Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі ўрад прыпыніў інтэграцыю з Эўразьвязам

абноўлена

Сьцяг Эўразьвязу на будынку гарадзской рады ў Львове
Сьцяг Эўразьвязу на будынку гарадзской рады ў Львове

Кабінэт міністраў Украіны прыняў рашэньне прыпыніць падрыхтоўку да падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Такое распараджэньне апублікаванае на афіцыйным сайце ўкраінскага ўраду.

Раней сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіны не падтрымала ні адзін з 6 законапраектаў, якія дазволілі б асуджанай экс-прэм’еру Юліі Цімашэнцы выехаць на лячэньне за мяжу. Законапраекты не набралі неабходных 226 галасоў, бо фракцыі «Партыі рэгіёнаў» і камуністаў ўстрымаліся ад галасаваньня.

Вызваленьне Цімашэнкі для адпраўкі яе на лячэньне за мяжу было умовай, якую паставіў Эўразьвяз перад Кіевам для таго, каб 28 лістапада ў Вільні было падпісанае пагадненьне аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам і стварэньні зоны свабоднага гандлю.


Юры Чавусаў: Ня ўсё залежыць ад волі Януковіча


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Меркаваньне палітоляга Юрыя Чавусава: «Далёка ня ўсё цяпер залежыць ад волі прэзыдэнта Януковіча. Часткова лябісцкія, часткова шантажысцкія групы, якія апошнім часам аказвалі ціск у накірунку прадухіленьня падпісаньня гэтай дамовы, знайшлі магчымасьць праз кабінэт міністраў і Вярхоўную Раду прыняць некалькі рашэньняў, якія перашкаджалі б падпісаньню гэтай дамовы.

То бок нягледзячы на палітычную волю кіраўніка дзяржавы, іншыя элемэнты дзяржаўнай структуры падпарадкаваліся іншай лініі.

Я ня буду казаць, што гэтая лінія інсьпіраваная выключна звонку, але яна, натуральна, была падтрыманая і скіраваная менавіта Расеяй. Для Масквы падпісаньне дамовы пра асацыяцыю фактычна азначала б пахаванььне праекту Эўразійскага зьвязу як маштабнага геапалітычнанга праекту. Без Украіны гэта выглядала б ня так сур’ёзна.

Што да Беларусі. Беларусь і Ўкраіна знаходзяцца ў падобнай сытуапцыі, калі дзяржавы існуюць паміж двума геапалітычнымі цэнтрамі. Яны ня могуць зрабіць выбар на карысцьь адзінага геапалітычнага цэнтру. Трэба ў любым выпадку захоўваць балянс. Гэта будзе вымушаны рабіць любы рэжым, які будзе кіраваць у Кіеве ці ў Менску.

На дадзены момант самае лепшае, што Эўразьвяз мог бы зрабіць для Беларусі, гэта падпісаць дамову пра асацыяцыю з Украінай. Для Беларусі гэта краіна-суседка, адна з найбліжэйшых краінаў. Для беларускага грамадзтва гэта быў бы вельмі зразумелы сыгнал пра тое, што ў эўрапейскіх памкненьняў у нашым рэгіёне ёсьць пэрспэктывы. Гэта азначана б, што ў Эўропе нашыя краіны чакаюць».


Кароль: Гэта палітычнае падпарадкаваньне Крамлю


Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
Палітоляг Аляксей Кароль камэнтуе рашэньне Кабінэту міністраў Украіны спыніць падрыхтоўку да падпісаньня дамовы пра асацыяванае сяброўства ў Эўразьвязе.

«Што гэта адзначае для Ўкраіны? Гэта больш цесная прывязка да Расеі і палітычнае падпарадкаваньне Крамлю.

Для Януковіча гэта можа быць спробай утрымацца яшчэ на адзін тэрмін.

Для эканомікі і матэрыяльнага стану насельніцтва гэта будзе зацягваньнем сёньняшняй сытуацыі зь нізкім узроўнем жыцьця.

Для Беларусі гэта можна азначаць яшчэ больш цесную прывязку да Крамля высілкамі кіруючай групоўкі на чале з Пуціным. Гэта дадасьць Пуціну энтузіазму. І Беларусь ён ні ў якім разе ня выпусьціць са сваіх абцугоў».


Булгакаў: Украінскія эліты шантажавалі Расею, каб выбіць дэвідэнды


Валер Булгакаў
Валер Булгакаў
Аналітык Валер Булгакаў: «Насоўваецца паралель зь беларускім сюжэтам канца 2010, калі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка прымаў у Менску кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Нямеччыны і Польшчы Гвіда Вэстэрвэле і Радаслава Сікорскага і рабіў нейкія жэсты на адрас Захаду.

Ніякага сур’ёзнага прарыву ў эўрапейскім кірунку Беларусь не ажыцьцявіла. То была прэлюдыя да падпісаньня дамовы з расейскім кіраўніцтвам, якая забясьпечыла беларускі рэжым рэсурсамі для далейшага існаваньня цягам наступных гадоў.

Выглядае, што ўся гэтая машынэрыя, якая назіралася на ўкраінска-эўрапейскім кірунку, была прадыктаваная не сапраўдным жаданьнем украінскіх элітаў далучыць сваю краіну да эўрапейскай супольнай прасторы, а нейкімі каньюнктурнымі меркаваньянмі нешта выбіць з Расеі.

Украінскае грамадзтва, як і беларускае, разьяднанае што да эўрапейскагага вэктару разьвіцьця. Нейкіх масавых акцый у падтрымку мы не назіралі. З чаго можна забіць выснову, што ад пачатаку і да канца гэта была ініцыятыва вузкага кола ўкраінскіх элітаў. Як цяпер высьвятляецца, магчыма, яны сапраўды шантажавалі Расею, спрабуючы выбіць максымальныя дэвідэнды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG