Павал Кавалёў захварэў на саркому ў 1991 годзе, калі яму было 20 і ён служыў у войску ў Рызе. Вайсковыя лекары настойвалі на ампутацыі нагі. Павал Кавалёў не пагадзіўся, яго камісавалі з войска. Вярнуўся ў Менск. Вырашыў стаць сьвятаром. Сьцьвярджае, што ад сьмяротнай хваробы яго ўратавала вера. Цяпер айцец Пахом (Павал) Кавалёў — уніяцкі сьвятар, служыць у парафіі Сьвятога Духа.
Са сьвятаром Пахомам Кавалёвым сустракаемся ў сутарэньнях Чырвонага касьцёла пасьля ягонай службы і сустрэчы з прыхаджанамі.
Нарадзіўся Павал Кавалёў 20 ліпеня 1970 году ў Менску. Пасьля заканчэньня восьмай клясы пайшоў у ПТВ, вывучыўся на апэратара станкоў з праграмным кіраваньнем. З 1986 году рабіў на Менскім аўтамабільным заводзе.
З 1987 году — сябра моладзевага аб’яднаньня «Талака». Актыўна ўдзельнічаў у археалягічных раскопках Верхняга гораду, быў у Прыпяцкай экалягічнай вандроўцы, браў удзел у пастаноўках тэатру «Золак». Павал распавёў, як прыйшоў да ўсяго гэтага:
10-годзьзе "Талакі" ў 1999 годзе. фота з сайту http://vytoki.net/
«У жыцьці я шукаў свой шлях. І ў „Талаку“ пайшоў сьвядома, хацелася пазнаць сваё паходжаньне, пазнаць беларушчыну. Мяне цікавіла пытаньне: хто я ёсьць? Спачатку мяне гэта цікавіла ў культурніцкім, нацыянальным сэнсе. Я браў удзел у суполцы „Талака“, удзельнічаў у розных іншых акцыях. Але потым мяне зацікавіла гэта ўжо ў сэнсе самасьвядомасьці рэлігійнай. І тады я ўжо пачаў цікавіцца хрысьціянствам, рознымі рэлігіямі».
На пачатку 1989 году Павал Кавалёў пазнаёміўся з грэка-каталіцкім сьвятаром айцом Янам Матусевічам, які прапанаваў юнаку прайсьці кароткі курс падрыхтоўкі да хросту. 27 лістапада 1989 году айцец Ян Матусевіч пахрысьціў Паўла:
«У мяне не рэлігійная сям’я, ніхто ня быў хрышчаны, я сам першы пахрысьціўся. Калі я толькі пахрысьціўся, у мяне быў такі досьвед любові да ўсіх людзей! Я памятаю, як ехаў у аўтобусе і зьдзіўляўся сам сабе: як я раней мог ненавідзець гэтых людзей? У мяне было пачуцьцё раскаяньня, я адкрыў у сабе любоў, якой мог ахапіць усіх людзей. Менавіта хрышчэньне было для мяне такім перажываньнем, і я быў вельмі зьдзіўлены пераменамі ў сабе. І ў войску, дзе было шмат экстрэмальных сытуацыяў, дзе былі розныя цяжкасьці, зьвязаныя са службай, і я адчуваў божую апеку».
У 1990-м Паўла прызвалі ў войска. Служыць давялося ў Рызе. У войску цяжка захварэў — на назе пад каленам узьнікла пухліна косьці, і лекары прапанавалі тэрміновую ампутацыю нагі, каб уратаваць жыцьцё.
«У мяне на назе пачала надкосьніца набухаць, яе спачатку зьдзёўбвалі, зрабілі гісталягічны аналіз і знайшлі саркому. І потым мяне пачалі пераконваць, што трэба рабіць ампутацыю. Выклікалі маіх бацькоў, іх таксама пераконвалі, што гэта неабходнасьць, інакш могуць быць вельмі цяжкія наступствы.
Тым больш што ў шпіталі, дзе я ляжаў, у суседняй палаце быў хлопец з такім жа дыягназам, і яму ўжо ампутавалі нагу. Цікава, што перад тым, як мне паставілі такі ж дыягназ, я зь ім вельмі пасябраваў, хадзіў да яго. У яго моцна балела нага, і ў мяне была такая прага дапамагчы, неяк абязболіць, аблегчыць ягоны боль. Я нават ня ведаў яшчэ, што з тым жа самым сутыкнуся...»
Павал як мог дапамагаў гэтаму хлопцу, падтрымліваў маральна, рабіў масаж. Была нават думка пасьля войска вывучыцца на масажыста. Але праз пэўны час самому Паўлу паставілі страшны дыягназ — саркома:
«Калі толькі мне паставілі дыягназ, спачатку, натуральна, быў шок. Але потым я неяк унутрана быў перакананы, што гэта мае сваё Божае прызначэньне, Божую волю. Было такое пачуцьцё, што гэтая хвароба ёсьць знакам Божым. Мне трэба камісавацца, ехаць дадому, у Менск, і там мне стане больш зразумела, што трэба рабіць».
Цяжкая хвароба ўратавала, калі можна так сказаць, шчырага верніка і пацыфіста Паўла Кавалёва ад удзелу ў ваенных дзеяньнях і ў самой Рызе ў 1991-м, і ў Абхазіі:
«Нас павінны былі ў Абхазію накіраваць. А якраз мяне выклікалі ў лякарню на паўторнае абсьледаваньне. Усіх астатніх выклікалі па трывозе і забралі ўсю нашу часьць вайсковую на вайну. Так што я такім чынам быў уратаваны ад вайны».
Павал Кавалёў вярнуўся ў Менск. Зьвярнуўся ў Менскі гарадзкі анкалягічны дыспансэр. Лекары прызначылі яму 30 сэансаў хіміятэрапіі, рабілі апраменьваньне. Потым прапанавалі паспрабаваць лячэньне голадам: тры тыдні хлопец сядзеў на адной вадзе...
Калі толькі мне паставілі дыягназ, спачатку, натуральна, быў шок. Але потым я неяк унутрана быў перакананы, што гэта мае сваё Божае прызначэньне, Божую волю
«Але тады я ўжо пра хваробу ня думаў. У мяне было такое ўнутранае перакананьне, што гэта не прывядзе да інваліднасьці. Я не магу сказаць, што я баяўся ці не баяўся. Было перакананьне, што ўсё — у руках Божых. То бок калі я прыехаў у Менск, я рабіў усё, што лекары казалі. Але ў той жа час са мной адбываліся ўнутраныя перамены. Я павярнуўся і стаў глыбей вывучаць хрысьціянства, пачаў маліцца, была першая споведзь, першае прычасьце. І мяне гэта так захапіла, што я забыўся пра хваробу. І калі прайшоў усе сэансы хіміятэрапіі, я пра хваробу ўжо ня згадваў. Яно само прайшло, і ўсё».
Пасьля некалькіх курсаў лячэньня Павал Кавалёў паехаў у Львоў, у кляштар манахаў-студытаў. Там здарыўся першы цуд — манахі прынялі цяжка хворага ў манастыр (звычайна ў кляштары хворых і калекаў не прымаюць). Пасьля адбыўся і другі цуд — усе браты манастыра маліліся за здароўе Паўла Кавалёва, які ўзяў імя Пахом, і цяжкая хвароба адступіла.
Цяпер пра гэта айцец Пахом Кавалёў так лёгка ўзгадвае, а тады, прызнаецца сьвятар...
«Быў, канечне, у мяне страх, і я хацеў гэтай хваробы пазбавіцца. Але потым прыйшло разуменьне, што трэба рухацца далей, што хвароба — гэта не канец жыцьця. І паступова нага перастала балець, хвароба перастала мяне хваляваць. І калі я пайшоў ужо ў манастыр, жыцьцё зьмянілася абсалютна. І я ўжо і ня думаў пра хваробу».
любая хвароба — гэта рэакцыя цела на тое, што ў чалавека адбываецца ў душы. То бок калі чалавек ігнаруе тое, што ў яго адбываецца ў душы
У Львове Кавалёў паступіў у Вышэйшую духоўную сэмінарыю імя Альфонса Лігуоры айцоў-рэдэмптарыстаў, якую скончыў у 1995 годзе. Спачатку быў сьвятаром ва Ўкраіне, у Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай лаўры. Потым вярнуўся ў Беларусь, служыў у Полацку ў грэка-каталіцкай парафіі Сьвятамучаніка Язафата, быў душпастырам парафіяў у Віцебску, Магілёве, Гомелі. Потым быў Украінскі каталіцкі ўнівэрсытэт, грэка-каталіцкія парафіі ў Львове...
Сьвятар Пахом Кавалёў да прыроды анкалягічных хваробаў ставіцца па-філязофску:
«Мне таксама даводзілася і ў госьпіс хадзіць, так што мне з анкалягічнымі хворымі даводзілася размаўляць. І тата мой памёр ад анкалёгіі, я бачыў, як ён паміраў, у яго была таксама саркома. Калі я са сваім татам размаўляў, я яму казаў, што любая хвароба — гэта рэакцыя цела на тое, што ў чалавека адбываецца ў душы. То бок калі чалавек ігнаруе тое, што ў яго адбываецца ў душы, у чалавечай прыроды няма іншай магчымасьці, як на гэта зьвярнуць увагу — толькі неяк праявіцца празь цела. Калі ён ігнаруе сваю душу, то ён не праігнаруе сваё цела. Можна сказаць, што анкалёгія — гэта такі крык, каб чалавек зьвярнуў увагу на тое, што адбываецца ў яго ў душы».
У кожнага, хто захварэў на анкалёгію, свой лёс, свой шлях, сваё змаганьне з хваробай. Айцец Пахом Кавалёў перакананы, што яго ўратавала вера:
«Для мяне гэта было пытаньне веры. Я даверыўся Богу. І ў мяне проста не было патрэбы ехаць да лекараў і пацьвярджаць, што я паправіўся. Я хаджу — і слава Богу. Некалькі разоў прыходзіла думка: „А можа, пайсьці праверыцца?“ А потым гэтая думка зьнікала, таму што не было патрэбы».
Цяпер айцец Пахом Кавалёў — уніяцкі сьвятар, служыць па аўторках і нядзелях у парафіі Сьвятога Духа. Пра цуд перамогі веры над саркомай ён склаў сьведчаньне ў інтэрнэце на сваім пэрсанальным сайце.