Частка кампазыцый была напісаная да жнівеньскіх падзеяў 2020 году. Пасьля пачатку беларускай рэвалюцыі музыкі актыўна падтрымлівалі народны рух: выступалі на маршах, плошчах, у дварах, каля фабрык і заводаў; ладзілі жывыя канцэрты на YouTube у падтрымку палітвязьняў і працягвалі ствараць песьні, якія станавіліся адлюстраваньнем тых падзеяў, адзначае калектыў у звароце да журналістаў.
Напрыклад, «Horad SonCa» — гэта песьня аднаго дня, 9 жніўня 2020 году, калі ўдзельнікі шэсьцяў вярталіся дадому, а краіна яшчэ дыхала надзеяй. Менавіта ў гэты час былі напісаныя «Stakholmskі Syndrom», «Ja Chaču Żyć» і «Novaja Chvala» — кампазыцыі, што сталі сымбалямі пратэсту й веры ў перамены.
Рэакцыяй на падзеі 2020 і 2022 гадоў стала й песьня «Pałaje», напісаная пад Кіевам, у месцы дысьлякацыі палка імя Кастуся Каліноўскага, перад канцэртам для беларускіх добраахвотнікаў.
Агулам, песьні з новага альбома перадаюць боль, супраціў, настальгію, але й надзею. Яны — пра немагчымасьць маўчаць і пошук адказаў на пытаньне, як рухацца далей, адзначаецца ў апісаньні альбому.
Новы альбом ужо даступны на ўсіх музычных плятформах — Spotіfy, Apple Musіc, YouTube Musіc і іншых. Таксама музыкі рыхтуюць выданьне альбома на вініле й CD.
Форум