Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прорва, якая расьце


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Разрыў паміж уладай і рэальнай грамадзкай актыўнасьцю ў Беларусі павялічваецца. Можна параўнаць даробкі на тых самых, здавалася б, пляцоўках. Вось хоць бы ў літаратуры.

Што робіць праўладны СП, я не асабліва ведаю, дый, мяркуючы з розгаласу, не асабліва гэта каму цікава. Што робіць СБП – «Дзеяслоў» і рэгіянальныя альманахі, кнігі, конкурсы, прэміі, школа маладога пісьменьніка, міжнародныя кантакты… Задзейнічаныя сотні, калі ня тысячы людзей, пераважна моладзі. Залі поўныя, жарсьці кіпяць, вочы гараць. Але, дапускаю, што праўладнаму СП гэта ня толькі нецікава, але і ня вельмі зразумела. Розныя матывы, прыярытэты і стымулы.

А вось міжнародны кніжны кірмаш у Менску. Запрошаныя жук і жаба. Толькі нобэлеўская ляўрэатка не запрошаная. Чаму? Дапускаю, жуку і жабу тэма беларускай літаратуры як набэліярнай таксама незразумелая. Маштаб там сусьветны, а ўсё прыўладнае, як і сама ўлада ў нас даўно ўжыліся ў самімі сабой створаны вобраз цывілізацыйных ізгояў.

Ці вось прэзэнтавалі надоечы зборнік незалежнага мысьленьня «Цытуй сваё!». Акурат ёсьць з чым параўнаць нядаўнюю кнігу мудрасьці галоўнага ў Менску па тэлебачаньні. У выдадзеных талакою цытатах, а найперш у самім праекце, ёсьць тое, што адрозьнівае жывое ад мёртвага, творчасьць ад руціны, культуру ад сэрвіроўкі «государева» стала. Гэта гульня, тое, з чаго пачынаецца кожнае жыцьцё і што застаецца ў гэтым жыцьці жывога.

Калісьці мне ўжо даводзілася параўноўваць улюбёную газэту беларускай інтэлігенцыі «ЛіМ» у 1980-я з тым, што называецца «ЛіМам» сёньня. У сёньняшняй начыста адсутнічае эзопава мова, намёк, «тролінг». Зноў жа – гульня.

Мае прыклады зь літаратуры – толькі прыклады з таго, што адбываецца ў грамадзтве. Насамрэч такіх праяваў ужо вялікае мноства. Сачыце за абвесткамі ў сеціве і другім вокам паглядайце на заявы сукупнага рэжымнага ананіча. Прорва нарастае з кожным днём.

Трэба сказаць, што ў сярэдзіне 1990-х і само беларускае адраджэньне пачало нагадваць сёньняшні «ЛіМ» без кантэксту. Гэта калі мы шматтысячным натоўпам крычалі «Жыве Беларусь!», а нічога не адбывалася і само гэтае крычаньне гатовае было стаць карыкатурай. Раты ад крыку перасыхалі, не раўнуючы сама крыніца адраджэньня.

Спатрэбілася яшчэ шмат гадоў, каб зь беларушчыны зьляцеў гэты жалобны вэлюм палітычнай руціны, каб мова і культура перасталі быць палітыкай, каб крыніца прабілася зноў. Няма больш рытуальных клятваў і праклёнаў, няма страшных палітычных пастулятаў, якія патыхаюць сьмерцю. Затое зьявіліся людзі, новая моладзь.

Тое, што адбываецца сёньня, моцна нагадвае час распаду СССР. Вось ЛКСМБ ладзіць супольныя фэсты зь «нефармаламі». Да такога яшчэ не дайшло, але БРСМ ужо гатовы надзець вышыванкі. Улада проста не разумее гэтую жывую беларушчыну, якая прабіваецца з усіх шчылін. І першая рэакцыя – «Кто разрешил?», «Откуда взялось?», «Зачем?».

На маю думку, гэтая прорва эвалюцыйная. Крыніца ўсё адно праб’ецца там, дзе яна струменіла спрадвеку. А ўлада, руціна, канцылярыт… Паэт Алег Мінкін калісьці сказаў пра гэта:

Каханьне, грошы, славы сьверб — мана:
Гарэза-час завабiць iмi сэрца,
Памучае, а потым насьмяецца —
Ня здраджвае Радзiма нам адна.

Так у рацэ сплывае хлуд сухi,
Цяжкiя бёрны i ашмоцьце пены,
I толькi адбiваюцца нязьменна
У хуткабежнай плынi — берагi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG