Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнку не пусьцілі ў Эўропу. Ці пусьцяць Украіну?


Вярхоўная Рада Ўкраіны не падтрымала ні адзін з 6 законапраектаў, якія дазволілі б асуджанай экс-прэм’еру Юліі Цімашэнцы выехаць на лячэньне за мяжу.

Законапраекты не набралі неабходных 226 галасоў, паколькі фракцыі «Партыі рэгіёнаў» і камуністаў ўстрымаліся ад галасаваньня. Апазыцыя сустрэла такое рашэньне парлямэнта крыкамі «Ганьба!»

Вызваленьне Цімашэнкі для адпраўкі яе на лячэньне за мяжу было умовай, якую паставіў ЭЗ перад Кіевам для таго, каб 28 лістапада ў Вільні адбылося падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам і стварэньне зоны свабоднага гандлю з ЭЗ.

Пасьля галасаваньня адзін зь лідэраў украінскай апазыцыі Арсеній Яцэнюк абвінаваціў прэзыдэнта Віктара Януковіча ў блякаваньні эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны. Апазыцыя таксама заклікала Януковіча як мага хутчэй памілаваць Цімашэнку.

«Прэзыдэнт Януковіч асабіста спыняе рух Украіны на шляху да Эўразьвязу. Януковіч адмовіўся галасаваць за закон, ягоная партыя адмовілася. Спадар старшыня, я вам перадаю праект указу прэзыдэнта Ўкраіны аб памілаваньні Юліі Цімашэнкі. Хай падпісвае ўказ і хай не баіцца таго, што яго палітычны апанэнт выйдзе на свабоду. Слава Ўкраіне!»

Сёньня Януковіч наведвае з афіцыйным візытам Аўстрыю. Раней ён заяўляў, што ў пытаньні вызваленьня Цімашэнкі падпіша любы закон, ухвалены парлямэнтам, але адхіляў прапановы памілаваць яе.

Кіраўнік камітэту ў замежных справах Эўрапарлямэнту, нямецкі дэпутат Эльмар Брок заявіў, што вынікі галасаваньня ў Вярхоўнай Радзе сьведчаць, што Ўкраіна не настроеная на падпісаньне дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам з-за расейскага ціску.

Аднак Пэтэр Стана, прэсавы сакаратар камісара Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня Стэфана Фюле кажа, што перамовы з Украінай працягваюцца, а ў Кіеве па-ранейшаму працуе місія Эўразьвязу, і ўдзельнікі місіі Пэт Кокс і Аляксандар Квасьнеўскі падрыхтуюць канчатковую справаздачу з рэкамэндацыямі наконт Украіны.

«Мы не абмяркоўваем нейкія гіпатэтычныя сцэнары. Мы займаемся сытуацыяй цяпер, у гэты момант. Робіцца шмат працы. Я магу вам сказаць, што сёньня пазьней, фактычна сёньня ў абед, камісар Фюле зноў ляціць у Кіеў. Гэтае падарожжа -- частка няспынных намаганьняў, каб падкрэсьліць скіраванасьць Эўразьвязу на падпісаньне дамовы аб асацыяцыі, калі Ўкраіна выканае свае абавязаньні, і на гэтым мы цяпер робім акцэнт».

Экс-прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка адбывае 7-гадовае пакараньне па абвінавачваньні ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расіяй у 2009 годзе. Яе прыхільнікі з апазыцыйнага аб’яднаньня «Бацькаўшчына», праваабаронцы і Эўразьвяз лічаць справу Цімашэнкі палітычна матываванай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG