Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Паляшчук: Я мусіў памерці тры гады таму


Захварэўшы ў 23 гады на анкалёгію і перажыўшы перасадку касьцянога мозгу, Аляксандр Паляшчук вярнуўся ў звычайнае жыцьцё.

Сашу цяпер 28 год, хаця выглядае ён, падаецца, значна маладзей. Працуе эканамістам у камэрцыйным банку, слухае шмат сур'ёзнай музыкі і калекцыянуе згубленыя пальчаткі. У ягоным пакоі партрэт Леніна, «папёрты» зь нейкай установы, суседнічае з наварочаным кампутарам і старымі вясковымі жбанамі. Саша ўсьмешлівы, ветлівы і далікатны. Саша вельмі моцны.

«Я павінен быў памерці тры гады таму. Мне нічога не дапамагала. Мэтастазы пайшлі ў косткі. Але пасьля хіміятэрапіі я ўжо атрымаў паказаньне да трансплянтацыі. Трапіў у дзявяты шпіталь. Там мне зрабілі апэрацыю па перасадцы касьцянога мозгу ад самога сябе».

Калі пяць год таму ў Сашы доўга трымалася невысокая тэмпэратура і балела сьпіна, у найгоршае ніхто ня верыў.

«Тэмпэратура — усяго толькі 37, пот уначы і татальная стомленасьць. Потым урач табе кажа: „хопіць ужо тут хварэць“. Закрывае бальнічны, і ты ідзеш на працу. А пасьля ходзіш у туалет, каб шпуляць сабе ўколы з абязбольваючымі. Мне тады сьпіна надта балела. Болі ад аўтаімуннай паразы пазванкоў подобныя да радыкуліту. Чатыры месяцы ніхто не разумеў, што са мной. І гэта час, за які хвароба прагрэсавала».

Падчас хваробы. Фота Паўла Раманені
Падчас хваробы. Фота Паўла Раманені



Пасьля адзін з дактароў знайшоў у Сашы пухліну вілачковай залозы. Зрабілі апэрацыю, апраменьваньне, хіміятэрапію: «Я нават ня ведаў, што ёсьць такі орган. Залоза гэтая выбракоўвае дрэнныя лімфацыты. Тады ўжо ўздыхнулі — хоць нейкі вынік».

Самае першае з чаго Саша пачынае размову пра сябе, кажа «Мне пашчасьціла хварэць у Беларусі». Ён пераконвае, што анкалягічнае лячэньне ў нас пастаўленае вельмі добра. Найгоршае — гэта дыягностыка.

«Мне адразу паставілі неадэкватную стадыю — другую. А трэба было ставіць чацьвёртую, бо ў мяне былі мэтастазы ў хрыбет, таму трэба было абіраць больш моцнае лячэньне».

Кажа, што на кампутарную тамаграфію можна прастаяць у чарзе па паўгады. А яшчэ ў Беларусі няма такога мэтаду дасьледаваньня анкалёгіі, як пазітронна-эмісыйная тамаграфія. Яна даступная ў Расеі. Ня надта абазнаныя беларусы, жадаючы трапіць на такую дыягностыку, часта робяцца ахвярамі махляроў. Так здарылася і з Сашам.

«Недалёка ад Санкт-Пецярбургу ёсьць радыялягічны інстытут, дзе такое дасьледаваньне праводзіцца. Запісваюць яны бясплатна па тэлефоне. І вось некаторыя фірмы прапануюць паслугі рэгістрацыі за 200-400 даляраў. І мяне так падманулі».

Фота Паўла Раманені.
Фота Паўла Раманені.



Здаецца, Саша стараўся зразумець усё пра сваю хваробу і яе лячэньне. Шмат чаму давялося вучыцца, — прызнаецца ён. Але папярэджвае — у інтэрнэце пра сваю хваробу чытаць ня трэба. І па форумах ня варта хадзіць, каб атрымаць нейкую параду. На ягоных вачах гінулі людзі, якія давяралі мэдыцыне меней за ўсе іншыя даступныя спосабы.

«Калі я праходзіў хіміятэрапію як падрыхтоўку да трансплянтацыі, са мной ляжаў хлапец з Украіны. Ён пэўна быў баптыст, і ўсё чытаў Біблію. Калі яму паставілі анкалёгію крыві, то ён паехаў у сваю вёску чытаць малітвы. Лічыў, што можа духоўнымі сродкамі адолець хваробу. Але потым вярнуўся. І на жаль, яго зараз няма ў жыцьці. Засталося двое дзетак».

Пайсьці па «бабках» Сашы раілі ад самога пачатку. Кажа, што давялося нават сварыцца з бацькамі, якія верылі, што можна вылечыцца знахарствам. Такіх «вернікаў» Саша бачыў шмат.

«Вельмі тыповая сытуацыя з жанчынамі. Яна разумее, што ў яе анкалёгія, едзе да лекара. І калі кажуць, што трэба выдаляць ці цалкам, ці нейкую частку грудзі, то яна палохаецца — і едзе чытаць малітвы і піць нейкія зёлкі. Гэта вельмі тыпова, калі жанчына вяртаецца ў шпіталь, калі ўжо выратаваць яе немагчыма, а ідзецца толькі пра тое, каб працягнуць жыцьцё на месяц-два».

Саша — перакананы атэіст і верыць у мэдыцыну.

«Чалавек праходзіць апраменьваньне, хіміятэрапію, а потым кажа: мне Бог дапамог. Гэта няўдзячнасьць да лекараў, — абураецца ён. — Для мяне дык проста абсурдна. Шмат людзей кажуць: ты ня верыш у Бога, табе будзе складана паміраць. А што гэта значыць? Мне адказваюць: я вось буду паміраць і скажу, што аддаю сваё цела ў рукі Бога. А ты што скажаш?» Гэта нешта ірацыянальнае, я гэтага не разумею».



Саша кажа, што не заўжды верыў, што вылечыцца, але рабіў усё, што казалі дактары.

«Я дакладна ведаў, што магу памерці. Ня слухаў пра бабак-знахарак. Толькі да навукі трэба зьвяртацца ў такіх выпадках», — перакананы ён.

Лячыцца было вельмі няпроста. Асабліва хіміятэрапія — гэта доўга і вельмі пакутна. Дэпрэсія насьцігае амаль адразу, — кажа Саша. Некаторыя не вытрымліваюць, таму ў аддзяленьнях хіміятэрапіі можа ня быць зашчапак у туалетах, а на вокнах рашоткі.

«Я сам пытаўся, чаму рашоткі на вокнах. А мне кажуць: жанчына адна не вытрымала і сіганула зь дзявятага паверху. Статыстыка па такіх самазабойствах хаваецца, але яны ёсьць», — распавядае хлопец.



Што сапраўды нядобра ў Беларусі, мяркуе Саша, — складана атрымаць наркатычнае абязбольваньне.

«Мяне пяць гадзінаў аднойчы ванітавала. Я зрабіў некалькі зацяжак канопель — і гэта цуд проста! Ваніты адышлі цалкам, і зьявіўся апэтыт. Бо няма лекаў, якія дапамагаюць у гэтых выпадках. А ў ЗША, напрыклад, як раз таму і дазволена паліць каноплі».

Усё Сашава лячэньне ў Беларусі было бясплатным. Улучна з трансплянтацыяй коснага мозгу. Ён кажа, што калі б 20 год таму захварэў, то можа і не дапамаглі б. А так трансплянтацыю зрабілі ў Менску. За мяжой яна каштавала б ад 50 да 100 тысяч эўра.

«Спачатку праводзяць вельмі моцную хіміятэрапію, у выніку якой касьцяны мозг гіне на сто працэнтаў. А потым ідзе пераліваньне крыві, якая была ўзятая ад мяне па выніках хіміятэрапіі. Там адмысловыя камлёвыя клеткі, кроў заліваецца ў крываток, клеткі гэтыя засяляюцца ў касьцях і поўнасьцью аднаўляецца крывавытварэньне. Таму анкалягічныя клеткі гінуць і замест іх утвараюцца новыя», — тлумачыць ён тое, праз што давялося прайсьці.

Саша просіць, каб у артыкуле згадалі ягоную доктарку Мілановіч Натальлю Феадосеўну — загадчыцу аддзяленьня трансплянтацыі гарадзкой 9-й бальніцы.

«Яна першы чалавек у краіне па анкалёгіі крыві, па трансплянтацыі камлёвых клетак, — кажа ён. — Яна, дарэчы, упэўненая, што няма ніякай сувязі паміж Чарнобыльскай аварыяй і распаўсюджваньнем анкалёгіі крыві па тэрыторыі краінаў СНД. Пэўна, што анкалёгія на дадзеным этапе лічыцца нечым кшталту генэтычных мутацыяў, якія накапіліся ў нашым генатыпе з-за таго, што няма натуральнага адбору. Тыя, хто вылечваюцца ад анкалёгіі, свой генатып перададуць сваім дзеткам».

Таму цяпер ён дзяцей заводзіць баіцца. Распавядае пра хлопца, якога сустрэў у бальніцы: «Ягоны бацька меў такую ж хваробу, як ён і як я. Але бацька ў 25 год здолеў яе адолець, а сын у 25 год ад той жа хваробы памёр. Гэта не статыстыка, канечне, але замалёўка такая. Але дзетак я цяпер баяўся б заводзіць».



Саша кажа, што хвароба яго зьмяніла. Грошы, тлумачыць ён, нічога ня вартыя. «Для мяне галоўныя каштоўнасьці — любоў, музыка, добрыя стасункі з бацькамі. Грошы ж з сабой не забярэш».

Тое, што давялося перажыць, Саша не хавае, але і ня надта высоўвае наперад. Не хвароба вызначае яго ў жыцьці. Праўда, прызнае, што на некаторыя ягоныя паводзіны зь людзьмі досьвед усё ж узьдзейнічае:

«Калі вы хворы, вам трэба стасавацца са здаровымі. Ня трэба гуртавацца на падставе сваёй хваробы, — кажа хлопец. — Ня трэба утвараць суполкі Вконтакте для анкалягічна хворых. Утварыце суполку тых, хто любіць клясычную музыку, кансалідуйцеся на падставе нацыянальнай сьвядомасьці. Хвароба — гэта толькі этап, выпрабаваньне. А арыентавацца ў жыцьці трэба на здаровых».

Раскажыце вашу гісторыю пра жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG