Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік


Унутры турмы КДБ
Унутры турмы КДБ

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

23 лютага, серада

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Прачнуўся з думкай пра лёс ліста зь віншаваньнем для бацькі. Праз два дні яму семдзесят тры. Для беларускага мужыка ўсё, што за шэсьцьдзесят, гэта ўжо дата. Ліст — найлепшы падарунак, які толькі можна прыдумаць у нашай сытуацыі, і вельмі хочацца, каб бацькі прачыталі яго. Я ведаю, як яны перажываюць за мяне. Для іх гэта ўсё па жывым. Прычым кожны рэагуе па-свойму: у маці — сьлёзы, у бацькі — маўчаньне. У яе ўсё на твары, ён жа ўсё ператраўляе ўнутры сябе. Але ў кожным разе ўсё, што здарылася са мной, гэта выдраны жыўцом кавалак іхняга здароўя. Без аніякай анэстэзіі.

Госпадзе, ды што ж гэта такое! Нейкі чынуша-цэнзар вырашае лёс майго ліста! Ад бездапаможнасьці хочацца выць ваўком у неба, якога не відаць.

У любым цэйтноце я заўсёды адшукваў магчымасьць прыехаць 25 лютага ў родны Трылес. Але сёньня гэтая традыцыя дасьць збой.

Перад вачыма бацькоўскі дом у цэнтры вёсачкі, якая тоне ў зеляніне. Дыхтоўны дом пад жалезным дахам і ў кальчузе сайдынгу колеру кавы. Бэтонная дарожка расьсякае падворак на дзьве часткі. Трохі ссутулены ад часу хлеў, у якім заўсёды мычала, бляяла, рохкала ўсякая жывёла. Крыху наўскос — гумно. Звычайна яно пад самы дах забіта сенам, якое пахне ўсім суквецьцем траў Стаўпеччыны, тут і цюкі з саломай. Сон на сенавале — нешта асаблівае. Незвычайнае. Гэта пацьвердзіць кожны, хто хоць адну летнюю ноч правёў у дурмане пахаў і водараў.

У кутку — сячкарня, прыстасаваньне рэзаць сена і салому. Гэта мой першы трэнажэр, на якім я пампаваў свае цягліцы. У драўляны латок загружаеш травяную масу, уключаеш матор магутнасьцю ў адну падлеткавую сілу, і два жалезныя нажы сякуць, крышаць усё без разбору.

Уладзімір Міхайлавіч Лябедзька, гаспадар, працаголік і зацяты антысаветчык. Ён ніколі ня ўпісваўся ў сыстэму
Вёска прачынаецца рана. Улетку а чацьвёртай раніцы бацька ўжо на нагах. Пачынае з абходу — падворак, хлеў, куратнік, гумно, склеп, ангар для тэхнікі. Усё жывое вітае гаспадара на ўсіх магчымых мовах. Яны разумеюць адно аднаго. Часам нашмат лепш, чым людзі людзей.

Уладзімір Міхайлавіч Лябедзька, гаспадар, працаголік і зацяты антысаветчык. Ён ніколі ня ўпісваўся ў сыстэму. Ні ў савецкую. Ні ў лукашэнкаўскую. Ні думкамі, ні ўчынкамі, ні ўяўленьнямі аб справядлівасьці. Дзіця прыроды з прыроджаным пачуцьцём свабоды. Нават прыяжджаючы да нас у Менск, ён адчувае дыскамфорт ад гарадзкога туалета і з большай ахвотай наведваецца ў лес, што каля рэзыдэнцыі «Дразды». Усё ягонае жыцьцё — гэта канкурэнцыя і барацьба. З уладамі, з сыстэмай, з самім сабой.

Бацькі беларускага палітыка ня могуць жыць у зоне нэўтралітэту. Жыцьцё дзяцей так ці інакш закранае і іх. Да прыкладу, у чарговай сваёй прапагандысцкай перадачы рэспубліканскае радыё паведаміла, што ў гады вайны мой бацька быў паліцаем. У краіне, дзе да гэтага часу не прыйшлі да канчатковай высновы, колькі загінула ў вайну, кожны трэці ці кожны чацьвёрты, абвінавачаньне больш чым сур’ёзнае. Але вось незадача... Бацька нарадзіўся ў 1938 годзе і, натуральна, у трохгадовым веку супрацоўнічаць з фашыстамі ніяк ня мог. Але махровая хлусьня не бянтэжыць, не абурае мясцовых прапагандыстаў. У гэтым сэнсе справа даволі вядомага Ёсіфа Гебэльса адчувае сябе ў сучаснай Беларусі, як гародніна на гідрапоніцы. Бо сапраўды некалькі разоў у розных рэгіёнах краіны вэтэраны і экзальтаваныя жанчыны, чальцы клюбу імя Аляксандра Лукашэнкі, кідалі мне гэтае абвінавачаньне. Даводзілася тлумачыць, што вайна, вядома, пакінула свой сьлед на басаногім дзяцінстве бацькі. Яна забрала двух ягоных братоў, Івана і Язэпа. Магілы абодвух — на вясковых могілках на Стаўпеччыне. Абодвум было па васямнаццаць. А маленькі басаногі Воўка ў пасьляваенныя гады, калі было холадна, грэў ногі ў мачы кароў, якія толькі што аправіліся. Хадзіў за бараной з прыплюшчанымі вачыма, заблукалымі ў сьне.

«Сын, гэта наш абавязак знайсьці магілу і прывезьці зямлю на нашы сямейныя могілкі!» — я чую бацькаў голас
У бацькавай галаве бібліятэка і архіў за аднымі дзьвярыма. Ён гадзінамі ў падрабязнасьцях можа расказваць гісторыю вёскі, гісторыю кожнага яе жыхара. Шкада, усё ніяк не зьбяруся запісаць ягоныя ўспаміны. А гэта варта зрабіць.

Наагул, колькі нязробленага, неапраўдана засунутага ў далёкі куток стала заўважаеш у такіх экстрэмальных сытуацыях. Вось зьбіраліся з бацькам паехаць у Латвію шукаць магілу мамінага бацькі. Знайшлі старую, пажоўклую ад часу пахаронку. Дзесьці недалёка ад хутара Дэтрнэкі ягоная магіла. «Сын, гэта наш абавязак знайсьці магілу і прывезьці зямлю на нашы сямейныя могілкі!» — я чую бацькаў голас. У ім ні ценю сумневу, што мы гэта зробім. Вось толькі выберуся з гэтай пасткі, і мы абавязкова рушым на пошукі дзедавай магілы.

Ва Ўладзіміра Міхайлавіча Лябедзькі заўсёды, ва ўсе часы зямлі было больш, чым дазволеныя сорак сотак. Хлапчуком памятаю, як прыходзілі на падворак дзядзькі-каморнікі з палкай-меркай. Бацька глытаў таблеткі і запрашаў іх да стала. Сыходзілі каморнікі няцьвёрдай хадой — і напаўзаплюшчанымі вачыма ня бачылі лішкаў зямлі. І так з году ў год.

Акрамя сядзібы, бацька заўсёды меў некалькі надзелаў няўлічанай зямлі. У лесе раскарчоўваў дзялянку, араў, сеяў. Палітая потым, аблашчаная ўвагай, яна плаціла кіляграмамі, цэнтнэрамі. Бацька быў шчасьлівы, калі ўдавалася сабраць увесь ураджай, на які паляваў і зьвер лясны, і старшыня калгасу. Апошні ганчаком гойсаў па акрузе ў пошуках «непрацоўных даходаў» вяскоўцаў. Знайшоўшы ў лесе надзел, пасылаў трактар, і той бязьлітасна заворваў зялёныя парасткі азімых, якія толькі былі прабіліся з чорнай зямлі. У такія дні на бацьку было балюча глядзець. І лепш не трапляцца пад гарачую руку. Ён перажываў, але не здаваўся. Наступным годам ізноў карчаваў буралом і ўпотай прыяжджаў палюбавацца, як калосіцца дзялянка. Вось гэта ўпартасьць! Яна вартая перайманьня!

Да таго ж ён быў і найлепшым працаўніком калгасу. Вымпеламі, граматамі, падзякамі забітая паліца ў шафе. Для бацькі гэта хоць і прыемная, але ўсё ж паперка. Ня больш. Проста такое ў яго стаўленьне да працы: заўсёды і ўсё рабіць грунтоўна і дыхтоўна і пры гэтым выкладвацца без астатку. Вось гэта непрытворная любоў да зямлі!

Дзяцінства ў вёсцы — гэта галерэя, у якой засталіся самыя яркія і маляўнічыя палотны-ўспаміны. Суцэльны Пікаса
А яшчэ для мяне вёска — гэта печ. З пышнымі формамі, якія запоўнілі паўкухні і прыцягваюць усіх магіяй цяпла і апэтыту.

Раніца. Вочы яшчэ не расплюшчыліся, а ногі ўжо ідуць на пахі, якія родзяцца на кухні і распаўзаюцца па ўсіх кутках. Гарачыя бліны зь вясковай печы! З карычняватым загарам на пухлых шчоках. Адарваныя кавалкі запечанага цеста апякаюць пальцы, і ты топіш іх у халоднай, густой, беласьнежнай сьмятане, каб потым апэтытна запхнуць у жорны рота. Я нават сьліну зглынуў на гэтым месцы ўспамінаў, якія цяплом разьліваліся па ўсім целе. Асабліва ў раёне страўніка. Чорт вазьмі, захацелася ў дзяцінства!

Дзяцінства ў вёсцы — гэта галерэя, у якой засталіся самыя яркія і маляўнічыя палотны-ўспаміны. Суцэльны Пікаса. І я разумею, чаму. Гэтае разуменьне прыйшло з гадамі. Мая бабуля Агрыпіна (вясковыя велічалі яе баба Грыфа) пражыла 98 гадоў. З пагардай ставілася да мэдыцыны і яе дасягненьняў. Мела дзівосную працаздольнасьць. Яна захлёбваючыся распавядала, як добра было пры цару і памешчыках. І я ёй шчыра ня верыў. Маё піянэрскае цяперашняе не хацела прымаць яе буржуазнага мінулага. Прайшоў час. Цяпер я ведаю, пра што казала бабуля. Памешчыкі і іншыя аксэсуары мінулага — гэта быў усяго толькі фон. Галоўнае, яна была маладая, здаровая, прыгожая. Вакол сакавіта шамацела лісьце бярозавага гаю. Паветра бяз паху выхлапных газаў. Маладосьць біла жыватворнай крыніцай, наталяючы прагу жыцьця. Шчоўкала праблемы моцнымі зубамі. Лётала над зямлёй, не адчуваючы кілямэтраў і вёрстаў. Яна была цэнтрам сусьвету.

Асаблівае месца сярод усёй жыўнасьці трылескага падворку займае Нуар, здаравенны дванаццацігадовы каўказец. Гэта правая лапа і надзейны памочнік Уладзіміра Міхайлавіча. Нуар — наш падарунак на бацькаў дзень нараджэньня. З маленькага шчанюка, якога мы на руках прывезьлі ў вёску, ён вымахаў у вялізнага сабаку, з магутнымі лапамі, густой белай шавялюрай і шэрымі дызайнэрскімі ўстаўкамі. Каўказец — гэта гарант бясьпекі і спакою бацькоў, бо адышлі ў нябыт часы, калі ў вёсцы можна было і дзьвярэй не замыкаць. Для вяскоўцаў Нуар — мясцовы шэрыф, і зь ім лічаць за лепшае ня зьвязвацца. Праўда, і ў яго здараліся канфузы. Неяк сабака наадрэз адмовіўся ад ежы. Ляжыць, віляе хвастом, але ежы не кранае. А вочы гарэзьлівыя. Выявілася: Нуар наведаўся з інспэкцыяй у суседзкі куратнік. Паспытаў кураціны — спадабалася. Паўтарыў нашэсьце. І тут суседка выявіла масавае зьмяншэньне пагалоўя курэй. Усушку-ўтруску аднавілі ў колькасных паказчыках, а Нуар з тых часоў не расстаецца з масіўным ланцугом. Такія сабе каралі на валасатых шырокіх сабачых грудзях.

Нуар заўсёды апавяшчае ўсіх вакол пра наш прыезд. Варта нам выйсьці з машыны — і мы ў плыні гукавога вадаспаду, які льецца з сабачай пашчы. Гэта ягоныя вітаньні. Па іх бацькі беспамылкова вызначаюць, што ў вёску прыбыў сталічны дэсант. Як на мяне, то душэўна, але іншыя кажуць, што ад гэтага брэху ледзянеюць падэшвы. Мабыць, туды ў гэты час хаваецца душа.

Сагрэўся ўспамінамі. Але думка пра ліст бацькам не дазваляла засяродзіцца ні на чым іншым. Праўда, я арганізаваў псыхалягічную атаку на нябачнага цэнзара, якога за час роздуму пасьпеў зьненавідзець. У канцы ліста напісаў: «Калі нечая рука адважыцца не прапусьціць гэты ліст, хай яму аукнецца і адплаціцца. Усявышні знойдзе магчымасьць пакараць таго, хто сее зло». Цяпер мне здавалася, што я атрымаю ліст назад, і якраз гэтыя словы будуць у ім падкрэсьленыя цэнзарскім алоўкам. Зрэшты, а ці ёсьць у мяне альтэрнатыва?

* * *

Шпацыр выйшаў адмысловы. Музыку падабралі з асаблівай вытанчанасьцю. Песьні пра непераможную і легендарную — гэта яшчэ сяк-так, але пра мудрага Сталіна..
Сёньня ў нас быў сьвяточны сьняданак. Нам далі рыс! Ваў! Напэўна, канфіскат. Або сярод падсьледных зьявіўся гандляр гэтымі крупамі. Рыс такі смачны, халвічны, здаецца, растае ў роце!

А яшчэ дзяжурны зайшоў раніцай увесь бліскучы. Твар, чаравікі, пагоны, гузікі — усё зьзяла, як начышчаны самавар. У нашым падзямельлі бляск гэты адсьвечваў нейкім ненатуральным сьвятлом. Цікава, гэта стан душы ці зьмест загаду? Дзяжурны, здаецца, нават нешта буркнуў пра сьвята. Але, зноў жа, словы былі нейкія ненатуральныя, казённыя.

Затое шпацыр выйшаў адмысловы. Нас нібыта акунулі ў СССР. Як прамакатку. Музыку падабралі з асаблівай вытанчанасьцю. Песьні пра непераможную і легендарную — гэта яшчэ сяк-так, але пра мудрага Сталіна... І гэтак дзьве гадзіны бесьперапыннага даўбеньня па вушах.

Такі песенны рэпэртуар не выпадковы. І наагул, з кожным пражытым у ізаляцыі днём я разумею, што ў нашым цяперашнім жыцьці няма месца выпадковасьцям. Ёсьць галава, а можа, і не адна, якая займаецца пісаньнем сцэнару на дзень, на тыдзень для адмысловага кантынгенту «амэрыканкі». Сядзяць гэтыя дзядзькі ў пагонах на шакалядна-масьлянай зарплаце і прыдумляюць, як яшчэ прыціснуць, прыплюснуць, размазаць гэтых ненавісных апазыцыянэраў. А можа, нічога і не прыдумляюць, усё ўжо даўно расьпісана і зафіксавана ў рознага роду мэтадычках і дапаможніках. Яшчэ на Акрэсьціна я даведаўся, што там дагэтуль дзейнічаюць інструкцыі сталінскіх часоў. І гэта сымбалічна.

А калі так, то застаецца толькі намаляваць псыхалягічны партрэт паддосьледнага і накласьці яго на інструкцыю. Колькі спэцыялістаў па выбіваньні патрэбнага выніку, па катаваньнях і зьдзеках выкарміла і выпеставала таталітарная сыстэма! У шмат якіх дзяржавах постсацыялістычнай прасторы яны ўжо струхлелыя старыя, а вось у Беларусі гэта і тыя, каму крыху за дваццаць. З такім генафондам цяжка канструяваць будучыню.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





24 лютага, чацьвер

Увесь інтэрнэт бурліць, кіпіць і абураецца. Туды выплюхнулася інфармацыя пра катаваньні і зьдзекі ў «амэрыканцы». Быццам бы інфармацыю зьліў нехта з кандыдатаў у прэзыдэнты
Новая ўводная ад адміністрацыі. Абвяшчаецца забарона ляжаць на нарах ад пад’ёму да адбою. Цяпер можна толькі сядзець! Гэта поўны піпец! У сытуацыі няспыннага стрэсу і напружаньня магчымасьць упасьці на нары і падрамаць паўгадзіны дазваляла хоць часткова аднавіць сілы, супакоіць нэрвы. І вось чарговае табу ад таварыша Арлова.

Новыя правілы былі даведзеныя да нашага ведама на разводзе і, вядома ж, выклікалі гул незадаволенасьці. Зразумела, што цяпер на вуснах толькі гэтая тэма. Гэта чарговая вайна, і пазьбегнуць яе немагчыма. Ахова заточаная на спыненьне найменшых спробаў разаслаць цела на нарах. Аж да пагрозаў ужыць спэцсродкі. Пачалося супрацьстаяньне. Пасьля шпацыру вырашылі ня здраджваць звыкламу ладу жыцьця, але больш за дзьве хвіліны пратрымацца не ўдалося. У камэру ўкаціўся чорна-зялёны клубок і хутка трансфармаваўся ў каток. Мы адступілі. Расьселіся на ніжніх нарах і так паўдрамалі-паўспалі. Плячо ў плячо.

Сёньня Ігар сустракаўся з адвакаткаю, і тая шапнула яму, што ўвесь інтэрнэт бурліць, кіпіць і абураецца. Аказваецца, туды выплюхнулася інфармацыя пра катаваньні і зьдзекі ў «амэрыканцы», і цяпер гэта тэма, якая найбольш абмяркоўваецца ў прэсе і сацыяльных сетках. Быццам бы інфармацыю зьліў нехта з кандыдатаў у прэзыдэнты.

Ну што ж, гэта сапраўды важная навіна. Прычым падобна, што годная веры. Апошнім часам маскі зрабіліся нейкія млявыя, дый шмоны цяпер мала таго што ладзяцца радзей, дык і бяз звыклага імпэту. На апошнім загоне ў спартзалю адна з масак нават зьвярнулася да мяне па бацьку. Маўляў, Анатоль Уладзіміравіч, колькі гадоў выў змагаецеся, не надакучыла? Дый сытуацыі тыпу цяперашняй нічога не даюць, ні здароўя, ні кар’ернага посьпеху.

Мяне ўразіла ня столькі тое, што было сказана, колькі — як. Роўным, спакойным, ЛЮДЗКІМ голасам.

— Уявіце, не надакучыла. Мне ёсьць за што змагацца. І ня толькі мне. Жыць у Эўропе і жыць па-халопску — не для мяне. І, думаю, не для мільёнаў маіх суайчыньнікаў. І калі гэта не для вас, то гэта не азначае, што не для тых, хто атачае вас.

— Ну што ж, можа і ня згодны, але паважаю.

Такая вось размова.

Пасьля столькіх дзён, тыдняў, месяцаў зьдзекаў пачуць такое з вуснаў «чорных» — гэта нешта са знакам вялікага-вялікага пытаньня.

Масачнік далёка ня першы, хто задае мне пытаньне, ці не надакучыла мне змагацца. Яго мне задавалі і на волі, і тут. Шмат хто разьвівае гэтую тэму далей і глыбей — маўляў, прыйшоў час «старой апазыцыі» саступіць месца іншым. Тэма амаладжэньня і абнаўленьня беларускай апазыцыі — рэч сэзонная. Асаблівы попыт на яе — калі на календары прэзыдэнцкая кампанія. Зразумела, што з асаблівым імпэтам яе падаграе і прасоўвае ўлада. Але і сярод апазыцыі ёсьць нямала ахвотных пажаваць гэтую тэму. Не падыскутаваць, а менавіта пажаваць, як жуйку, якую праз пару хвілін можна выплюнуць. Толькі слоўны сьлед у чаце.

Тэма амаладжэньня і абнаўленьня беларускай апазыцыі — рэч сэзонная. Асаблівы попыт на яе — калі на календары прэзыдэнцкая кампанія
Як на мяне, дык тэма гэтая штучная і навязваецца звонку. Хоць у гэтай дыскусіі я і сам як бы зацікаўленая асоба. З крыла «старой гвардыі». Але права на пазыцыю ў гэтым пытаньні я не пазбаўлены. А яна ў тым, што беларускае апазыцыйнае асяродзьдзе — самае спрыяльнае для рэалізацыі палітычных амбіцыяў. Тут за вельмі кароткі тэрмін можна зрабіць галавакружную кар’еру. І дзеля гэтага ня трэба атрымліваць дазвол у Калякіна, санкцыю ў Лябедзькі, дабро ў Статкевіча. Для гэтага зусім не абавязкова быць даляравым мільянэрам. І пры гэтым на вашай візытоўцы лёгка можа адсутнічаць сымболіка вядомай палітычнай арганізацыі краіны.

Прыкладаў, якія пацьвярджаюць вышэйсказанае, больш чым дастаткова. Шмат пра што сьведчыць і той факт, што адзіныя кандыдаты ў прэзыдэнты ад апазыцыі ў 2001 і 2006 гадах не былі сябрамі палітычных партыяў. Генэрал Фралоў напісаў заяву ў адну з сацыял-дэмакратычных партыяў, а праз год ужо быў намесьнікам старшыні БСДП(Г).

Былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін ані ў кога не прасіў ліцэнзіі на тое, каб займацца палітычнай дзейнасьцю, але гэта не перашкодзіла яму за фантастычна кароткі тэрмін (некалькі месяцаў) узначаліць апазыцыйную партыю, стаць кандыдатам у прэзыдэнты, а потым і адным зь лідэраў апазыцыі.

Аляксандар Мілінкевіч. Хто пра яго ведаў за паўгода да прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе? Я не кажу пра краіну ў цэлым — хаця б у апазыцыйным асяродзьдзі. Вельмі нямногія. Тыя, хто працаваў на «тылавых прадпрыемствах», у рэсурсных цэнтрах ды ў няўрадавых арганізацыях.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч


Ня стала выключэньнем і выбарчая кампанія 2010 году. Мікалай Статкевіч — адзіны прадстаўнік «старой гвардыі». Усе спрэс астатнія — або зусім новыя твары (паэт Уладзімер Някляеў, бізнэсмэн Вус), або людзі з другога, а то і трэцяга эшалёну беларускай палітыкі (былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў, эканаміст Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч). У кожнага зь іх быў шанец. І ўсе яны па-рознаму ім распарадзіліся. Як? Неўзабаве даведаемся. Ад часу ўцячы немагчыма.

Я тут магу толькі дазволіць сабе некалькі камэнтароў адносна Мікалая Статкевіча. Ягоны прыклад сьведчыць, што працяглая прысутнасьць у палітыцы не адносіцца да абцяжваючых абставін. Праўда і тое, што яна не дае ніякіх прэфэрэнцыяў. А вось наяўнасьць або адсутнасьць у чалавека стрыжня — гэта вельмі індывідуальна і не залежыць ад палітычнага стажу.

Мікола Статкевіч на судзе
Мікола Статкевіч на судзе


З усіх кандыдатаў Мікалай Статкевіч вёў самую жорсткую і агрэсіўную кампанію. Адны прэтэндэнты рабілі стаўку на пазытыўную альтэрнатыву для людзей і Беларусі, іншыя крытыкавалі недахопы цяперашняй сыстэмы, трэція акцэнтавалі ўвагу на неабходнасьці канструктыўнага супрацоўніцтва з уладай. Мікалай Статкевіч атакаваў асабіста Лукашэнку. Ён гаварыў з Лукашэнкам у манеры і голасам самога Лукашэнкі. Думаю, гэта была вымушаная неабходнасьць. Толькі так Мікалай мог зачапіць выбаршчыка. У іншых вобразах яму было б цяжка канкурыраваць з Раманчуком або Саньнікавым. Пры такой манеры пазыцыянаваньня месца ў сьпісе асабістых ворагаў кіраўніка Статкевічу было гарантаванае. Ці прадбачыў Мікалай, што ўсё складзецца так, як склалася? Тут мы ўсе ў аднолькавай сытуацыі. Асабіста я выявіўся дрэнным аракулам і прадказальнікам.

І яшчэ мне асабіста да канца незразумела, ці ўзгадняў Статкевіч з кім-колечы з кандыдатаў у прэзыдэнты свой заклік пакінуць Кастрычніцкую плошчу і рухацца да «Чырвонага дома», а затым на плошчу Незалежнасьці. Гэта частка пляну? Тады чыйго? Экспромт? Пытаньні ёсьць. Няма адказаў.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





25 лютага, пятніца

Каманда «Пад’ём!» праляцела, як шалёная куля, і нікога не зачапіла. Адрэагаваў толькі дзяжурны па камэры. Астатнія, заправіўшы пасьцелі, тут жа разьлегліся зноўку. Кантралёры мусілі літаральна выкалупваць кожнага. Вайна за права ляжаць на нарах працягваецца. Дасыпаем седзячы.

Чорныя птушкі аблюбавалі гэтыя месцы яшчэ ў 30-я гады, калі людзей забівалі проста ў цесных дворыках НКВД і можна было ўдосталь падзяўбці салодкай чалавечыны
На ранішнім разводзе новая порцыя іньекцыяў для кантынгенту з шпрыца запалохваньняў. Забароны, забароны, забароны. Пагрозы, пагрозы, пагрозы. У нас хочуць адабраць тое нямногае, што яшчэ засталося, — маленечкую аўтаномію дзеяньняў унутры закупоранай прасторы.

Адкрыўшы ў сабе некаторыя здольнасьці рыфмаваць, вырашыў папрацаваць і ў жанры прозы. Тым больш што ў галаве даўно высьпеў сюжэт апавяданьня. Яго галоўны герой — голуб Лёлік. Пэрсанаж ня выдуманы. Птушка рэгулярна прылятае да нас падчас шпацыру. Заўсёды сядае ў адным і тым жа месцы і адтуль назірае за падзеямі. У маім апавяданьні Лёлік — голуб ня просты. Птушка шляхетнай крыві. З моцным радаводам.

Суседзямі ў яго груганьнё. Шматлікае і крыклівае. Лёлік лічыць за лепшае не сядзець зь імі на адной галінцы. І ня дзеля фанабэрыі і снабізму. Груган голубу вока лёгка выдзеўбе. Проста так, дзеля хохмы. Чорныя птушкі аблюбавалі гэтыя месцы яшчэ ў 30-я гады, калі людзей забівалі проста ў цесных дворыках НКВД і можна было ўдосталь падзяўбці салодкай чалавечыны. Груганьнё выцесьніла з навакольля ўсю жыўнасьць. Ні вераб’я пужлівага, ні сарокі балбатлівай. Толькі Лёлік меў адвагу залятаць у гэтую забароненую зону. Яму падабаліся рызыкоўныя палёты.

Неяк сьнежаньскім вечарам Лёлік, прысеўшы перадыхнуць на галінцы насупраць паўадчыненай форткі будынка колеру жаўтухі, стаў сьведкам сцэны, якая шмат у чым зьмяніла звыклы лад ягонага жыцьця. Па той бок тоўстых сьцен, у доўгім, як дула аўтамата, кабінэце сядзеў які дзясятак мужчын у мундзірах. Прыглушанае сьвятло. Россып зорак на зялёных пагонах. Дакладваў вусаты. Чорныя як смоль вусы рухаліся. Прысутныя парыпвалі асадкамі. Так Лёлік даведаўся пра тое, пра што ніхто не павінен быў ведаць. Ён чуў прозьвішчы людзей, якіх ваенныя мелі намер ізаляваць у ноч з 19 на 20 сьнежня. Статкевіч, Саньнікаў, Лябедзька, Някляеў, Севярынец — усяго больш за дваццаць прозьвішчаў. «Прэзыдэнт загадаў дзейнічаць хутка і рашуча, — вусаты чаканіў фразы, скануючы твары падначаленых. — У нас ёсьць неабмежаваныя паўнамоцтвы, аж да прымяненьня зброі. І мы выканаем загад нашага галоўнакамандуючага. Ніякіх сумневаў быць не павінна. Гэтае права даў нам беларускі народ. Мы абараняем яго».

