміналёгіяй, рэвалюцыйнай сытуацыяй. Памятаем ленінскае вызначэньне: вярхі ня могуць, нізы ня хочуць жыць па-старому. Вам, як марксісту, і карты ў рукі — дык і сапраўды сытуацыя менавіта такая?
Калякін: Уладзімер Ільліч яшчэ казаў — сёньня рана, пасьлязаўтра будзе позна, заўтра — у самы раз. Трэба адэкватна ацэньваць гатоўнасьць людзей да рэвалюцыйных выступаў.
Але я пакуль не лічу, што сытуацыя дайшла да кропкі кіпеньня і што пратэстамі можна зьмяніць сытуацыю ў Беларусі заўтра ці на працягу бліжэйшага месяца. Але сытуацыя да гэтага ідзе.
Калі ўлада ня будзе рабіць для сябе высновы і ня будзе нічога рабіць у сацыяльна-эканамічнай сфэры, то справы яе пойдуць кепска. Беларусь пойдзе па тым шляху, па якім яе павялі бальшавікі ў 1917 годзе.
Дракахруст: А вось наконт вярхі ня могуць — хіба гэта так? Вось саджаць дзесяткі людзей могуць.
Калякін: Гэта трэба разумець у шырокім пляне. Яны пакуль яшчэ могуць брутальна здушыць пратэсты. У іх пакуль дастаткова сілаў, мы ведаем, колькі ў Беларусі людзей у пагонах, колькі супрацоўнікаў спэцслужбаў, яны добра навучаныя, і кожны зь іх можа каштаваць дзесяці ці пятнаццаці непадрыхтаваных мірных людзей.
Дастаткова прыгадаць дурату з незалікам вайсковай службы ў стаж для пэнсіі — яна ўяўляла вялікую небясьпеку для многіх людзей у пагонах
Але цікава, што адбываецца ў галовах людзей у пагонах. І там былі сур’ёзныя праблемы, але Лукашэнка здолеў некаторыя зь іх вырашыць.
Дастаткова прыгадаць дурату з незалікам вайсковай службы ў стаж для пэнсіі — яна ўяўляла вялікую небясьпеку для многіх людзей у міліцыі і ва ўзброеных сілах. Там ідуць вялікія скарачэньні і гэтыя людзі маглі застацца проста бяз пэнсіяў.
Зараз яны тэрмінова гэта папраўляюць. Улады ня могуць многіх рэчаў, ня могуць вырашыць праблемы, якія яны назапашвалі ў эканоміцы і сацыяльнай сфэры дзесяцігодзьдзямі. Няма рэсурсаў для гэтага, ніхто ня хоча даваць іх ні на Ўсходзе, ні на Захадзе.
А без займаў наша эканоміка зараз ня можа абысьціся. Так што ў значнай ступені сёньня вярхі ўжо ня могуць кіраваць па-старому. Што тычыцца нізоў, то яны ня хочуць, але справа ў ступені нехаценьня. Яны не настолькі не хочуць. Я не пра асобных людзей ці нават не пра асобныя групы, а пра насельніцтва ў цэлым, пра большасьць. Яна яшчэ гатовая цярпець, спадзяецца, як і ўлада, што само рассмокчацца.
Не рассмокчацца. Я ня бачу ва ўлады магчымасьцяў вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы.