Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 трэндаў, якія пераўтвараюць Расею ў пагрозу для чалавецтва


Плякат арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў». На фота зьлева направа: Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін.
Плякат арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў». На фота зьлева направа: Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін, Уладзімер Пуцін.

Пуцінская «мэдыяфрэнія» зьяўляецца фундамэнтам расейскай дыктатуры і вядзе да адмена маралі, ісціны, свабоды, даверу і супольнасьці ў сучаснай Расеі, перакананы маскоўскі мэдыяэкспэрт Ігар Якавенка.

20–21 кастрычніка швэдзкі мэдыяінстытут FOJO, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі саюз журналістаў праводзяць у Менску міжнародную канфэрэнцыю «Прафэсійная этыка: сучасныя выклікі і пошук рашэньняў».

Ігар Якавенка выступае ў Менску на канфэрэнцыі «Прафэсійная этыка: сучасныя выклікі і пошук рашэньняў»
Ігар Якавенка выступае ў Менску на канфэрэнцыі «Прафэсійная этыка: сучасныя выклікі і пошук рашэньняў»

Вядомаму расейскаму публіцысту, былому сакратару Саюзу журналістаў Расеі, а цяпер старшыні прафсаюзу «Журналісцкая салідарнасьць» Ігару Якавенку прапанавалі выступіць з дакладам, якім чынам выконваюцца этычныя нормы ў расейскай журналістыцы ў цяперашніх умовах. Ён адказаў, што гэта немагчыма: «Гэта дасьледаваньне, якое ня мае прадмету».

І назваў свой даклад так: «Мэдыяфрэнія: па той бок дабра і зла сапраўднай хлусьні».

На думку Ігара Якавенкі, ёсьць вельмі вялікае неразуменьне, чаму Расея так сябе паводзіць. Чаму эўрапейская, досыць добра забясьпечаная рэсурсамі, з добрым культурным фундамэнтам краіна раптам напала на суседнюю краіну, скрала ў яе кавалак тэрыторыі і вядзе там агрэсіўную вайну? Рацыянальных тлумачэньняў няма, навошта Расеі кавалак Данецкай і Луганскай абласьцей. Дзеля таго каб зразумець, што адбываецца, трэба зразумець фундамэнт, перакананы расейскі журналіст Ігар Якавенка:

«Фундамэнт расейскай дыктатуры — тое, што я называю „мэдыяфрэніяй“. Вось ужо пяты год я пішу па дзьве калёнкі ў дзень і апісваю гэтую зьяву».

Ігар Якавенка адзначае пяць момантаў, якія ператвараюць Расею ў сур’ёзную пагрозу для чалавецтва.

Першы — гэта поўная адмена маралі

«Гэта ня тая гісторыя, калі Гітлер сказаў: „Я вызваляю вас ад хімэры сумленьня“. Гэта зусім іншая гісторыя — поўная адмена маралі.

Я бяру толькі адзін індыкатар: хто сёньня героі расейскіх СМІ? Вось гэты „Фрэдзі Кругер“ расейскай дзяржаўнасьці, якога завуць Іван Жахлівы — абсалютны паталягічны маньяк, якому цяпер ужо два помнікі паставілі. Ёсіф Сталін, абсалютны ўсясьветны рэкардсмэн па колькасьці забітых суайчыньнікаў. Гэта партыя нягоднікаў — ЛДПР на чале з чалавекам, які публічна, у эфіры заклікае свайго ахоўніка згвалціць цяжарную журналістку. Сябра гэтай партыі — яшчэ адзін чалавек, які расшукваецца брытанскім правасудзьдзем за тое, што атруціў палёніем свайго калегу (Андрэй Лугавы, дэтутат Дзярждумы, якога падазраюць у атручваньні экс-афіцэра ФСБ Аляксандра Ліцьвіненкі. — РС).

Рамзан Кадыраў, архіўнае фота
Рамзан Кадыраў, архіўнае фота

Яшчэ адзін герой — абсалютны лідэр па прысутнасьці ў сацыяльных сетках Рамзан Кадыраў. Чалавек, які публічна хваліцца, што першага рускага забіў, адрэзаў галаву ў 16 гадоў, які публічна кажа, што трэба расстрэльваць без суду і сьледзтва. Гэта чалавек, да якога вядуць ніці забойства Нямцова. І вось гэтыя людзі — асноўныя мэдыягероі сучаснай Расеі! Гэта па-за межамі дабра».

Другая ахвяра, якая зьнішчаецца мэдыяфрэніяй, — ісьціна

«Паглядзіце на эвалюцыю поглядаў Уладзімера Пуціна на тое, што адбывалася з Крымам. Спачатку ён кажа, што, маўляў, „ніякіх войскаў там не было і наагул мы тут ні пры чым“. Літаральна праз пару месяцаў — „Ды гэта ўсё мясцовыя трактарысты, якія купілі форму, а заадно і бронетранспартэры ў суседнім сяльпо“. Потым, маўляў, „мы ніколі не хавалі, што нашы Ўзброеныя сілы блякавалі ўкраінскія Ўзброеныя сілы“. І, нарэшце, апошні этуд: „Так, гэта мы ўсё арганізавалі“. Вось эвалюцыя Пуціна, гэта ўсё прамаўлялася публічна.

Тэлевядоўца Дзьмітры Кісялёў
Тэлевядоўца Дзьмітры Кісялёў

Што адбываецца ў эфіры вядучых дзяржаўных СМІ, кожны можа паглядзець. Любая перадача — гэта нават не хлусьня, а абсурд. Вось мае публікацыі часта ўспрымаюць як памфлеты, як сатыру. Насамрэч у мяне няма пачуцьця гумару, няма зусім! Я проста цытую. Ня трэба ніякай сатыры, трэба проста акуратна цытаваць. Можна ставіць двукосьсі, можна ня ставіць, можна выкарыстоўваць мэханізм сказу, калі ты выдумляеш назіральніка, таму што мне ад свайго імя немагчыма камэнтаваць... Бо гэта абсалютны абсурд. Ні да ісьціны, ні да хлусьні гэта адносінаў ня мае. Гэта наагул адмена дыхатаміі: ісьціна — мана».

Трэцяя ахвяра — разбурэньне даверу

«У Расеі бессэнсоўна рабіць апытаньні: давяраеш — не давяраеш. Таму і сацыялёгіі ў Расеі няма. І нават не шкада, што «Левада-цэнтар» закрылі. Масавая сацыялёгія, электаральная сацыялёгія — гэта сьмешныя рэчы. Расейцы дакладна ведаюць, што ім хлусяць, што на выбарах усё сфальсыфікавана, яны дакладна ведаюць, што СМІ падманваюць, але яны думаюць, што так і ва ўсім сьвеце. Яны перакананыя. Прычым яны ведаюць гэта з тых жа сродкаў масавай інфармацыі, якім не давяраюць.

Галоўнае, што робяць расейскія СМІ, што робіць мэдыяфрэнія з дыхатаміяй „ісьціна — хлусьня“, — яна яе прыбірае. Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што расейскія СМІ пагаджаюцца, што яны крыху падманваюць. Вось як з тым самым „расьпятым хлопчыкам са Славянску“. Урэшце тэлевядучая Ірада Зэйналава сказала, што, маўляў, „гэтага канкрэтнага хлопчыка не было, але былі іншыя хлопчыкі, яны ж былі! Дый увогуле ўсе хлусяць...“»

Чацьвёртая ахвяра — свабода

«Свабоду проста зьнішчылі. Пуцін заступіў на пасаду прэзыдэнта Расеі на пачатку траўня 2000 году. Праз чатыры дні ў тэлекампаніі НТВ пачаліся праверкі, „выманьні“, пачалося зьнішчэньне каналу. Зьнішчэньне вялося ў жывым эфіры, і ў красавіку 2001 году НТВ было цалкам зьнішчана.

Я арганізоўваў два мітынгі ў падтрымку НТВ. На адзін прыйшло 20 тысяч — на Пушкінскую плошчу, на другі ў Астанкіна — 30 тысяч. Іронія лёсу такая, што прыкладна ў той жа час у Празе ўлады паспрабавалі крыху крануць тэлебачаньне, парлямэнт паспрабаваў зьмяніць кіраўніка тэлебачаньня на больш ляяльнага. У мільённай Празе на вуліцу выйшла 300 тысяч. У 12-мільённай Маскве на вуліцы выйшла максымум 30 тысяч. То бок суадносіны ў дзясяткі разоў не на карысьць Расеі.

Мітынг у падтрымку тэлеканалу НТВ у Маскве, 2001 год
Мітынг у падтрымку тэлеканалу НТВ у Маскве, 2001 год

Гэта асобная гісторыя, чаму расейцы ня сталі абараняць свой самы любімы на той пэрыяд тэлеканал. Трэба было вельмі старацца. У 1996 годзе ўсе вядучыя расейскія СМІ, у тым ліку і НТВ, пайшлі ў выбарчы штаб Ельцына і дапамаглі зноў стаць прэзыдэнтам чалавеку, у якога дрэнна працавала галава... Але гэта тая ж самая здрада прафэсіі дзеля палітычных інтарэсаў.

Прафэсійная этыка — яна розная для людзей розных прафэсій. Для хірурга прафэсійная этыка — гэта адно, а для журналіста — іншае. Калі ў цябе на апэрацыйным стале, да прыкладу, Чыкаціла, ты яго павінен выратаваць. Для нармальнага чалавека гэта непрымальна. А для хірурга — гэта ягоны абавязак, таму што ёсьць клятва Гіпакрата. Для журналіста — зусім іншае. Ён павінен абнародаваць любую сацыяльна значную інфармацыю. А далей ужо — выбачайце... Калі журналіст пачынае думаць пра палітычныя наступствы, ён спыняе існаваньне як журналіст. Для чалавека іншай прафэсіі — гэта нармальна. Для журналіста — гэта табу. Журналіст — гэта асобная прафэсія, якая павінна быць аўтаномнай».

Пятая ахвяра — супольнасьць

«Прыклад — „Эхо Москвы“. Што робіць „Эхо Москвы“ і асабіста Аляксей Венядзіктаў, які ўспрымаецца як гуру свабоднай, незалежнай журналістыкі? Падмяняе супольнасьць тусоўкай. Гэта прынцыпова іншы тып камунікацыі. Гэта разбурэньне інстытуту рэпутацыі, бо ў тусоўцы не бывае рэпутацыі. У тусоўцы ёсьць падзел на „свой — чужы“. Вось у „Эхо Москвы“ вы можаце сустрэць забойцу Лугавога са шклянкай „палёніевай“ гарбаты, і побач у гэтай жа тусоўцы знаходзіцца і лібэральны журналіст.

Аляксей Венядзіктаў і Ўладзімер Пуцін, 2012
Аляксей Венядзіктаў і Ўладзімер Пуцін, 2012

Тут жа могуць быць побач Жырыноўскі і Яўгенія Альбац ды іншыя прыстойныя журналісты, якіх мы ўспрымаем як лібэральных, дэмакратычных. Зьнікненьне супольнасьці з убудаваным у яе інстытутам рэпутацыі, мэтанакіраванае разбурэньне супольнасьці, замена яе тусоўкай — вельмі сьвядомая рэч».

У Расеі няма прапаганды

«Чым адметная мэдыяфрэнія, чаму я кажу, што ў нас няма прапаганды? Таму што клясычная прапаганда — фармаваньне пэўнай цэласнай карціны сьвету сваіх грамадзянаў. Інфармацыйная вайна — гэта ўзьдзеяньне на праціўніка. Яна ня ставіць задачу сфармаваць цэласную карціну. Яе задача — пасеяць хаос у галовах, разбурыць усе сувязі, ператварыць сьвядомасьць людзей у нейкую кашу, у «вату», як цяпер прынята казаць. Дзеля таго каб людзі не ўспрымалі рэальнасьць як нешта цэльнае, каб яны страцілі ўсялякія арыенціры. Вось задача мэдыяфрэніі.

Аляксандар Салжаніцын казаў, што „гвалт ня можа нічым прыкрыцца, акрамя хлусьні, а хлусьня заўсёды абапіраецца на гвалт“.

Геамэтрыя, тапаграфія дыктатуры відавочная: гвалт — фундамэнт, хлусьня — прыкрыцьцё. Гвалту няшмат, а хлусьні шмат, яна паўсюль. Ніколі не было ў гісторыі такога аб’ёму, такой вытанчанасьці, такой абсурднасьці, такога нагрувашчваньня хлусьні, як пры пуцінскім рэжыме.

Дыктатарскія рэжымы ХХ стагодзьдзя можна зьвесьці да чатырох груп: фашызм, нацызм, ісламізм экстрэмісцкага пляну і камунізм. Яны ўсе базаваліся на ідэалёгіі. Можна сказаць, якія кнігі трэба прачытаць, каб зразумець ідэалёгію нацызму, фашызму, камунізму. Вы ня зможаце знайсьці кніжку пра ідэалёгію пуцінізму. І гэта праблема. Таму што з нацызмам можна спрачацца, фашызм можна абвяргаць, камунізм можна выкрываць і абвяргаць. З пуцінізмам немагчыма спрачацца, таму што яго няма як ідэалёгіі, няма як зьвязнага тэксту. І гэта забясьпечвае пачварную эфэктыўнасьць. Мэдыяфрэнія ўцягвае ў сябе ўсё. Тут можа стаяць побач Праханаў, якія нясе поўную ахінею, Зюганаў, які яднае праваслаўе і камунізм, тут жа Жырыноўскі, які прапаноўвае то кагосьці бамбіць, то гвалціць. Гэта ўсё адбываецца дзякуючы адсутнасьці ідэалёгіі. Мэдыяфрэнічныя СМІ выступаюць як пыласос, які ўсмоктвае ўсё, нічога не адкідаючы.

Білборд у Крыме, 2014
Білборд у Крыме, 2014

Пуцінскі рэжым, замест таго каб займацца няўдзячнай справай па ўкараньненьні ў галовы людзей хоць нейкай ідэалёгіі, займаецца толькі адным — самазахаваньнем. Ім патрэбная ўлада ў чыстым дыстыляваным выглядзе — больш нічога ня трэба.

Вядома, рубеж таго, што адбылося — гэта вайна. Гэта новы віток, які ператварыў мэдыяфрэнію ў магутную інфармацыйную зброю. Мэдыяфрэнія — адзіны і галоўны матор вайны».

Як змагацца з мэдыяфрэніяй?

На думку Ігара Якавенкі, патрэбны сур’ёзны міжнародны грамадзкі трыбунал. Патрэбны набат. Патрэбна блякаваньне каналаў, сайтаў. І стварэньне інфармацыйнай альтэрнатывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG