Асуджаны на 21 год турмы за падвойны тэракт у Осла і на востраве Ютая, у выніку чаго загінулі 77 чалавек, 36-гадовы Андэрс Брэйвік зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі як нарвэскіх, так і іншых эўрапейскіх СМІ.
Як высьветлілася, у яго за час утрыманьня за кратамі зьявіліся прыхільніцы, гатовыя чакаць, пакуль ён ня выйдзе на волю, каб зьвязаць зь ім сваё жыцьцё. Штогод тэрарыст, які цяпер утрымліваецца на поўдні краіны ў вязьніцы самага высокага ўзроўню бясьпекі — Шыен, атрымлівае да 800 лістоў з прызнаньнямі, што ім захапляюцца як асобай. 150 з гэтых лістоў напісала закаханая ў яго швэдзкая дзяўчына Мадлен (Madeleine). Цяпер ёй 26 гадоў. Яна інвалід, бо мае пухліну. Таму нідзе не працуе і атрымлівае ад дзяржавы невялікую пэнсію.
Карэспандэнты ангельскай The Daily Mail наведалі Мадлен і разам з інтэрвію апублікавалі яе здымкі ды лісты Брэйвіка да яе.
«Я кахаю Брэйвіка, а ня тое, што ён зрабіў»
Мадлен расказала, што пазнаёмілася з каханым яшчэ ў 2007 годзе — завочна, празь ліставаньне ў інтэрнэце. Але сустрэцца зь ім не наважылася — перашкодзіла сьціпласьць ды адчуваньне, што не спадабаецца яму. Пасьля арышту Брэйвіка ліставаньне, пераважна зь яе боку, аднавілася. Лісты каханага, як яна кажа, да яе найчасьцей не даходзяць з-за турэмнай цэнзуры. На гэта сам асуджаны пастаянна скардзіцца кіраўніцтву пэнітэнцыярнай сыстэмы Нарвэгіі.
Мадлен прызналася, што не ўяўляе свайго жыцьця бяз Андэрса і адчувае з боку каханага таксама рамантычныя пачуцьці:
«Я сумую па ім кожны дзень. Мне здаецца, мае пачуцьці сталі мацнейшымі. Я клапачуся пра яго, ён цяпер у такім хісткім становішчы».
Мадлен адпраўляе Брэйвіку невялікія падарункі — напрыклад, цёмна-сіні гальштук, які ён надзеў на адно з судовых паседжаньняў. Мадлен лічыць, што так яна «падтрымлівае маральны дух» каханага. З пэнсіі яна выкройвае штомесяц да 200 нарвэскіх крон (каля 25 даляраў) — тыя дазволеныя яму кішэнныя грошы, на якія ён можа купляць маркі, каб адсылаць лісты. Мадлен спрабуе дамагчыся, каб тэрарысту зьмякчылі ўмовы ўтрыманьня — цяпер Брэйвік у строгай ізаляцыі. Яна марыць пра сустрэчу зь ім, але гэта забаронена правіламі.
Гібрыстафілія і «Сындром Боні і Клайда»
Выданьне прыводзіць меркаваньне адмыслоўцаў-псыхіятраў, якія тлумачаць паводзіны дзяўчыны «сындромам Боні і Клайда» або гібрыстафіліяй, што выяўляецца ў сэксуальнай цязе да злачынцаў.
З дазволу дзяўчыны выданьне цытуе ўрыўкі зь лістоў тэрарыста. Яны паказваюць: Брэйвік спадзяецца, што, нягледзячы на гнеў бацькоў забітых ім маладых людзей ды падлеткаў, яго ўсё ж выпусьцяць зь вязьніцы:
«Калі я вызвалюся, дык першае, што зраблю, — зьеду ў іншую краіну, лепш такую, дзе дазволена хатняя адукацыя».
Як адзначае Мадлен, каханы намякае, што хоча мець дзяцей і што хацеў бы стварыць зь ёй сям’ю. Брэйвік таксама піша, што Мадлен вельмі прыгожая і што яе сяброўства для яго значыць вельмі шмат:
«З вашай прыгажосьцю, індывідуальнасьцю ды інтэлектам вы можаце знайсьці любога, каго хочаце. Я думаю пра вясельле, але пачуцьці каханьня ў любым выпадку ня зьменяцца».
Мадлен лічыць, што Андэрс Брэйвік мог бы быць добрым бацькам.
Яна хоча, каб увесь сьвет ведаў, што ён зусім ня жорсткі чалавек:
«Я баюся, што ён заб’е сябе ці нехта зробіць яму вельмі балюча. Я люблю Андэрса Брэйвіка такім, які ён ёсьць, а ня тое, што ён зрабіў».
Так, Брэйвік як кансэрватар супраць ісламізацыі Эўропы, супраць іміграцыі. Але Мадлен перакананая, што ён ня мае намеру чыніць новыя злачынствы. Паводле закону кожны злачынца мае права на вызваленьне, адседзеўшы траціну свайго тэрміну, у выпадку Брэйвіка — праз 6,5 года. Але, хутчэй за ўсё, так хутка яго ня выпусьцяць.
Брэйвік патрабуе для сябе зашмат прывілеяў
Дзяўчына расказвае, што ў сваіх лістах каханы заклікае яе да жорсткіх трэніровак, каб лепш захаваць сілы ды рэпрадукцыйную здольнасьць. У адным са сваіх лістоў Брэйвік піша, што ў асабліва цяжкія дні ён думае пра тое, як усё вытрымлівалі асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне аўстрыец Ёзэф Фрыцль (цягам амаль 25 гадоў трымаў у падвале і гвалціў сваю дачку) ды амэрыканец Арыэль Кастра (выкраў, незаконна ўтрымліваў і рэгулярна гвалціў трох жанчын).
За сваю непахісную падтрымку Брэйвіка маладая швэдка, пішуць СМІ, часта атрымлівае пагрозы праз інтэрнэт і патрабаваньні спыніць зь ім усялякія стасункі. Яе сястра, якая была калісьці яе лепшай сяброўкай, сёньня ня хоча яе знаць.
Тым часам шэраг нарвэскіх выданьняў са спасылкай на начальства вязьніцы Шыен, дзе цяпер утрымліваецца 36-гадовы тэрарыст, адзначаюць, што гэты вязень апошнім часам проста заваліў іх скаргамі.
Так, адзін з турэмных начальнікаў Одэ Марцін Анэнсэн заявіў:
«Брэйвік патрабуе для сябе зашмат прывілеяў. Ён прэтэндуе на больш рэсурсаў, чым астатнія вязьні. Таму ў яго выпадку будуць выконвацца толькі прыярытэтныя рэчы. Ва ўсім астатнім яму будзе адмоўлена».