Прэзыдэнт загадаў дзейнічаць хутка і рашуча. У нас ёсьць неабмежаваныя паўнамоцтвы, аж да прымяненьня зброі. І мы выканаем загад нашага галоўнакамандуючага
Лёліку здалося, што вусаты павярнуў галаву да акна і глядзіць на яго. Не міргаючы. Ён ледзь стрымаўся, каб баязьліва не зьляцець з галінкі. Але цікаўнасьць была мацнейшая за страх.

Птушынае сэрца адчувала бяду, але людзі яшчэ ня ведалі пра яе. Наступнага дня Лёлік, прысеўшы на казырок аўтобуснага прыпынку, бачыў іхнія ўсьмешлівыя, мірныя твары. Людзі стаялі шчыльнай масай і слухалі тых, каго ўчора пайменна называў Вусаты. На ветры матляліся і біліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Адзін зь іх, прыстаўлены да сьцяны ГУМа, пахіснуўся і ўпаў. Лёліку здалося, што гэта чырвоная кроў на белым сьнезе. Палотнішча тут жа падхапіў кірпаты юнак. Глынуў паветра і выдыхнуў: «Жыве Беларусь!» І рэхам адгукнуліся сотні галасоў. Птушынае сэрца кальнула, але валідол галубам не належыцца.

Вось такі сюжэт закручваўся ў маёй галаве. Кожны раз, калі на шпацыры я бачыў птушку, у той жа дзень на паперу клаліся некалькі радкоў аповеду пра Лёліка і беларускія рэаліі. Здаецца, мае патугі цягнуць на тое, што некаторыя называюць літаратурным творам. Мне падабаецца. Думаю, і іншыя сядзельцы ацэняць мой літаратурны дэбют.

* * *

Пасьля абеду прайшло ператрэсваньне камэры. Усе працякала будзённа-прадказальна. Хіба што забралі мае сшыткі. Мабыць, кантралёр перастрахаваўся, затое ніхто не папракне яго, што страціў пільнасьць. Лепш патэнцыйныя праблемы для сваёй пятай кропкі перакласьці на галаву таго, хто глядзіць на цябе зьверху ўніз са сваёй пасады.

У мяне і так далёка не каліграфічны почырк, а цяпер я яшчэ наўмысна імкнуся сапсаваць яго. Ужываю скарачэньні. Часам пункцірам пазначаю асноўную думку, код да шыфру якой застаецца ў мяне ў галаве. Вядома, пры некаторых намаганьнях і наяўнасьці навыкаў зразумець, пра што ідзе гаворка ў тым ці іншым апавяданьні, можна. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Вяду адразу некалькі сшыткаў. У адным дзёньнік, зь ім працую кожны дзень. Другія аддадзены літаратурнай творчасьці. Трэці — для ліставаньня зь дзяржаўнай бюракратыяй. Усё гэта складаю ў пакет, які вісіць у галавах.

Ну што ж, забралі дык забралі. Гэта першы раз я перажываў і хваляваўся за наступствы, цяпер не нэрвуюся. Сшыткі забраць можна, але што такое радкі? Гэта думкі. Між іншым, мае думкі. А іх не канфіскаваць. З галавы іх можна выбіць хіба што кавалкам сьвінцу. Вырашыў, што ўсё роўна буду пісаць дзёньнік, працягну пісаць вершы, калі толькі не забяруць асадку і паперу. Дый у гэтай сытуацыі можна драпаць цьвіком на сьцяне, пазногцем на табурэтцы. Гэта патрэба і неабходнасьць. Да таго ж і гімнастыку шэрага рэчыва ніхто не адмяняў. Так што тут жа выняў новы сшытак і зрабіў першы запіс.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG