Вёска Жураўлёўка месьціцца кілямэтраў за сорак на поўдзень ад Гомеля. Мясьціны тут ці адно ня самыя чыстыя ў рэгіёне, які пасьля Чарнобылю моцна ўсеяны радыяцыйным попелам. Але вёска памірае. Апошніх яе жыхароў, якія працавалі тут у былой падсобнай сельскай гаспадарцы Гомельскага радыёзаводу, той жа завод, па сутнасьці, выжывае. «Хоць зямлянкі ў лесе капай», — адчайваюцца жураўлёўцы, бо за прыватызацыю лядашчых дамкоў радыёзавод патрабуе цяпер ад 138 да 193 мільёнаў рублёў — пры сярэдніх заробках у 2 мільёны.
Кожнаму, хто трапляе ў Жураўлёўку, выразна бачна: вёска «адлятае». Адлятае ў нябыт. Даўгая вуліца з чыста вясковай назвай Палявая, што выцягнулася з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, падзелена як бы на дзьве часткі: карэнную, з традыцыйнымі вясковымі хатамі, у якіх толькі дзе-нідзе цепліцца жыцьцё, і новую, на 24 дамкі, пабудаваныя Гомельскім радыёзаводам амаль тры дзесяцігодзьдзі таму для працаўнікоў сваёй падсобнай сельскай гаспадаркі. На цяперашні манер — гэткі аграгарадок. «Новая» частка вёскі, аднак, выглядае гэтак жа змрочна, як і старая. Не аграгарадок, а нібыта пакінутае ў радыяцыйнай зоне чарнобыльскае паселішча — пустуючыя дамы, клюб, мэдычны пункт з выбітымі вокнамі, быльнёг, запусьценьне. У заняпад прыйшлі жывёлагадоўчая фэрма, сьвінакомплекс са шматлікай гаспадарчай інфраструктурай. Раскіданая лазьня, газавая кацельня, ад якой засталася толькі труба.
Мясцовая жыхарка Валянціна Панамарова апавядае: «Фэрма закрытая, сьвінарнік закрыты — чатыры пабудовы стаіць. Няма толку. Гараж разабралі й прадалі, са сьвінакомплекса ўсё прадалі. Ня вёска, а сапраўдны Чарнобыль». У «новай» частцы Жураўлёўкі стала жывуць толькі 6 сем’яў — зь ліку былых працаўнікоў падсобнай сельскай гаспадаркі. Астатнія кінулі жураўлёўскі аграгарадок — і разьляцеліся хто куды, бо радыёзавод на пачатку дзьвюхтысячных з-за складанага эканамічнага становішча пазбыўся няўласьцівага «прычэпа» — падсобнай гаспадаркі ў Жураўлёўцы.
Гадаваную тут жывёлу перадалі калгасу ў вёску Макаўе, а каторую — на бойню. Гаспадарчыя пабудовы таксама зь цягам часу пайшлі на глум. Перасталі вырошчваць гародніну — і жураўлёўцы засталіся бязь працы.
Валянціна Панамарова кажа, што знайшла сабе занятак на паўстаўкі ў раённай спажывецкай каапэрацыі — празь дзень гандлюе ў невялічкай мясцовай краме, а большай тут і ня трэба на тры дзесяткі жыхароў.
Кабета запрашае паглядзець яе дом пад № 121. Сьледам ідуць і іншыя вясковыя жанкі, якія засталіся зь сем’ямі ў Жураўлёўцы і бяз працы, і бяз уласнага даху над галавой.
Панамарова апавядае: «Дом з 1986 году. Усе рамы пагнілі ў ім, падлога таксама. Радыятары ацяпленьня ржой забітыя, бо вада ржавая. Усё трэба мяняць, рабіць за свой кошт. Лічыльнікі на ваду паставілі, каналізацыйныя сьцёкі адпампоўваем самі. Дровы куляем самі. Газавы балён — і той 90 тысяч. Мой дом ацанілі амаль у 140 мільёнаў. Гэты кошт для мяне непад’ёмны. Заробак цяпер у мяне — 1 мільён 200 тысяч. Як я магу сабраць радыёзаводу за год першапачатковы ўнёсак — 14 мільёнаў? І за што такія цэны? Хоць бы начальнікі прыехалі й паглядзелі. Дык гэта мы яшчэ кожны год фарбуем, шпалеры клеім, усе дзіркі замазваем, каб цяпло менш выдзьмувала».
Жанкі згадваюць, што й раней зьвярталіся да кіраўніцтва радыёзаводу, каб прыватызаваць жытло, у якім яны пражылі чвэрць стагодзьдзя, а некаторыя нават болей. Але ім адказвалі: гэта — інтэрнаты, іх нельга прыватызаваць. Чэкі «Жыльлё» для прыватызацыі вяскоўцам таксама не давалі. Яны нават ня мелі дамоваў найму. І толькі ў 2011 годзе завод заключыў такія дамовы. Проста плацілі заводу грошы за тое, што жывуць, а таксама за электраэнэргію ды ўсе іншыя паслугі. Рамонты рабілі за свае грошы — прадпрыемства ніякіх сродкаў не ўкладала ў падтрыманьне «інтэрнатаў» у належным стане.
Алена Катлярова, былая сьвінарка, а цяпер сацыяльны работнік па догляду нямоглых вяскоўцаў, якая жыве ў доме № 105, лічыць, што пры ацэнцы дамкоў ніхто не зьвяртае ўвагі на іх першапачатковы кошт:
«Ён завышаны. Каэфіцыент прымяняюць — і ўсё. Першы раз з БТІ прыехалі, дык дом ацанілі ў 8 мільёнаў, іншыя — у межах 15 мільёнаў. Потым кошты чамусьці рэзка вырасьлі: з 8 мільёнаў да 170 — на мой дом асабіста. Гэта, здаецца, у 2012 годзе было. Дамы аселі, трэснулі. Калі з БТІ жанчына прыйшла, я запыталася: «Як жа так?» Яна адказвае: «Ён жа ня ўпаў — жыць можна».
Апошнія жыхары аграгарадка зьдзіўляюцца, што вакол столькі размоў пра будаўніцтва аграгарадкоў, а ў Жураўлёўцы тым часам гіне гатовы — і нікому ніякай справы. Яшчэ ў 2004 годзе ў вёсцы агулам было 45 гаспадарак і 113 жыхароў. Цяпер толькі чвэрць ад таго. І куды толькі ні пісалі вяскоўцы, каб правялі справядлівую ацэнку дамоў і дазволілі іх займець ва ўласнасьць:
«У адміністрацыю Савецкага раёну Гомеля пісалі, на тэрыторыі якога знаходзіцца радыёзавад. У аблвыканкам пісалі. Куды яшчэ? У гарвыканкам пісалі, у гомельскую прэзыдэнцкую камісію зьвярталіся. А зараз мы накіравалі ўсе нашыя скаргі ў адміністрацыю прэзыдэнта. Адказ яшчэ не прыйшоў нам зь Менску».
Самая старэйшая з былых працаўнікоў падсобнай сельскагаспадарчай вытворчасьці 75-гадовая Тамара Клемзікава, былая загадчыца сьвінакомплексу, апавядае, што яе дом, дзе без рамонту жыць ужо нельга, радыёзавод празь менскія структуры ацаніў амаль ў дзьве сотні мільёнаў рублёў.
«193 мільёны, — удакладняе пэнсіянэрка. — Дык я й пытаюся ў прадстаўнікоў радыёзаводу: «А дзе мне такія грошы ўзяць?» Яны: «Крэдыт бяры». Кажу: «Мне ўжо хутка 76 гадоў — я такі крэдыт і на тым сьвеце ня выплачу».
І дадае: «Ніякай тут справядлівасьці: дураць людзей — і ўсё. І дамы гэтыя, відаць, не былі на балянсе. Бо як памёр мой мужык, то я пайшла ў Грабаўскі сельсавет. Там мне сказалі: перапісвай на сябе дом і афармляй дакумэнты на прыватызацыю. Я дзіву даюся: „Гэта ж дом радыёзаводу!“ А сельсаветчыкі: „Як так? Гэта твой уласны дом!“ Калі былі на радыёзаводзе, то я пацікавілася: пакажыце мне дакумэнты першапачатковых выдаткаў на дом. Я ж не прастачка такая — у дакумэнтах разьбяруся. Галоўны бухгальтэр паціснула плячыма: няма дакумэнтаў — і ўсё. Так нічога й не паказалі».
Кіраўнікі Гомельскага радыёзаводу, якія паставілі апошніх жыхароў Жураўлёўкі ў адчайную сытуацыю, сьцьвярджаюць, што пераглядаюць кошт дамоў для прыватызацыі, бо папраўляць фінансавы стан завода за кошт вяскоўцаў яны не зьбіраюцца: дамы, маўляў, дзяржаўныя.
«Ёсьць ацэнка, кошт на гэтыя дамкі, — кажа прадстаўнік радыёзаводу. — Ацэнены дзяржаўнымі структурамі — Гомельскім агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Ацэнка праведзена нармальна: мы ўсё накіравалі на экспэртызу — экспэртызай пацьверджана. Зараз будзем паведамляць пра гэта жыхарам. Калі яны згодны прыватызаваць, то калі ласка. Калі не, то будзем глядзець па кожнаму факту асобна».
Аднак вяскоўцы даюць мала веры таму, што безь умяшальніцтва кампэтэнтных органаў тут нешта істотна зьменіцца:
«Ходзім, ходзім — замкнёнае кола. Былі тут два тыдні таму прадстаўнікі заводу. Казалі: будзем крыху зьмяншаць кошты. Але нічога пакуль не мяняецца. І што тое „крыху“ — на якіх 10 мільёнаў зьменшаць? Гэта нічога не мяняе».
Валянціна Панамарова лічыць, што людзям у Жураўлёўцы варта і дамы па боскім кошце перадаць, і наконт працы ўладам падумаць:
«Даць людзям працу і аддаць гэтыя дамы па прыймальным кошце. Людзі іх адрамантавалі б і жылі. І тут — галоўнае! — няма працы. Самая блізкая праца ў Грабаўцы — 9 кілямэтраў. Трэба ісьці пешшу. А калі да птушкафабрыкі „Расьсьвет“ — усе 15 кілямэтраў». Столькі ж і ў іншы бок — да калгаса «Сьцяг Радзімы». І мы на гэтым беспрацоўным лапіку. А зараз за бамжоў і дармаедаў узяліся — дык мы ж хутка тут будзем усе дармаедамі«.
Паняверка, разгубленасьць, адчай апанавалі Жураўлёўку:
«Куды нам ісьці? Нам няма куды ісьці! Мы ня можам купіць дамы, бо заробак такі. І адсюль нас практычна выжываюць. Пражылі столькі, а цяпер ідзе ў лес — шалашы будуй, рый зямлянкі».