Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заробкі — мізэрныя, адказнасьць — вялізная»


Невысокія заробкі, недахоп спэцыялістаў і загружанасьць працай — вось умовы, у якіх мусяць працаваць мэдыкі хуткай дапамогі ў рэгіёнах.

Пераважна тутэйшыя лекары падтрымліваюць сваіх калегаў, якія намагаюцца палепшыць сытуацыю праз калектыўны зварот да ўладаў. Аднак ім слаба верыцца, што да гэтых патрабаваньняў прыслухаюцца.

Супрацоўнікі хуткай дапамогі зарабляюць у сярэднім тры з паловай мільёны рублёў, у залежнасьці ад стажу. Шмат хто мусіць шукаць прыработку. Некаторыя зьяжджаюць працаваць у Расею.

«Тры з паловай мільёны на стаўку. А адказнасьць — адказнасьць за чалавечае жыцьцё. Ці гэта нармальна? Людзі працуюць „на старане“, прыходзяць стомленыя, бо ўсе хочуць карміць сем’і, ува ўсіх крэдыты. Можаш, вядома, болей працаваць — на дзьве стаўкі. Дык тады ж спаць няма калі. А вось калі будуць сацыяльныя гарантыі, тады хоць сям’ю пракарміць можна», — мяркуе супрацоўнік хуткай дапамогі.

Пытаньні, якія ўздымаюцца ў звароце да ўладаў, кажа суразмоўца, не аднойчы ўжо спрабавалі вырашаць, аднак справа не скраналася зь месца. Паводле спэцыяліста, сыстэму аказаньня насельніцтву хуткай мэдычнай дапамогі трэба пераглядаць. Некаторыя выклікі варта рабіць платнымі.
Пажарнікі за ілжывы выклік штрафуюць, міліцыя дае штраф. А ў хуткай дапамозе кожны пяты выклік — ілжывы

«Калі гэта вырашаць, то трэба вырашаць сыстэмна. Ну, прымуць яны закон. Перавядуць нас куды-небудзь. Ад гэтага нешта зьменіцца? Пажарнікі за ілжывы выклік штрафуюць, міліцыя дае штраф. А ў хуткай дапамозе кожны пяты выклік — ілжывы. Кампутарную сетку паставілі, а на нармальныя вызначальнікі нумароў грошай няма, каб вяртаць грошы за ілжывыя выклікі. Няма грошай, што тут зробіш. Летась адзін выклік хуткай дапамогі каштаваў 300 тысяч».

Побытавыя ўмовы для пэрсаналу хуткай дапамогі цяпер неблагія, заяўляе мэдык. Калі няма выклікаў, то можна адпачыць. Ягоныя словы ўдалося спраўдзіць, наведаўшы адну з мэдычных падстанцыяў «хуткай дапамогі» ў Магілёве. Яе загадчык паказаў памяшканьні. У прыватнай гутарцы ён пацьвердзіў, што заробкі ў «хуткай» невысокія. Кадраў не хапае. Працаваць даводзіцца шмат.

У глыбінцы свае асаблівасьці. Там на «хуткай дапамозе» стараюцца эканоміць — не на кожны выклік мэдыкі выяжджаюць. Спачатку спраўджваюць, ці зьвярталіся па дапамогу ў вясковую амбуляторыю, да фэльчара. Калі не, то спачатку адправяць да яго, а самі прыяжджаюць ужо потым. Цяжэй узімку, калі дарогі заносіць сьнегам. Тады ў аддаленых вёсках застаецца спадзявацца толькі на ўласныя сілы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG