Вынікамі дасьледаваньня з агенцтвам БелаПАН падзялілася прэс-служба прадстаўніцтва карпарацыі Microsoft.
Вынік паказаў, што 85% праграмнага забесьпячэньня, усталяванага на камп’ютарах беларускіх карыстальнікаў у 2015 годзе, неліцэнзійнае. У 2014 годзе гэты паказчык дасягаў 86%.
У астатніх краінах постсавецкай прасторы колькасьць неліцэнзійнага софту зьменшылася на 1–6%. Найлепшы вынік у барацьбе зь пірацтвам прадэманстравала Грузія. У краінах Паўночнай Амэрыкі ўзровень выкарыстаньня нелегальнага праграмнага забесьпячэньня зьнізіўся да 17%. Колькасьць пірацкага ПА у заходнеэўрапейскіх краінах зьменшылася на 1% у параўнаньні з папярэднім годам і складае 28%.
Што да краін — суседзяў Беларусі, то паказчык пірацтва ў іх складае: Расея — 64%, Латвія — 49%, Літва — 51%, Польшча — 48%, Эстонія — 42%.
Згодна з дасьледаваньнем BSA, 39% праграмнага забесьпячэньня, усталяванага на камп’ютары ў 2015 годзе па ўсім сьвеце, неліцэнзійнае. У адпаведнасьці з вынікамі дасьледаваньняў за папярэднія гады, гэты паказчык зьнізіўся на 4%. Паводле даных міжнароднага цэнтра Microsoft па барацьбе з кібэрзлачынствамі, летась 80% карыстальнікаў з краін СНД сталі ахвярамі кібэратак, 97,5% прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу прынамсі аднойчы сутыкнуліся з кібэрпагрозамі.
Каб супрацьстаяць пірацтву, Microsoft рэкамэндуе прадпрыемствам выкарыстоўваць толькі ліцэнзійныя праграмныя прадукты, праводзіць рэгулярныя сэмінары па асновах карпаратыўнай бясьпекі і ўжываць адмысловы софт для аховы даных.
«Колькасьць кібэратак, зьвязаных з выкарыстаньнем высокіх тэхналёгій, пастаянна расьце. Можна сьмела сьцьвярджаць, што кібэрзлачынствы непарыўна зьвязаныя з выкарыстаньнем нелегальнага ПА. Штогод ствараецца больш за 300 мільёнаў новых хакерскіх праграм, штодня ўчыняецца мільён кібэратак», — кажа Дзьмітрый Берасьнеў, дырэктар па кіраваньні праграмнымі актывамі і праверцы выкананьня ўмоў ліцэнзаваньня ў краінах СНД.
Асацыяцыя вытворцаў праграмнага забесьпячэньня BSA — гэта некамэрцыйная арганізацыя, дзейнасьць якой скіраваная на садзейнічаньне разьвіцьцю бясьпечнага і легальнага лічбавага сьвету.