Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выставе ў Менску ўшануюць 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня. Алексіевіч не запрошаная


Міжнародная кніжная выстава, Менск, 2015.
Міжнародная кніжная выстава, Менск, 2015.

10–14 лютага пройдзе XXIII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, арганізаваная Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Менскім гарвыканкамам, кампаніямі «Белкніга» і «Макбел».

Старшыня аргкамітэту выставы-кірмашу — міністар інфармацыі Лілія Ананіч.

Паводле Аргкамітэту, сярод асноўных тэмаў выставы — «2016 год — год культуры ў Рэспубліцы Беларусь», а таксама 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня. Увага будзе ўдзелена і такім тэмам, як 25-годзьдзе Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, 30-годзьдзе чарнобыльскай катастрофы, 70-годзьдзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, 400-я гадавіна Ўільяма Шэксьпіра, юбілейныя даты Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Уладзімера Мулявіна.

Апроч беларускіх выдавецтваў, у выставе возьмуць удзел прадстаўнікі Расеі, Казахстану, Украіны, Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, якія будуць мець адмысловыя стэнды.

Першы нобэлеўскі ляўрэат зь Беларусі ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч афіцыйнане не запрошаная, але яе кнігі павінны быць на стэндах беларускіх і замежных выдавецтваў.

Самая вялікая экспазыцыя зь ліку незалежных выдавецтваў будзе належаць «Галіяфам» — для выставы падрыхтавана ажно 70 кніг.

Дырэктар выдавецтва Зьміцер Вішнёў кажа, што будуць прадстаўленыя як навінкі, так і кнігі ранейшых гадоў.

Зьміцер Вішнёў
Зьміцер Вішнёў

«Гэта ня першы ўдзел „Галіяфаў“ у гэтай выставе: два гады таму мы таксама мелі асобны стэнд, а яшчэ раней выстаўляліся на супольным стэндзе незалежных выдаўцоў. Сёлета будзем рабіць максымальна шырокую экспазыцыю — ужо запакавалі каля 70 кніг. Сярод навінак, якія паедуць на выставу, — „Белая муха, забойца мужчын“ Альгерда Бахарэвіча, „Дом літаратара“ Сяргея Абламейкі, „Дзіцячы маніфэст“ Кірыла Стаселькі, „Паўночны вецер для сьпелых пладоў“ Юрыя Станкевіча. Гэтыя тыя кнігі, якія сёлета будуць вылучаныя для ўдзелу ў прэміях і конкурсах».

Зьміцер Вішнёў лічыць, што на кірмашы-выставе «Галіяфам» важна зрабіць акцэнт на новую пляцоўку выдавецтва ў Траецкім прадмесьці — наведвальнікам будуць раздаваць флаеры-запрашэньні.

«Я лічу, што незалежныя выдаўцы будуць прадстаўленыя на выставе недастаткова. Увогуле, хацелася б, каб нарэшце пачала працаваць Асацыяцыя незалежных выдаўцоў — пра што гавораць ужо колькі гадоў. Я спадзяюся, што мы актывізуемся і ў хуткім часе сур’ёзна абмяркуем такое аб’ядананьне, якое дасьць магчымасьць больш актыўна выстаўляцца на міжнародных выставах, лабіраваць і бараніць свае правы».

Выдавецтва Arche рыхтуе невялікі стэнд, дзе можна будзе пазнаёміцца з вынікамі працы выдавецтва за 2015 год. Галоўны рэдактар Валер Булгакаў адзначыў, што на ім будуць прадстаўленыя асноўныя выдавецкія праекты:

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

«Будуць нашы навінкі, сярод якіх кніга, прысьвечаная абароне Берасьцейскай крэпасьці, — „Брест. Лето 1941 года“. Цягам 2015 году ў нас выйшла 10 нумароў часопіса „Arche“ і больш за 20 кніг — яны таксама будуць у экспазыцыі».

Выдавецтва «логвінаЎ», якому ня раз адмаўлялі ва ўдзеле ў кніжнай выставе, сёлета ня ўдзельнічае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG