Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць беларускія дзяржаўныя СМІ скакаць пад маскоўскую дудку


Чаму ўлады дапускаюць панаваньне Расеі на беларускім інфармацыйным полі?

Цыганкоў: Сёньня ў Магілёве Міністэрства інфармацыі Беларусі і Міністэрства сувязі і масавых камунікацыяў Расеі падпішуць «Плян мерапрыемстваў па стварэньні агульнай інфармацыйнай прасторы саюзнай дзяржавы на 2016–2017 гады».

«У рамках пасяджэньня „саюзнага Саўміна“ ў Магілёве будзе падпісаны выпрацаваны двума міністэрствамі дакумэнт — плян мерапрыемстваў для стварэньня агульнай інфармацыйнай прасторы на 2016–2017 гады. Мы ўважаем гэта вельмі важным, каб было ня толькі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне друку», — сказала міністар інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на пасяджэньні сэмінара «Агульная інфармацыйная прастора саюзнай дзяржавы», які адбыўся 11 траўня.

Многія аналітыкі кажуць, што Саюзная дзяржава і падобныя ўтварэньні даўно памерлі, на іх ужо не зьвяртаюць увагу палітыкі. Але ўсё не зусім так. У рэчаіснасьці, нават калі б беларускія ўлады праявілі схільнасьць да самастойнасьці, то яны ўсё роўна аплеценыя сотнямі розных пагадненьняў. Ад вайсковай да эканамічнай і, у нашым выпадку, інфармацыйнай сфэры. Існуе бюракратычная машына, якая працуе ў гэтым кірунку. Яна выпрацоўвае пляны, нейкія мэханізмы, арганізуе сумесныя дзеяньні. І пакуль існуе Саюзная дзяржава, беларускія ўлады ня могуць сказаць, што ім гэта непатрэбна. Няма палітычнай волі на тое, каб ад яе адмовіцца. Год за годам распрацоўваюцца новыя схемы далейшай інтэграцыі, і ўсё гэта не пустыя словы.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

У нашай сфэры гэта прывяло да таго, што на сёньня беларуская інфармацыйная прастора відавочна запоўнена расейскім кантэнтам. Атрымліваецца такая дзіўная сытуацыя, калі сувэрэнная краіна аддае перавагу тым тэлеканалам, якія працуюць зь небеларускім кантэнтам. І гэта небясьпечна. Нядаўна шумна было адзначана зьяўленьне тут «Спутника». Прыяжджаў Дзьмітры Кісялёў, прыцягнуў гэтым увагу прэсы і замацаваў тое, што ёсьць — гэта чарговы крок з боку Расеі па пашырэньні сваёй інфармацыйнай прысутнасьці. Тое, што на адкрыцьці «Спутника» прысутнічалі два беларускія міністры — інфармацыі і замежных спраў — дадаткова паказвае, наколькі вялікі ўплыў Расеі на нашу краіну.

Аляксандар Лукашэнка дагэтуль ня выканаў свайго абяцаньня, якое калісьці публічна даў — запусьціць у бясплатны пакет беларускіх тэлеканалаў украінскі тэлеканал. Відавочна, што з рашэньнем гэтага не рабіць расейская прысутнасьць толькі ўмацавалася. У яе няма альтэрнатывы.

А беларускія праграмы, хоць і прапануюць больш мяккую і не такую зацятую пазыцыю, як РТР і іншыя, але адкрыта баяцца процістаяць расейскай інфармацыйнай палітыцы. Яны яе зьмякчаюць, але знаходзяцца ў яе рэчышчы. Улады зь нейкіх прычын ня хочуць гэтага заўважаць, ня бачаць у гэтым пагрозы і ня хочуць прадпрымаць ніякіх крокаў.

А крокі гэтыя відавочныя. Вось грамадзкі рух «Гавары праўду» зьвярнуўся з заклікам дапусьціць украінскі тэлеканал, прапрацаваць дапаўненьне расейскіх сэрыялаў аналягічным прадуктам іншых вытворцаў, пашырыць магчымасьці выступу на дзяржаўных тэлеканалах для прадстаўнікоў альтэрнатыўных пунктаў гледжаньня, павялічыць колькасьць навукова-папулярных і забаўляльных праграмаў для ўсіх узростаў пра беларускую дзяржаву, мову, культуру, гісторыю. То бок, што рабіць — грамадзтва ведае, але ўлада рабіць гэта не жадае.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Самая верагодная прычына — яны ня бачаць пагрозы. Яны ўтульна сябе адчуваюць у гэтай прасторы расейскага сьвету, мэнтальнасьці, кантэнту, бо гэта фактычна іх сьвет. Я кажу не пра ўсю Беларусь, а пра афіцыйную яе частку, якая дамінуе ў інфармацыйнай палітыцы, якая дыктуе палітыку ў галіне культуры, асьветы і гэтак далей.

Той кантэнт, які ідзе з усходу, падрывае сьветапогляд нацыянальна сьвядомых беларусаў, у прынцыпе ідэю сувэрэннай незалежнай дзяржавы. Але гэта робіцца не адмыслова грубымі наступамі, праз правакацыі, кампаніі, як цяпер адносна Ўкраіны, а падсьвядома, празь нейкія гутаркі, у тым ліку пра Ўкраіну. Беларускім уладам ня хочацца і няма патрэбы з гэтым змагацца.

Вось калі б тут зьявіўся Залдастанаў і на першым канале патлумачыў, што няма такой дзяржавы Беларусь, дык адразу пра гэта б сказалі, была б дыскусія. Паколькі ж гэта адбываецца не выразна, а больш таемна, то і такіх выступаў няма.

Зразумела, чыноўнікі ўзгадняюць, што паказваць на гэтых каналах, і ёсьць пэўныя дамовы. Вось раней, калі былі выразныя наступы на Лукашэнку з боку расейскага ТБ, гэтыя дамовы не зьмяняліся. Але гэта вырашаюць не яны, а менавіта кіраўнікі. І пакуль яны пры ўладзе, Лукашэнка і Пуцін, то кардынальных зьменаў ня будзе і Беларусь будзе заставацца ў рэчышчы інфармацыйнага, прапагандысцкага, культурнага гнёту з боку Расеі.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: Справа ідзе ня толькі пра супольную інфармацыйную прастору. Спрабуюць стварыць супольную палітыку ў галінах замежных спраў, эканомікі, іншых — тлумачыцца гэта тым, што ёсьць такая дзяржава Беларусь-Расея, ёсьць вялікая колькасьць чыноўнікаў, якія мусяць гэтым займацца, атрымліваюць з гэтага свае заробкі. Узьнікае пытаньне: а чаму наагул можа існаваць супольная інфармацыйная палітыка? Адказ у тым, што ні ў Беларусі, ні цяпер у Расеі фактычна няма незалежных мэдыяў. Значную перавагу маюць дзяржаўныя. І вось менавіта наяўнасьць іх у такой вялікай колькасьці і дазваляе ставіць пытаньне і ствараць супольную інфармацыйную і, я б дадаў, дзяржаўную прастору.

Я асабіста перакананы, што ніякай супольнай інфармацыйнай прасторы нам не патрэбна. Але мне цікава было даведацца, чым абгрунтоўваюць чыноўнікі (расейскія і беларускія) гэты праект. Знайшоў наконт гэтага меркаваньні міністра сувязі і масавых камунікацыяў Расеі Мікалая Нікіфарава. Ён заяўляе:

«Важна зрабіць так, каб грамадзяне нашых дзяржаў мелі своечасовы доступ да інфармацыі, і для гэтага неабходна супрацоўніцтва на міждзяржаўным узроўні. Важна мець плян мерапрыемстваў, які ўключаў бы ў сябе праграму па абмене прафэсійнымі дэлегацыямі, арганізацыю сумесных стажыровак, рэалізацыю сумесных праектаў. Расійскія праекты актыўна разглядаюць сваю прысутнасьць на інфармацыйным полі Беларусі. Мы павінны зрабіць усё, каб садзейнічаць такім кантактам. Чым больш будзе адбывацца ўзаемаабмен інфармацыяй, тым больш справядлівую карціну атрымаюць нашы грамадзяне».

Выказваньне як бы нармальнае. Але адразу ўзьнікае пытаньне: а чаму справядлівая карціна сьвету фармуецца толькі ў дзьвюх краінах — Беларусі і Расеі? А што, у Польшчы, ва Ўкраіне ці ў Літве складаюць несправядлівую карціну? І наагул, што разумець пад «справядлівым» выкладаньнем падзей? І нават больш глябальнае пытаньне: ці можна наагул лічыць журналістыкай тое, што робяць на дзяржаўных расейскіх тэлеканалах спадар Кісялёў «и иже с ним», захліпаючыся ў эўфарыі «русского мира»? Калісьці падавалася, што пераплюнуць Азаронка, Давыдзьку, Зімоўскага, Казіятку немагчыма.

Аказваецца можна. Гэта стала магчымым, калі Расея разьвярнула вялізную інфармацыйна-прапагандысцкую вайну, маштабы якой нагадваюць прапаганду часоў «халоднай вайны». І высьветлілася, што значная частка насельніцтва Беларусі, якая здатная ўспрымаць інфармацыю толькі на расейскай мове, маючы на беларускім тэлебачаньні толькі размытыя альтэрнатывы, ахвотна падтрымала асноўныя тэзы расейскага мэдыя-дыскурсу.

Вось такая супольная інфармацыйная палітыка і прывяла да таго, што для значнай часткі насельніцтва Беларусі менавіта расейскія каналы сталіся своеасаблівым «акном на сьвет».

Стаўленьне беларускіх дзяржаўных мэдыяў да падзеяў ва Ўкраіне можна падзяліць на два этапы. Першы, калі яны відавочна чакалі нейкай рэакцыі беларускай улады. І другі, калі пасьля досыць нэгатыўнага стаўленьня беларускага кіраўніцтва па праблеме анэксіі Крыму пазыцыя беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў і газэт стала значна больш вытрыманай. Паказальна было і тое, што яны ўжо спрабавалі наблізіцца да пэўнай рознабаковасьці пры асьвятленьні падзеяў ва Ўкраіне.

А цяпер беларускія мэдыі пад выглядам супольнай інфармацыйнай палітыкі вымушаюць скакаць пад маскоўскую дудку. Хіба гэта нам патрэбна?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG