Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Ляшук: «Ведаеце, хто мне дапамог? Дар’я Данцова!»


Валянціна Ляшук
Валянціна Ляшук

Валянціне Ляшук са Смаргоні было 36, калі ёй паставілі страшны дыягназ. Яна пазьбягае слова «рак». Кажа: анкалёгія. Сёлета ў траўні будзе 10 гадоў, як ёй зрабілі апэрацыю.

Валянціна сама выпадкова заўважыла ўшчамленьне на грудзях. У Смаргоні не было адпаведнага мэдычнага абсталяваньня, і жанчыну накіравалі на абсьледаваньне ў суседнюю Вялейку:

«Зрабілі аналізы. Сказалі... рак. Гэта была пачатковая стадыя. Я выйшла з кабінэту доктара. Муж быў побач. Ва ўсіх — шокавы стан, усе плачуць. У мяне не было шоку. У мяне быў... ступар. Я села на кукішкі... Бог даў мне розум у той момант: не запанікаваць. Потым прыйшлі паніка, дэпрэсія, страх. Я села і сказала сама сабе: „Супакойся, ты вылечысься. У цябе маленькія дзеці“. Я думала толькі пра дзяцей».

Псыхолягі кажуць, што ў жанчыны, якая адказная за малых дзяцей, за сям’ю, у такой сытуацыі ўзьнікае альбо страшная паніка, шок, альбо, наадварот, невядома адкуль бяруцца сілы, уключаецца розум, зьяўляецца ўсьведамленьне, што трэба дзейнічаць, змагацца за жыцьцё, зрабіць усё магчымае і немагчымае. Гэта цяпер, праз 10 гадоў, яна ўжо спакойна распавядае пра самыя цяжкія моманты свайго жыцьця:

«Калі мы прыехалі дадому, я мужу сказала: „Вось гэта там ляжыць, гэта — там...“ — мы ж, жанчыны, усе такія... І тут ужо я разраўлася... Паўгода таму мая маці памерла ад раку, хросная памерла ад анкалёгіі, мой хросны бацька таксама памёр ад анкалёгіі, мая бабуля (памятаю, мне было 12 гадоў, а ёй 72) памерла ад анкалёгіі. Яшчэ дзед казаў: „Дзеткі, цішэй, не крычыце, так лягчэй паміраць...“ Уяўляеце?»

Валянціна Ляшук: «Ведаеце, хто мне дапамог? Дар’я Данцова!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00


Гэта ўсё паўстала ў памяці... І Валянціна ўзялася за літаратуру, пачала чытаць пра анкалёгію, вывучаць, што гэта за хвароба — рак — і як зь ёй змагацца. Прыехала ў Бараўляны, бо накіраваньне было зь Вялейкі Менскай вобласьці. Але жыве яна ў Смаргоні Гарадзенскай вобласьці. Сям’я тады чакала, што мужа перавядуць у Менск. І тут пачалося: маўляў, «вы ня з нашага рэгіёну, вам трэба ехаць у Гародню»... Валянціна ж начыталася, што хвароба можа прагрэсіраваць за лічаныя дні і ёй нельга чакаць:

«Дзякуй Богу, што разам са мной заўсёды добрыя людзі. Я ўжо ня памятаю прозьвішча доктаркі, якая мне сказала: я вам дапамагу парадай. Схадзіце да такога і такога лекара, патлумачце сваю сытуацыю. Я падышла, патлумачыла, што муж вайсковец. Двое малых дзетак. І ён піша Путырскаму — прыняць у аддзяленьне тэрмінова. Мне сказалі прыехаць на апэрацыю праз тыдзень. Гэта зьбег абставінаў, гэта анёл быў нада мной».

Валянціну праапэравалі роўна праз два тыдні пасьля таго, як паставілі дыягназ. А некаторыя жанчыны чакалі апэрацыі па паўгода. У палаце Валянціна была самая маладая — ёй было 36. Астатнім суседкам па палаце — за 60. А размовы ў палаце вяліся даволі змрочныя, пэсымістычныя:

«Калі толькі ў палаце жанчыны старэйшыя пачыналі гаварыць пра сьмерць, што мы ўсе памром — а размовы такія былі пастаянна, — я раз паслухала, другі, а на трэці сказала, і даволі рэзка: «Давайце пра сьмерць вы будзеце гаварыць на калідоры, а не ў палаце». Я вельмі груба сказала. Але пасьля гэтага ўсе размовы пра сьмерць спыніліся. «Нам усім вельмі дрэнна, хто на хіміі, хто на апраменьваньні. Давайце мы будзем проста адна адной рукі гладзіць. Нам будзе лягчэй», — суцяшала сталых жанчын самая маладая ў палаце.

Апэрацыі анкахірургі робяць вельмі прафэсійна. Апэрацыі пастаўленыя на паток: пацыентаў у Бараўлянах з кожным годам болей. Нагрузка ў лекараў вялікая, і не заўсёды ім хапае часу, каб даць парады жанчынам, як хутчэй аднавіць здароўе, прайсьці рэабілітацыю. А многім проста не хапае чалавечай дабраты, такту, далікатнасьці. Валянціну Лашук вельмі ўразіла, як мэдыкі спрабавалі «суцешыць» жанчын, якія выдалілі грудзі:

«А што вы хочаце? Амазонкі адмыслова грудзі рэзалі, маўляў, каб не перашкаджалі нацягваць цеціву». Гэта лекары і мэдсёстры казалі. І ў такой форме даволі грубай, не было ў гэтым гумару ці пад нейкі настрой. Гэта гучала так: «А што вы ад нас хочаце? Вас тут цэлы паток».

Паўгода Валянціна Ляшук лячылася ў Бараўлянах, прайшла шмат сэансаў цяжкой хіміятэрапіі. Было вельмі дрэнна, выпалі валасы, слабасьць. Урэшце, яе выпісалі са шпіталя, яна вярнулася дадому. І апынулася сам-насам са сваімі праблемамі:

«У той момант ведаеце, хто мне дапамог? Вы ніколі не здагадаецеся. Дар’я Данцова! Зноў жа, анёл падказаў мне купіць яе кнігу. Перад дэтэктывам было тры старонкі, дзе яна распавядала пра сваё жыцьцё, як яна захварэла на анкалёгію, як выходзіла з хваробы. Нам лекары казалі: распрацоўвайце рукі. А як? Пакажыце нам, якую фізкультуру трэба рабіць! Нам ніхто не паказваў. Данцова кажа, што яна мыла посуд і вешала бялізну, прышчэпліваючы сашчэпкамі і прышчэпкамі. Я прыехала дахаты — дрэнна, слабасьць. Дзеці і муж кажуць: мы самі памыем посуд. А я кажу: не, Дар’я Данцова што сказала? Ставіць посуд на верхнюю паліцу і вешаць бялізну. Дзякуючы талеркам і прышчэпкам я распрацавала руку».

Потым было яшчэ шмат выпрабаваньняў. Доўга, амаль тры гады не зажывалі швы, ішла сукравіца. Абвастрыліся іншыя балячкі: язва, хвароба печані, нырак. Ратавала найперш сям’я, любімыя дзяўчаткі-памочніцы. Хоць абывацелі палохалі:
Натуральна, я пры іх крыху плакала, але старалася выплакацца, калі іх не было

«Муж кіне», — усе ў адзін голас казалі. Маўляў, каму патрэбна хворая жонка? А я ім пра сябе ў адказ: «Божухна, што ты кажаш такое дрэннае?» То бок мой розум не прымаў гэтую інфармацыю, мая энэргетыка выкідала яе вон. Сям’я — мае любыя, добрыя — яны мне вельмі дапамаглі. Мае мілыя дзяўчаткі: «Мамачка, паляжы, адпачні, мамачка, мы папрасуем, усё памыем...» Яны мяне абдымалі. Натуральна, я пры іх крыху плакала, але старалася выплакацца, калі іх не было. Муж увесь час на працы, ён у мяне памежнік. Натуральна, яны мне ўсе дапамагалі».

Яшчэ ратавала вера і... прырода. Валянціна вітаецца з сонейкам, размаўляе з кветачкай, радуецца кожнаму, нават шэраму дню. І калі раней яна проста хадзіла ў касьцёл, бо так прывучылі бацькі зь дзяцінства, то цяпер моліцца, як сама кажа, «істава»:

«Я нават ня памятаю, зь якога ўзросту хадзіла ў касьцёл. Я дагэтуль перакананая, што дапамагла мне мая вера. Няхай яна тады была яшчэ не асэнсаваная. Што дапамаглі мне сьветлыя сілы. Дапамог Бог. Са мной побач проста прысутнічалі анёлы. Са мной была вера. Са мной былі бацькі, якія калісьці мне гэта ўклалі.
Валянціна Ляшук з дачкой Янай у Гервятах
Валянціна Ляшук з дачкой Янай у Гервятах

Прырода мяне вылечыла, прырода — мой лекар. Я ўстаю з сонейкам, я зь ім размаўляю, я бачу прыгажосьць неба, я бачу прыгажосьць шэрага дня. Калі мне было дрэнна, я разумела, што ляжаць таксама дрэнна, трэба рухацца, крочыць наперад. Сонейка ўстае а 5-й, я таксама разам з сонейкам, радуюся кветачцы, лісточку. І я проста зараджаюся ад прыроды».

Так званыя анкапацыенты павінны пастаянна праходзіць абсьледаваньне ў Бараўлянах. Калі раней яго прайсьці можна было за адзін дзень, то цяпер паўсюль чэргі, раздражнёныя хворыя, нэрвовыя лекары — у іх мала часу, і да пацыентаў яны ставяцца фармальна, распавядае Валянціна:

«Мне кажуць: прабачце, а што вы хацелі? Вам 40 гадоў. Я не хачу такое чуць. Я ж ня проста так прыйшла, я прыйшла з аналізамі і хачу пачуць, якія лекі мне падыдуць. А яны пішуць, што я была ў іх на чарговым прыёме, каб паставіць „галачку“. І ўсё».

І яшчэ адна праблема: лекі. Так, анкалягічных хворых апэрыруюць і лечаць у Беларусі бясплатна, ім цягам пэўнага часу выпісваюць альбо цалкам бясплатныя, альбо льготныя лекі менавіта ад анкалягічнага захворваньня. Але гэтыя лекі б’юць па ўсім арганізьме, кажа Валянціна Ляшук:

«Пяць гадоў мне выпісвалі лекі льготныя, якія каштавалі капейкі. Але яны ўплываюць на ўсё. Таму купляла асноўны прэпарат, умоўна скажам, за 100 тысяч, а на 300 тысяч купляла падтрымку для печані, для страўніка, бо ў мяне адкрылася язва. Печань, ныркі — усё гэта садзіцца. Таму п’еш адну таблетку, а ў руцэ трымаеш яшчэ 5, каб лячыць спадарожныя хваробы. Хто сапраўды лічыць апошнія грошы, гэта проста катастрофа».

Цяпер Валянціна актыўна дапамагае жанчынам, якія трапілі ў такую ж бяду, якую яна ўжо перамагла. У Смаргоні моцная грамадзкая арганізацыя дапамогі анкалягічным хворым. Збылася яе першая мара: паставіць старэйшую дачку на ногі, даць ёй адукацыю, прафэсію:

«А для гэтага павінна быць дапамога маці, каб я дала ёй пуцёўку ў жыцьцё. І гэтая мара спраўдзілася. Муж таксама даваў такую пуцёўку ў жыцьцё. Але ён вайсковец, заўсёды на службе, у разьездах. Натуральна, ён выхоўваў дзяцей раз на тыдзень, з гумарам. А ўсё было на плячах у мамы».
Дачка Даша, Валянціна Ляшук, муж Віктар і дачка Яна
Дачка Даша, Валянціна Ляшук, муж Віктар і дачка Яна

Старэйшая дачка Валянціны Ляшук ужо працуе, малодшая вучыцца ва ўнівэрсытэце. Муж — афіцэр-памежнік, пастаянна на службе. Стала крыху больш вольнага часу, і Валянціна пачала пісаць. У яе некалькі тоўстых тэчак апавяданьняў, замалёвак, вершаў — рыфмаваных і белых:

«Я пачала пісаць пра тое, што ў мяне было ў жыцьці, як я праходзіла свой шлях. „Я буду жыць. Я буду здаровая. Я буду шчасьлівая. Я буду зь сям’ёй. Я буду жыць па боскіх законах. Я заўсёды такая, як ёсьць. Я заўсёды мудрая жанчына. Я заўсёды здаровая. Я заўсёды бачу прыгажосьць прыроды. Я заўсёды ўпрыгожваю жыцьцё сабой. Я заўсёды вандрую, няхай нават у думках. Я заўсёды ўсьміхаюся і радуюся жыцьцю“. Калі я пачала пісаць, я ўсё пішу ў пазытыве».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG