Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэрыя схемы і непублічныя кантакты. Што засталося ад беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў і ці ёсьць у іх будучыня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Львове з 11 лістапада праходзіць беларуска-ўкраінскі «Астроскі форум» — штогадовая пляцоўка для экспэртаў, навукоўцаў і палітыкаў дзьвюх краін, заклапочаных разьвіцьцём узаемных палітычных, эканамічных і культурных дачыненьняў.

У цэнтры ўвагі дасьледчыкаў — крызіс у зносінах, які паглыбіўся з пачаткам агрэсіі Расеі супраць незалежнай Украіны. Экспэрты аналізуюць прычыны такога становішча, тэндэнцыі блізкага часу і шляхі наладжваньня партнэрства.

Зь пяці балаў маем адзін

Кіраўніца Цэнтру «Вольная Беларусь» Паліна Бродзік на Астроскім форуме прадставіла распрацаваны беларускімі дасьледчыкамі «Індэкс беларуска-ўкраінскіх адносін — 2025» — справаздачу аб стасунках, якія ўжо немагчыма назваць дружбай. Паводле экспэрткі, пакуль можна казаць толькі пра два кірункі, на якіх бачна хоць невялікая, але пазытыўная дынаміка.

«Стасункі застаюцца на нізкім узроўні. Паводле пяцібальнай шкалы нашы экспэрты іх ацэньваюць у адзін бал, але ёсьць зрухі да лепшага. Пазытыўная дынаміка адзначана ў кірунку супрацы беларускіх дэмакратычных сіл з украінскім грамадзтвам і ў культурных адносінах. Але і тут посьпехі фрагмэнтарныя, яны ня вынік сыстэмнай працы, а хутчэй вынік ініцыятываў асобаў. Што да афіцыйных адносін Менску і Кіева, то яны замарожаныя, але гэта ня значыць, што міждзяржаўных кантактаў зусім няма», — адзначае Паліна Бродзік.

Паводле экспэрткі, сілавікі кантактуюць паміж сабой па вельмі пэўных прафэсійных тэмах і ў пытаньнях, зьвязаных з наступствамі вайны.

«Мы адсочваем два трэкі ўзаемадзеяньня: паміж памежнікамі, якія ўзаемадзейнічаюць у тым ліку празь дзейнасьць адзінага памежнага пераходу, і пры вырашэньні розных інцыдэнтаў. А другі трэк — абмен ваеннапалоннымі і вяртаньне дзяцей, у чым вельмі моцна зацікаўлены Кіеў. Гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася ў першы дзень працы форуму, у тым ліку з удзелам былога амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма», — паведаміла Паліна Бродзік.

Паводле ўдзельнікаў форуму, важным застаецца і пытаньне гарантый з боку ўраду Беларусі пра няўдзел у вайсковых дзеяньнях.

«Удзельнікі адзначалі, што такія гарантыі дзейнічаюць, і праз гэта ўкраінцы зьнялі частку сілаў зь беларуска-ўкраінскай мяжы, што ім дапамагло ў правядзеньні пэўных вайсковых апэрацый на іншых участках фронту. Ацэнка была вельмі станоўчая», — апавяла экспэртка зь Беларусі Паліна Бродзік.

Шукаюць кропкі перакрыжаваньня ў грамадзтвах

Паводле экспэрткі, беларускія дэмакратычныя структуры спрабуюць аднавіць і палепшыць кантакты з украінскім грамадзтвам і палітыкамі. Як прыклад на форуме згадвалася тое, што сёлета ў Кіеве было адноўленае прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі.

«Дзеля гэтага і наладжваўся Астроскі форум: каб шукаць і знаходзіць кропкі перакрыжаваньня ў грамадзтвах, адбудоўваць больш інтэнсіўнае ўзаемадзеяньне паміж палітыкамі і грамадзянскай супольнасьцю абедзьвюх краін. Канечне, зь беларускага боку гаворка пра дэмакратычныя сілы — Менск у гэтых дыскусіях ня ўдзельнічае, хаця, мяркую, сочыць уважліва», — лічыць Паліна Бродзік.

«Шэрыя схемы» дзейнічаюць

Што да эканамічнага ўзаемадзеяньня, то, паводле ўдзельнікаў форуму, яно знаходзіцца на нізкім, але не нулявым узроўні.

«Няма інвэстыцый у значныя сумесныя праекты, але яшчэ захаваліся пастаўкі па некаторых лініях. Дзейнічае лічбавая эканоміка, і ня ўсе сумесныя кампаніі закрыліся, на якіх працуюць як украінскія, гэтак і беларускія супрацоўнікі.

І таксама яшчэ застаюцца „шэрыя“ пастаўкі нафтапрадуктаў і шкла зь Беларусі праз трэція краіны. Яны нязначныя, экспэрты казалі, што калі раней тавараабарот вымяраўся мільёнамі даляраў, дык цяпер дзясяткамі тысяч. Але такія шэрыя схемы яшчэ існуюць», — апавяла пра дыскусіі ў Львове Паліна Бродзік.

Чакаецца ўдзел Віктара Юшчанкі

Першая частка форуму ў Львове праходзіла ў закрытым фармаце, а вось другая, прысьвечаная больш палітычным пытаньням, пройдзе ў Кіеве. У дыскусіях на палітычныя тэмы ад Беларусі возьмуць удзел прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінэту Франак Вячорка і Анатоль Лябедзька, па онлайн-сувязі плянуе далучыцца намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у кіраўніцтве пераходным кабінэтам Павал Латушка.

Таксама на форум запрошаныя народныя дэпутаты ад усіх фракцый у Вярхоўнай радзе, як апазыцыйных, гэтак і кіроўнай. Будуць прысутнічаць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, чакаецца ўдзел былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

«Ужо можна адзначыць, што ад году ў год на Астроскім форуме колькасьць ня толькі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Ўкраіны, але і дэпутатаў ды службоўцаў павялічваецца. Спадзяюся, гэта будзе прыводзіць да пазытыўных зьменаў у заканадаўстве Ўкраіны, што вельмі важна для беларускіх добраахвотнікаў з палка Каліноўскага. І канечне, гэта паспрыяе больш устойліваму ўзаемадзеяньню беларускіх дэмакратычных сілаў і ўладаў Украіны па палітычных пытаньнях. Значыць, мы зможам сумесна рабіць важныя праекты», — кажа кіраўніца Цэнтру «Вольная Беларусь» Паліна Бродзік.

У Кіеве Астроскі форум будзе працаваць з 14 да 15 лістапада. Ад беларускага боку да дыскусій таксама далучацца дырэктар BEROC Павал Данэйка, экспэрт Яраслаў Раманчук, галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык, палітоляг Вадзім Мажэйка, палітык Вадзім Кабанчук, былы баец палка Каліноўскага Алесь Клачко.

Украінскі бок прадставяць дэпутат ад фракцыі «Слуга народу» Багдан Яроменка, дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Сяргей Собалеў, дырэктарка Інстытуту нацыянальнай трываласьці і бясьпекі Рэна Маруцян і іншыя палітыкі ды экспэрты.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG