Пра гэта ў інтэрвію «Ежедневнику» распавёў дырэктар кампаніі Міхаіл Шмілаў.
Гэты адзін з самых пасьпяховых IT-праектаў сьвету зьявіўся на рынку пяць гадоў таму.
«Так атрымалася, што ва ўсіх з нашай каманды, хто пачынаў ствараць Viber, былі сябры ці дзяўчаты зь іншых краінаў, і трэба было неяк размаўляць. Гаварыць па мабільнай сувязі было дорага, а скайп не даваў адчуваньня спантаннасьці, бо па скайпе мы звычайна гаворым, знаходзячыся ля кампутара. Мы ўсе — Ігар Магазіньнік, Тальман Марка і я — працавалі ў кампаніі iMesh, стваралі праграмы, зьвязаныя з музыкай, але ў адзін момант вырашылі паспрабаваць зрабіць нешта з тэлефанаваньнямі! Асабліва, калі Тальман зьехаў працаваць за мяжу, нам трэба было мець зносіны, таму стварэньне Viber стала прафэсійнай неабходнасьцю».
Паводле Міхаіла Шмілава, Viber змог забраць частку аўдыторыі Skype, але Skype ніхто не «забіваў». Цяпер прыкладна 650 мільёнаў чалавек выкарыстоўвае Viber, але яго рэальны патэнцыял нашмат вышэйшы.
Міхаіл Шлімаў распавёў, чым Viber адрозьніваецца ад Skype и WhatsApp:
«Skype больш прызначаны для званкоў, калі ты сядзіш насупраць кампутара. Viber жа арыентаваны на званкі і перапіску з тэлефона, таму вэрсію для кампутараў (Windows і Mac) мы бачым хутчэй як дадатак да мабільнай вэрсіі. Што ж тычыцца WhatsApp, то ў нас вялікая зь імі розьніца ў сыстэме працы званкоў. Мы таксама распрацоўваем навінкі, якія ёсьць толькі ў нас! Напрыклад, калі вы паслалі паведамленьне, і прайшло ўжо два-тры дні, і вы зразумелі, што напісалі гэта смс дарма, то вы можаце выдаліць яго, і ня толькі ў сябе ў дадатку, але і ў чалавека, якому гэта паведамленьне было адрасавана! Гэта новая магчымасьць, якая ёсьць толькі ў Viber, у іншых прыкладаньнях паведамленьне сьціраецца толькі ў чалавека ў тэлефоне».
Паводле Міхаіла Шмілава, Viber увесь час разьвіваецца дзеля павышэньня ўзроўню бясьпекі і абароны асабістых дадзеных, а таксама паляпшэньня аўдыё і відэа-канфэрэнцыяў.
«Мы хочам, каб людзі з намі расслабляліся, таму таксама папаўняем наш маркет новымі стыкерамі, адкрылі паблік-чат, дзе людзі могуць адсочваць зорак і таксама актыўна мець зносіны адзін з адным, абмяркоўваць навіны. У Беларусі, дарэчы, мы таксама адкрылі зусім нядаўна паблік-чат. Ёсьць яшчэ шмат навінак, сьвет зьмяняецца і камунікацыя — гэта ня толькі спосаб зносінаў, але і магчымасьць працы з банкамі, арганізацыямі. Мы працуем над тым, каб чалавек пры дапамозе Viber мог рабіць розныя маніпуляцыі і дзеяньні, якія б дапамаглі яму ў жыцьці».
Падчас землятрусу ў Нэпале платныя званкі з viber out працавалі бясплатна, і людзі маглі патэлефанаваць нават тым, у каго няма Viber, і сказаць, што ў іх усё добра.
Таксама Міхаіл Шмілеў распавёў, што цяпер распрацоўваецца магчымасьць размовы з тэлефонам:
«Цяпер у сыстэме Android зьявілася новая магчымасьць размовы чалавека з тэлефонам — SPEECH СONTROL. У Viber таксама ёсьць функцыя VOICE CONTROL, але пакуль няма магчымасьці размовы з тэлефонам. Мы ня можам гэта зрабіць адны, гэта адбываецца на плятформе Google, таму Viber павінен распрацоўваць новую сыстэму сумесна зь іншай кампаніяй. Мы хочам укараніць у Viber гэтую новую функцыю — speech to text, каб можна было адпраўляць паведамленьні голасам, калі вы едзеце за стырном, і вашыя рукі занятыя. Цяпер гэта ў працэсе распрацоўкі».
Viber купіла японская кампанія Rakuten, у якой Viber застаецца вядучым міжнародным праектам. А Тальман Марка і Ігар Магазіньнік, заснавальнікі Viber, цяпер заснавалі новую кампанію Juno, якая мае аддзяленьні ў Менску і ў Ізраілі. Дзейнасьць кампаніі пакуль захоўваецца ў сакрэце.
У 2010 годзе Ігар Магазіньнік (ён вырас у Беларусі і мае беларускае і ізраільскае грамадзянства) і ізраільцянін Тальман Марка запусьцілі мабільнае дастасаваньне Viber, якое амэрыканскае выданьне Bloomberg праз пару гадоў назвала «Беларускім забойцам Skype».
Як і Skype, яно працуе пры наяўнасьці інтэрнэту. Аднак галоўнае адрозьненьне «беларускага скайпу» ў тым, што замест асобнага профілю ў дастасаваньні выкарыстоўваецца нумар тэлефону абанэнту.
У 2014 годзе Viber быў прададзены японскай кампаніі Rakuten за 900 мільёнаў даляраў.