9 кастрычніка — Усясьветны дзень зроку. Адзначаецца ён з ініцыятывы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя і мае прыцягнуць увагу да праблемаў людзей з парушэньнем зроку. У Беларусі інвалідаў па зроку — каля сямідзесяці тысяч. Зь іх першай і другой групы — 20 тысяч. Як і чым жывуць такія людзі ў Магілёве? Што іх клапоціць і хвалюе?
Месцам кампактнага пражываньня невідушчых лічыцца ў Магілёве раён вакол вуліц Цыялкоўскага і Вавілава. Тут жа і прадпрыемства «Ціфлос», на якім працуюць людзі з праблемамі зроку. Нямала пэнсіянэраў, якія жывуць у прылеглых да «Ціфлосу» дамах, усё сваё працоўнае жыцьцё аддалі яму. Старасьць бальшыня зь іх бавіць каля сваіх пад’ездаў ды ў праходках да крамаў і недалёкага рынку. Дапамагаюць капейчынай дзецям. На жыцьцё не наракаюць. Жыцьцёвая філязофія тутэйшых пэнсіянэраў — прыкладна як у гэтай кабеты:
«Пэнсія мая — тры мільёны. Дзякуй Богу, хапае. Ні голыя, ні босыя. Пакуль у нас „бацька“ ёсьць, мы тут жывём, — заяўляе пэнсіянэрка. — Пакуль ён будзе жыць, то будзем жыць і мы. А што далей будзе, мы ня ведаем. Я ўвесь час узгадваю савецкую ўладу. Тады не было кулакоў. А цяпер усё дзяржаўнае пахапалі. Калі б у нас было больш Лукашэнак, то лепей было б».
Пачуўшы беларускую мову, пэнсіянэрка адразу вызначыла, што да яе падышоў апазыцыянэр. Іх, прызнаецца, яна ня любіць. Чаму? Тлумачыць гэтак:
«Я б іх усіх пастраляла. Гэта ворагі народа. Крый Божа, тут нешта адбылося б, яны б зрабілі тое, што цяпер робіцца ва Ўкраіне. Там бандэры. Яны як ваўкі чакаюць, каб хутчэй што ў Беларусі ўтварылася».
На пытаньне, адкуль невідушчая ведае пра такія пляны апазыцыі, жанчына адказала, што ейны муж слухае па радыё тых, каго яна гэтак ня любіць. На разьвітаньне кабета прачытала свой верш пра развал Савецкага Саюзу.
Жыве ў адным з тутэйшых дамоў і даўні слухач беларускай Свабоды, сямідзесяцітрохгадовы Ўладзімер Вільчык. Ён ня ўтойвае, што ў спрэчках ягоныя думкі пра жыцьцё не знаходзяць падтрымкі ў такіх жа невідушчых пэнсіянэраў, як ён.
«Ім жа толькі дай чарку ды скварку, а даюць яшчэ і пэнсію, дык ім большага ж і ня трэба. Яны ж так выхаваныя, можна сказаць, стагодзьдзямі. У іх у галовах толькі Расея, і ўсё, — выказваецца невідушчы пэнсіянэр. — Вось толькі калі Ўкраіна акрыяе, як там пачне ўсё жыць як у Эўропе, то тады і нашы беларусы-жабракі пачнуць думаць. Калі толькі Расея не ўвядзе ва Ўкраіну войскі. Украіна ж адна ня выстаіць».
На разьвітаньне Уладзімер Вільчык падзяліўся сваёй радаснай навіной — ён стаў прадзедам. Гэтым, кажа, цяпер і жыве.
Быць сьляпым невыносна цяжка, прызнаецца яшчэ адна суразмоўніца. Зрок у яе, кажа, імкліва пагаршаецца, і яна мае з чым параўнаць жыцьцё невідушчага.
«Ведаеце — гэта і маральна цяжка, і фізычна. У краму прыйдзеш — патрэбныя адны акуляры для блізіні, а другія для далечы. Дужа цяжка жыць сьляпому чалавеку. За мяжой ёсьць адмысловыя аўтобусы, якія іх развозяць і возяць куды трэба. Я бачыла, як жывуць за мяжой людзі. Там неяк усё для людзей робіцца», — зазначае жанчына.
Суразмоўніца, аднак, заўважыла, што людзі ў Беларусі прызвычаіліся да нашмат ніжэйшага за эўрапейскі ўзроўню жыцьця, таму і патрабаваньні да яго невысокія. Гэта, паводле яе, тычыцца і сьляпых. Многія задаволеныя тым, што маюць.
Яшчэ адзін суразмоўнік выйшаў з дому, каб дачакацца, пакуль зьбяруцца грамадою ягоныя прыяцелі. Адно ягонае вока крыху яшчэ бачыць. Жыцьцё, кажа, няпростае. Дапамагае сын:
«Сын маю пэнсію атрымлівае. Прывозіць мне супы, каўбасу, сыр які-небудзь, сьмятану. Калі-нікалі і я хаджу ў краму па запалкі, па бутэльку віна якога. Што мне ў горад ехаць, што мне там рабіць? Бутэлькі побач прымаюць», — апавядае пра жыцьцё стары.
У цэнтры Магілёва людзей з кійкамі сустрэнеш надта рэдка. Калі яны і выбіраюцца «ў горад», то выключна па сваіх патрэбах. Усё, як кажуць, што неабходна ім для жыцьця, прыдбаць яны могуць у сваім раёне. У павільёнах рынку гандляры сустракаюць невідушчых штодня. Кажуць, што асартымэнт тавару тыя ўжо вывучылі. Бяруць тое, што таньнейшае, але іншым разам дазваляюць сабе чаго даражэйшага — на сьвята.