Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта караць так, як у Нарвэгіі? (працяг)


Інтэр'ер турмы Гальдэн у Нарвэгіі
Інтэр'ер турмы Гальдэн у Нарвэгіі

Сёньня мы працягнем расповед пра выкананьне пакараньняў у нарвэскіх турмах. Адзначым, што меркаваньні ўдзельнікаў перадачы носяць прыватны характар і не прэтэндуюць на нейкі грунтоўны аналіз пытаньня.

«Брэйвіку трэба сядзець у расейскай або беларускай турме»

Паводле словаў Вольгі, «так кажуць тыя нарвэжцы, якія апошнім часам шмат вандруюць па Ўсходняй Эўропе, наведалі сярод іншага Расею і Беларусь ды чулі пра тамтэйшыя турэмныя ўстановы».

Вольга зь Менску, але 15 гадоў таму выйшла замуж за нарвэжца Юна і пераехала жыць у край фіёрдаў. Вольга працуе, у яе выдатная сям’я, утульнае жытло, добрыя стасункі з суседзямі. У маленькіх паўночнаэўрапейскіх гарадках, дзе мне даводзілася бываць, як некалі ў вялікіх беларускіх вёсках — бадай усе ведаюць адзін аднаго, пры сустрэчах вітаюць нават незнаёмцаў, а на пытаньне «Як справы?» могуць спыніцца і сапраўды расказаць пра свае справы.

Чатыры гады таму ў гэтае ціхае, разьмеранае, спакойнае ды ўтульнае жыцьцё прыйшла бяда. Ад куляў тэрарыста загінула 19-гадовая Хана. Дзяўчына, якая вырасла на вачох у гараджанаў, у тым ліку і ў Вольгі. Яе сьмерць успрынялі як сьмерць некага зь сямейнікаў.

Перад паездкай у летнік на востраве Ютая, што непадалёк ад Осла, Хана скончыла мэдвучэльню, аднак папрацаваць так і пасьпела. Таксама дзяўчына была адным зь лідэраў AUF у правінцыі Согн-ог-Фіёранэ. Гэта моладзевая ліга Рабочай партыі — адной з найбуйнейшых у парлямэнце, які тут завецца стортынгам. Актывісты AUF рэгулярна ладзілі летнікі на востраве Ютая. 22 ліпеня 32-гадовы Андэрс Бэрынг Брэйвік пазабіваў, колькі мог, чальцоў арганізацыі, якую лічыў здрадніцкай: шараговых сябраў AUF ён абвясьціў здраднікамі катэгорыі С, а такіх, як Хана, рэгіянальных функцыянэраў — здраднікамі катэгорыі В. З пакараньнем здраднікаў катэгорыі А (вышэйшае кіраўніцтва AUF) выйшаў пракол. Лідэр арганізацыі Эскіль Пэдэрсэн разам з памочнікамі ўцёк з вострава на лодцы, як толькі пачуў страляніну.

Адна з ахвяраў тэракту 19-гадовая Хана-Крысьціна (зьлева)
Адна з ахвяраў тэракту 19-гадовая Хана-Крысьціна (зьлева)

Вольга расказвае, што ў Хану Брэйвік страляў тройчы, калі яна разам зь іншымі маладымі людзьмі спрабавала ўцячы з вострава, пераплыўшы заліў: «Трэцяя куля была сьмяротная — у галаву. Плынь там вельмі хуткая, і ратавальнікі шукалі цела вельмі доўга. Увесь гэты час бацькі, дый мы ўсе, на нешта спадзяваліся. Вельмі добрая, шчырая і прыгожая была гэтая дзяўчынка».

Вольга: «Мы добра ведаем гэтую сям’ю. Да трагедыі асабліва бацька дзяўчынкі даволі часта бываў у нас, дапамагаў нам па доме. Ён былы вайсковец, мой равесьнік, таксама з 1960-га. Быў такі відны мужчына. А тут пасівеў, счарнеў. Ягоная жонка ўвогуле не зьяўляецца на людзях... Калі сустракаюся з Ханіным бацькам, заўсёды адчуваю нейкую віну...Мы з мужам былі, бадай, апошнія ў гарадку, хто бачыў Хану жывой. Гэта было за дзень да той страляніны. Разам зь Юнам мы былі ў лекара ў мястэчку побач з нашым гарадком. І там жыла сяброўка Ханы (яна таксама загінула). Хана стаяла ля машыны і ніяк не магла яе завесьці. Папрасіла нас зь Юнам дапамагчы. Машына ў Ханы маленькая, а Юн — вялікі, таму спачатку паспрабавала я, але нічога ня выйшла, потым пакалупалася сяброўка — таксама нічога. У Юна машына завялася з другога разу. Дзяўчынкі селі і паехалі. Сёньня нам здаецца, што гэта быў такі знак-папярэджаньне — ня трэба ехаць, а мы вось не зьвярнулі на гэта ўвагі. Ханін жа бацька кажа: нават і ня думайце пра гэта».

Наўпроставы лінк

Вольга перакананая, што трагічныя падзеі не маглі не паўплываць на тую атмасфэру даверу, гуманных стасункаў паміж людзьмі, якая традыцыйна існуе на эўрапейскай Поўначы. Раней бясьпецы тут найбольш пагражалі прыродныя стыхіі. Сёньня пачалі асьцерагацца людзей.

Калі майму дзіцяці было восем гадоў, я не баялася, што ён гуляе недзе адзін на вуліцы... А цяпер гэта небясьпечна.

Вольга: «Сапраўды, шмат што зьмянілася. Калі майму дзіцяці было восем гадоў, я не баялася, што ён гуляе недзе адзін на вуліцы... А цяпер гэта небясьпечна. Сур’ёзныя бацькі цяпер самі забіраюць дзяцей са школы. Раней такога не было.

Яшчэ такі момант. Для мяне, беларускі, заўсёды было неверагодна ўбачыць на вуліцы без усялякай аховы каралеўскую сям’ю ці таго ж прэм’ер-міністра. У галаве заўсёды ўзьнікалі паралелі з маёй краінай. Цяпер шмат што выглядае інакш. Апошнія гады сталі для Нарвэгіі сапраўдным узрушэньнем. Шмат хто сярод злачынцаў — гэта замежнікі. Ня ўсе зь іх атрымліваюць статус уцекача, а трапіць за краты — самы просты шлях, каб камфортна пажыць, не прыкладаючы для гэтага нейкіх асаблівых намаганьняў. Тыя, каму не патрэбная свабода — робяць менавіта такі выбар.

Сёньня ў нарвэжцаў шмат на якія рэчы нібыта адкрыліся вочы. Але гэтая краіна па сваёй сутнасьці настолькі гуманная, што нават не магла ўявіць, што такое можа здарыцца. Заўсёды ў гэтым грамадзтве лічылася: дабро спараджае дабро. Але ж...»

Гэтая краіна па сваёй сутнасьці настолькі гуманная, што нават не магла ўявіць, што такое можа здарыцца. Заўсёды ў гэтым грамадзтве лічылася: дабро спараджае дабро.

Вольга зазначае, што нарвэскія падаткаплатнікі, за сродкі якіх утрымліваюцца вязьніцы, пачынаюць выказваць сваю незадаволенасьць адносна супэркамфортных умоваў утрыманьня злачынцаў. Асабліва гэта тычыцца Брэйвіка.

Вольга: «Шмат нэгатыву. Вось нядаўна я размаўляла з адной дзяўчынкай з нашага гораду. Яна рыхтавалася стаць студэнткай унівэрсытэту ў Осла. Але месца не атрымала. Лічыць — таму, што месца далі Брэйвіку... Умовы яго ўтрыманьня за кратамі можна параўнаць з колішнімі нашымі санаторнымі. Тыя нарвэжцы, якія цяпер падарожнічаюць па Ўсходняй Эўропе і слухаюць расказы пра тамтэйшыя турмы, кажуць: яго б у Расею ці ў Беларусь. Недзе ў СМІ бачыла інфармацыю пра абяцаньне мясцовых крымінальнікаў: як толькі Брэйвік выйдзе на волю, гэта стане яго апошнім днём жыцьця... Адплата чакае яго».

«Імкнуся не чытаць справы асуджаных»

Паводле дадзеных нарвэскай паліцыі, сярэднестатыстычны нарвэскі крымінальнік адбывае за кратамі недзе тры гады. (У Швэцыі паказчык прыкладна такі самы.) На 100 тысяч чалавек у Нарвэгіі прыпадае недзе 62 зьняволеныя (у Швэцыі — 64). Колькасьць замежных парушальнікаў, перадусім з арабскага ды паўднёваазіяцкага рэгіёнаў, з краінаў былога СССР ды Югаславіі ў нарвэскім крымінале расьце. Доля рэцыдыву — 20%. Ніжэйшы паказчык толькі ў Японіі. (Для параўнаньня: у Вялікабрытаніі ён роўны 40%, у Швэцыі — крыху болей за 40%, у Беларусі — больш за 50%, у Расеі — больш за 60%.)

Рэпартаж украінскага тэлебачаньня пра нарвэскія турмы:

Асноўная ідэя нарвэскай турмы, сьведчыць турэмная ахоўніца Ірына, у мінулым кіяўлянка, — у тым, што асуджаны не павінен адчуваць тут дадатковых пакут, а толькі ўсьведамляць сваю ізаляцыю ад навакольнага сьвету. Асноўныя прынцыпы нарвэскіх, як і іншых скандынаўскіх турмаў: «Дрэнная турма не выпраўляе злачынцу» і «Перш чым выняць чалавека з турмы, трэба выняць турму з чалавека».

Калі мы будзем зь іх зьдзекавацца і зьбіваць іх, то мы павінны чакаць ад іх толькі помсты. Таму галоўны прынцып утрыманьня вязьняў — людзкае стаўленьне да іх.

Ірына: «Рана ці позна гэтыя людзі вернуцца назад у грамадзтва. Якімі? Гэта ўжо залежыць ад таго, як яны адседзяць за кратамі. Калі мы будзем зь іх зьдзекавацца і зьбіваць іх, то мы павінны чакаць ад іх толькі помсты. Таму галоўны прынцып утрыманьня вязьняў — гэта людзкае стаўленьне да іх. Нягледзячы на тыя жорсткія злачынствы, якія яны зьдзейсьнілі. Шмат хто з маіх калегаў, і я таксама, не імкнуцца чытаць іхнія справы, бо інакш да некаторых будзе цяжка ставіцца па-людзку. Зразумела, сёе-тое я ведаю пра зьняволенага. Аднак па магчымасьці імкнуся не чытаць ягоную справу, бо інакш гэта будзе перашкаджаць у працы».

Ірына кажа, што ёй «вельмі прыемна працаваць з тымі, хто хоча зьмяніцца, у каго такое жаданьне ідзе ад душы» і яна шчыра спадзяецца, што гэтыя людзі «сюды больш ніколі ня вернуцца».

Хор ахоўнікаў турмы – прызёр многіх турэмных конкурсаў:

«Адрозна ад Латвіі ды Расеі мне не прыйшлося тут змагацца за выжываньне»

Латвіец Юрыс цягам чатырох месяцаў свайго нарвэскага зьняволеньня пасядзеў ажно ў дзьвюх вязьніцах. Некалі, у 1990-я, у сябе на радзіме Юрыс займаўся палітыкай, нават круціўся ў вышэйшых яе колах. Але захапіўся прафэсійнай гульнёй у покер ды пачаў улазіць у розныя авантуры. Пра тое, як трапіў за краты, Юрыс распавядае:

Юрыс: «Гэта была прыгода. Мне падабаецца рабіць вар’яцкія рэчы, так я і апынуўся за кратамі. Я вёз нелегальную апаратуру, якую забаронена ўвозіць. Фактычна было сплянаванае сучаснае рабаваньне банку, бо цяпер на рабункі ня ходзяць у масках ды зь пісталетамі. Аднак больш нічога пра гэта казаць не хачу. Проста мне ня трэба было ляцець самалётам, паехаў бы машынай — нічога б ня здарылася. У аэрапорце праводзілі стандартную праверку на наркотыкі. У выніку мяне адразу ж і арыштавалі».

Паколькі Нарвэгія — багатая краіна, тысячы людзей зь бяднейшых краін, як мяркуе былы зьняволены, імкнуцца трапіць туды ў надзеі зарабіць. У пошуках лепшага жыцьця туды прыяжджаюць палякі, літоўцы, у меншай ступені і латышы. Там шырокае поле для нелегальнага бізнэсу: наркотыкі, цыгарэты, алькаголь. У Нарвэгіі ўсё гэта каштуе касьмічных грошай, таму ахвотных зарабіць хапае заўсёды.

Юрыс узгадвае, што разам зь ім сядзелі пераважна дробныя наркакур’еры. Цікавых людзей сярод тых зьняволеных было мала.Тэмаў, каб размаўляць зь імі, таксама. Але ён пазнаёміўся з мужчынам з Вугоршчыны, раней ён быў гульцом нацыянальнай зборнай па гандболе. З тым спартоўцам, які «матаў тэрмін» за ўвоз забароненых мэдыкамэнтаў, было цікава. Менавіта ён і прывёў Юрыса ў трэнажорную залю, стаў яго пэрсанальным трэнэрам. Юрыс заўсёды гэтага хацеў, але «на волі не было часу».

Першай турмой Юрыса стала вязьніца «Гальдэн». Тут ён утрымліваўся цягам двух тыдняў адразу пасьля арышту. Паводле ягоных словаў, «Гальдэн» бадай лепшая турма ў сьвеце. Раз за разам установа займае першыя пазыцыі ў міжнародных турэмных конкурсах. Гэта тычыцца самых розных паказчыкаў, ад камфорту камэр да мастацкай творчасьці – як вязьняў, так і аховы.

Памяшканьне для спатканьняў у турме Гальдэн. Скрыншот з афіцыйнага сайту
Памяшканьне для спатканьняў у турме Гальдэн. Скрыншот з афіцыйнага сайту

Асноўны ж час зьняволеньня Юрыс правёў у вязьніцы ў маленькім правінцыйным гарадку. У Нарвэгіі, дарэчы, прынята кожнага злачынца забясьпечваць асабістай камэрай. Яе ня трэба блытаць з адзіночкай, дзе ўтрымліваецца той жа Брэйвік — там вязьня ізалююць цалкам ды забараняюць любыя кантакты, хіба што з прымацаванымі да яго супрацоўнікамі. У камэры Юрыса, дзе вакно выходзіла на возера, былі ўсе выгоды. Была лядоўня, тэлевізар, мыйка. Раз на тыдзень лядоўню запаўнялі, напрыклад, вяндлінай і сырам. Малако, кава, гарбата, цукар — гэта было без абмежаваньняў. Цягам трох гадзін у дзень дзьверы камэры адчыненыя — можна было схадзіць на кухню і што-небудзь згатаваць. Нажы там у вольным доступе. Можна было наведваць курсы па кулінарыі, моўныя курсы, заняткі па матэматыцы. Можна было гуляць у баскетбол, валейбол, прапаноўваліся настольныя гульні і, зразумела, трэнажорная заля«. Узгадваючы час, праведзены за кратамі ў Нарвэгіі, Юрыс, аднак, пастаянна паўтарае: нічога прыемнага ў турэмным зьняволеньні няма. Тым ня менш менавіта там ён змог пачаць займацца тым, на што раней яму не хапала часу.

Зразумела, па вялікім рахунку, нічога прыемнага ў турме няма, але менавіта там я змог пачаць займацца ўласным разьвіцьцём.

«Калі б я трапіў у турму, напрыклад, у Латвіі, Расеі ці ЗША, там трэба было б змагацца за выжываньне ў крымінальным асяродзьдзі. А тут я раптам атрымаў час для сябе і для рэалізацыі сваіх задум», — адзначае былы нарвэскі асуджаны.

«У Нарвэгіі, — працягвае Юрыс, — кожнаму належыцца бясплатны адвакат. Мой спачатку насіў мне кнігі на расейскай мове, крыху пазьней блізкія сталі дасылаць выданьні па-латыску. Нарэшце я змог чытаць цэлымі днямі. Там была бібліятэка, праўда, бяз доступу ў інтэрнэт. Я запісаўся на інтэнсіўныя курсы ангельскай мовы. Мой ранейшы лад жыцьця — гульня ў покер, бяссонныя ночы, алькаголь — усё гэта пакінула на маім здароўі глыбокі адбітак. У турме я зноў стаў займацца адукацыяй, паправіў здароўе, прывучыў сябе да рэжыму. Зразумела, па вялікім рахунку, нічога прыемнага ў турме няма, але менавіта там я змог пачаць займацца ўласным разьвіцьцём».

Графіці на турэмнай сьцяне ў Нарвэгіі. Паводле ідэі аўтара, турма разглядаецца ім як частка навакольнага сьвету
Графіці на турэмнай сьцяне ў Нарвэгіі. Паводле ідэі аўтара, турма разглядаецца ім як частка навакольнага сьвету

Дыскусія вакол арэнды турэмных памяшканьняў

Тым часам, як кажуць у Міністэрстве юстыцыі Нарвэгіі, правапарушальнікам у гэтай краіне ўжо не хапае камэраў. З-за прытоку замежных злачынцаў утрыманьне пад вартай пачало часьцей ужывацца як мэра стрыманьня для абвінавачаных. Колькасьць іншаземных зьняволеных расьце. Сёньня гэта кожны трэці. Збольшага сытуацыя зьвязаная з пашырэньнем ЭЗ, хоць Нарвэгія і не зьяўляецца яго сябрам, але ўваходзіць у Шэнгенскую зону. У краіне недастаткова фінансуюць паліцыю, мала будуюць новых памяшканьняў. У выніку многія людзі стаяць у чарзе, каб адбыць пакараньне. Ад мінулага году Нарвэгія, як пісалі мясцовыя СМІ, арандуе турэмныя памяшканьні ў іншых краінах ЭЗ. Напрыклад, у Нідэрляндах, вяліся перамовы і з суседняй Швэцыяй. Але гэта часовая мера. А на даўжэйшую пэрспэктыву тут мяркуюць пабудаваць дадатковыя турэмныя ўстановы.

Што да той жа Швэцыі, дзе колькасьць зьняволеных зьніжаецца і дзякуючы гэтаму летась зачынілі чатыры турмы, то тут маецца свая матывацыя. Арэнда турмаў азначае дадатковыя працоўныя месцы для ахоўнікаў і іншага турэмнага пэрсаналу. Раней краіна ўжо прымала некалькі сотняў асуджаных з Бэльгіі, якая пералічыла ў швэдзкую казну каля 30 млн эўра.

Нарвэскі турэмны сацыёляг Марта мяркуе, што падобная арэнда швэдзкіх турмаў спародзіць шэраг пытаньняў...

У Нарвэгіі вельмі шмат увагі надаюць прыцягненьню былога вязьня да грамадзкага жыцьця.

«Па-першае, не зразумела, якія правілы будуць ўжывацца да нарвэскіх зьняволеных у Швэцыі ў тых жа пытаньнях скаргаў, перакладаў і г.д, — кажа адмыслоўка. — Да таго ж, зьняволеныя будуць далёка ад сваіх сем’яў і адвакатаў. Таксама адрозна ад Нарвэгіі ў Швэцыі правілы наконт працягласьці пакараньня дакладна не прапісаныя.Там больш ахвотна даюць мінімальныя тэрміны, чым у нас. У Нарвэгіі вельмі шмат увагі надаюць прыцягненьню былога вязьня да грамадзкага жыцьця. За кожнага адказваюць улада той мясцовасьці, дзе ён раней жыў, сацыяльныя службы ды пэнітэнцыярныя ўстановы. Бо чалавеку трэба куды вяртацца пасьля вызваленьня. Яму прапануюць працу, вучобу, жыльлё, невялікую грашовую падтрымку, мэдычнае абслугоўваньне, пры неабходнасьці дапамогу ад нарказалежнасьці і кансультацыі адносна даўгоў».

Ініцыяваная новым кансэрватыўна-лібэральным урадам, мэта якога больш пакараньняў і менш роўнасьці, арэнда турмаў у Швэцыі, паводле адмыслоўкі, стане перашкодай розным прагрэсіўным рэформам, у тым ліку праграме «Гарантыя вяртаньня ў грамадзтва», зь якой экспэрты-крымінолягі зьвязваюць вялікія надзеі.

Ці варта караць так, як у Швэцыі?

Размова на гэтую тэму пойдзе ў нашай наступнай праграме. Сярод іншага мы распавядзём пра падрабязнасьці цяперашняга ўтрыманьня за кратамі асуджанай на восем гадоў беларускі Вольгі Класкоўскай. Паводле словаў яе маці — Людміла, яе дачка ўжо два месяцы лечыцца ў адным з швэдзкіх турэмных шпіталяў, і «дактары будуць трымаць яе там да поўнага выздараўленьня — можа, яшчэ месяц, а можа, і больш». Асуджаная «задаволеная ўмовамі і тым, як ёй аказваецца спэцыялізаваная мэдычная дапамога».

Пра праграмы, накіраваныя на мэдычную і сацыяльную рэабілітацыю вязьняў распавядуць таксама і супрацоўнікі пэнітэнцыярнай службы Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG