Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інцыдэнт у Гюмры многім перавярнуў душу. Народ у гневе можа зьмесьці ўладу»


Пратэст каля расейскай вайсковай базы ў Гюмры
Пратэст каля расейскай вайсковай базы ў Гюмры

Армянскае грамадзтва ўзрушанае забойствам сям’і, у якім прызнаўся дэзэрцір з расейскай вайсковай базы ля армянскага гораду Гюмры. Пра рэакцыю армянскага грамадзтва, магчымыя палітычныя наступствы трагедыі і пра стаўленьне армянаў да расейцаў і расейскай палітыкі разважае журналіст армянскай службы радыё Свабода Армэн Калаян.

Калаян: Людзі былі проста ў жаху. У Гюмры заўсёды было добрае стаўленьне да расейскіх вайскоўцаў. Калі салдат пастукае ў дзьверы, папросіць вады, яго і напояць, і накормяць, вельмі станоўчае было стаўленьне. Таму людзі проста ў жаху ад гэтага зьверства.

Зразумела, адразу загучалі заклікі, што нельга пераносіць гэты трагічны інцыдэнт у сфэру міжнацыянальных і палітычных адносінаў.

Аб гэтым са страхам гаварылі палітыкі, хаця ў народзе няма такіх тэндэнцый. Усе разумеюць, што ў любой арміі сьвету можа знайсьціся ўрод. Проста народ патрабуе справядлівага вырашэньня гэтага пытаньня. Тут ёсьць юрыдычны казус. Расея не выдае сваіх грамадзянаў трэцім краінам, у яе ёсьць адпаведны артыкул Канстытуцыі. Як і ў армянскай Канстытуцыі, дарэчы. Але ў дамове аб дысьлякацыі базы ў Гюмры ёсьць пункт, паводле якога ў выпадку, калі расейскія службоўцы базы робяць злачынства па-за межамі базы, яно падпадае пад юрысдыкцыю армянскага правасудзьдзя.

Атрымалася, што Канстытуцыя адной краіны — вышэйшы закон на тэрыторыі іншай. Гэта юрыдычны абсурд. Таму гнеў людзей скіраваны і супраць уладаў.

Многія былі зьняважаныя тым, што армянская пракуратура мякка самаўхілілася ад гэтай справы. Гэтага падазраванага затрымалі на армяна-турэцкай мяжы, ён адразу апынуўся пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. І атрымалася, што Канстытуцыя адной краіны — вышэйшы закон на тэрыторыі іншай. Гэта юрыдычны абсурд. Таму гнеў людзей скіраваны і супраць уладаў, супраць праваахоўных органаў. Гледзячы па ўсім, сыгнал да іх дайшоў, сёньня была нарада ў прэзыдэнта з удзелам генпракурора. Ён даў зразумець, што сам заўтра едзе ў Гюмры, што армянскі бок спрабуе дамовіцца з расейскай базай, а дакладней — з Масквой, вырашыць гэтае пытаньне. Яны разумеюць, што народ у гневе можа іх усіх зьмесьці.

Заўтра адбудзецца адпяваньне забітых. Хлопчык, які выжыў пасьля гэтай жахлівай атакі, ўвесь сколаты штык-нажом, у рэанімацыі, дактары адмаўляюцца даваць прагноз.

Дракахруст: А гэты гнеў і абурэньне выліваюцца ў публічныя пратэсты?

Калаян: Так, безумоўна. У Гюмры тысячы людзей стыхійна пачалі мітынгі. Са сьцягамі яны спачатку пайшлі да расейскага консульства ў горадзе, потым — да ваеннай базы, потым — да будынку пракуратуры. І паўсюль было патрабаваньне — выдаць падазраванага армянскаму правасудьдзю. Была дэманстрацыя і ў Ерэване. Дэманстранты падышлі да прэзыдэнцкага палацу, і там гучала тое ж патрабаваньне. Там быў сымбалічны момант — усе дэманстранты разам павярнуліся сьпіной да палацу, выказваючы прэзыдэнту сваю непавагу за тое, што ён ня можа дамагчыся, каб на тэрыторыі Армэніі Канстытуцыя Армэніі была вышэйшым законам.

Дэманстранты павярнуліся сьпіной да палацу, выказваючы прэзыдэнту сваю непавагу за тое, што ён ня можа дамагчыся, каб на тэрыторыі Армэніі Канстытуцыя Армэніі была вышэйшым законам

Дракахруст: Ці мае гэтая трагедыя палітычная наступствы? Калі прэзыдэнт Саргсян зрабіў «вялікі паварот» ад асацыяцыі з ЭЗ да Эўразійскага саюзу, у гэтай палітыкі была моцная апазыцыя. У сувязі з інцыдэнтам у Гюмры гэтыя спрэчкі аднавіліся?

Калаян: Гэтыя спрэчкі былі заўсёды. Зараз многія палітыкі, якія былі супраць Эўразійскага саюзу, могуць сказаць уладзе: вы так імкнуліся ў ЭАЭС, у АДКБ, вось мы і атрымалі ад гэтага. Але я мушу сказаць, што прэвалюе больш стрыманая ацэнка. У Армэніі ніколі не было антырускіх настрояў, кепскага стаўленьня да рускіх як такіх. Дзяржава, рэжым, Крэмль, саветы — гэта іншае. Але да расейцаў стаўленьне заўсёды было добрым.

Мы маем тое, што маем. Калі б Армэнія была б моцнай ваеннай дзяржавай, то, натуральна, у ёй не было б замежных вайсковых базаў, яна сама б ахоўвала свае межы, у тым ліку і з Турэччынай. У гэтым палітычным кантэксьце многія ў Армэніі лічаць, што іншага нам ня дадзена, расейцы забясьпечваюць ахову мяжы з Турэччынай, а мы спрабуем быць вернымі саюзьнікамі Расеі.

Але інцыдэнт у Гюмры многім перавярнуў душу. Армянскае грамадзтва абуранае несправядлівасьцю, якая палягае ў тым, што гэтага хлопца затрымалі і сказалі, што яго будуць судзіць па расейскіх законах. Калі б гэтага не было, людзі б ня так абураліся.

Інцыдэнт у Гюмры многім перавярнуў душу

Армянам ня толькі нанесьлі боль, але і зьняважылі іх, маўляў, вы нічога ня значыце, як мы вырашым, так і будзе, а вашае правасудзьдзе нас не цікавіць.

Дракахруст: А ці былі раней падобныя інцыдэнты са службоўцамі з расейскай базы?

Калаян: 19 гадоў таму быў інцыдэнт, калі два п’яныя расейскія вайскоўцы выйшлі ў горад, пачалі на рынку страляніну, забілі двух чалавек. Іх таксама судзілі па расейскіх законах, прысудзілі да 15 і 16 гадоў зьняволеньня. Наколькі мы ведаем, яны сапраўды адбывалі тэрмін зьняволеньня. Мы зараз высьвятляем, ці адбылі яны ўвесь тэрмін.

Былі і іншыя інцыдэнты. Дзеці гулялі на палігоне, там выбухнула граната ці снарад, былі загіблыя. Такія інцыдэнты былі, але ня вельмі часта. База дае працоўныя месцы навакольнаму насельніцтву. У цэлым стаўленьне да базы нармальна станоўчае. Я не сказаў бы, узьнёсла станоўчае. Але дакладна не адмоўнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG