30 сьнежня, чацвер
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Звыкнуцца з думкай, што я затрымаўся тут як мінімум на два месяцы, аказалася справай няпростай. Ня ведаю, чым сябе заняць. Ня ведаю, за што зачапіцца, каб пачаць караскацца ўверх. Адчуваньне безвыходнасьці і апатыі. Сам сабе агідны.
Але нават тут, у зьняволеньні, здараюцца маленькія цуды. Увечары пры раздачы карэспандэнцыі нам у камэру ў агульным стосе далі нумар газэты «Народная воля». Ці то нечае галавацяпства, ці то запраграмаваная выпадковасьць. Хапаю газэту і прагна глытаю інфармацыю. Вялікімі кавалкамі, ледзь пасьпяваючы пераварваць. Самая важная інфа — заява Багданкевіча, што ў гэты складаны час ён бярэ кіраваньне партыяй у свае рукі. Добрая навіна, з аздараўленчым эфэктам. У гэтай сытуацыі Станіслаў Антонавіч, бадай, постаць аптымальная. Палітык з чыстымі рукамі, вялізным аўтарытэтам і сур’ёзным кіраўнічым досьведам. Калі па партыі прасуюць бульдозэрам, патрэбны менавіта такі палітычны цяжкавагавік. Мая вымушаная адсутнасьць — вялікая спакуса запусьціць пару вірусаў у аслаблены арганізм АГП. Зьнешні ціск і спробы падарваць сытуацыю знутры будуць толькі ўзмацняцца. Прагноз несуцяшальны, але аб’ектыўны.
Зь іншага боку, цяжкасьці — гэта магчымасьць спраўдзіць і людзей, і структуры. Яны паказваюць, якую рэальную вагу ты можаш адужаць у рэчаіснасьці. Можна колькі заўгодна адпускаць на свой адрас халвічныя камплімэнты, распавядаць, якім неверагодным патэнцыялам ты валодаеш, але рэальнасьць словам ня верыць. Выбарчая кампанія была для нас іспытам. Падзеі пасьля яе сталі выпрабаваньнем. Выпрабаваньні, як правіла, ня стукаюць у дзьверы і не пытаюцца дазволу ўвайсьці. Яны ўрываюцца і часьцяком застаюць зьнянацку.
Цяперашняя пасьлявыбарная зачыстка — гэта цудоўны шанец нарабіць брыды дэмакратычным актывістам
І ўсё ж на душы паспакайнела. Дзякуй, Ёсіф Паўлавіч (рэдактар газэты Ёсіф Сярэдзіч), дзякуй, дарагі, за добрую вестку. Апошнімі днямі ў маёй галаве было цесна ад думак. Яны набухалі ад сумненьняў, трывогі і перакрылі канал для ўраўнаважанага і сьвядомага аналізу падзеяў. Пазытыўныя навіны, здаецца, прабілі гэтыя штучныя тромбы.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
31 сьнежня, пятніца
Гэты дзень запомніцца мне на ўсё астатняе жыцьцё як прыклад вытанчанага цынізму і крывадушнасьці людзей у пагонах. Першая палова дня прайшла пад барабанны дробат палак людзей у чорных камбезах. Пасьля абеду — пераднавагодні асабісты агляд. Да спартзалі дайшлі з другой спробы. Спуск па жалезнай лесьвіцы не спадабаўся таму, хто прымаў унізе. Другі паход, аднак, нічым не адрозьніваўся ад першага. І наша камэра была далёка ня першая ў чарзе на наведваньне спартзалі. Ахова пачала стамляцца. У «пакоі катаваньняў» усё як звычайна: тварам у бэтон, далоні тыльным бокам на сьцяне, ногі на шырыні плячэй. Па адным, зьлева направа, праходзім прыніжальную працэдуру распрананьня. Пакінуты галышом нейкі час тэстуецца тэмпэратурай градусаў трынаццаць-чатырнаццаць. Вастрыню адчуваньням павінна дадаваць бэтоннае пакрыцьцё, дакладней — босыя ступні на ледзяной падлозе. Ад холаду скура робіцца гусінай.
— Адкрыйце рот.
— Пакажыце язык. Уверх язык!
— Падніміце валасы на патыліцы. А цяпер на скронях.
— Растапырце пальцы на нагах.
— Пакажыце ступню. Другую.
— Адзявайцеся! Варушыся! Хутчэй!
І зноў барабанны дробат гумовых палак.
— Хутчэй!
— На выхад! Бягом! Бягом!
— Морду ў падлогу!
Не пасьпелі адысьці ад псыхапрацоўкі і расьцяжкі, як мне прыйшло ўказаньне зьбірацца на допыт. Падумалася, проста-такі ўдарнікі сілавой працы, нават 31 сьнежня ня знаюць пярэдыху
Сіла і гвалт могуць многае. Але ня ўсё!
Не пасьпелі адысьці ад псыхапрацоўкі і расьцяжкі, як мне прыйшло ўказаньне зьбірацца на допыт. Падумалася, проста-такі ўдарнікі сілавой працы, нават 31 сьнежня ня знаюць пярэдыху. Закутага ў кайданкі, мяне вядуць уніз. Пакой для допыту. У ім сухарлявы цёмнавалосы чалавек гадоў трыццаці пяці — сарака. Прадстаўляецца Ўладзімірам. Кажа, што курыруе апэратыўную працу ў камітэце. Падкрэсьлівае — маўляў, гутарка не для пратаколу, і тут жа закідае нерат:
— Не хачу апярэджваць падзеі, але сёньня вы, напэўна, сустрэнеце сьвята разам зь сям’ёй.
Пасьля гэтых слоў пад лыжачкай засмактала. Чорт, толькі б не мітусіцца і не паказваць хваляваньня. Вытрымліваю паўзу. Ня ведаю, што ў гэтыя хвіліны адлюстроўваецца на маім твары, але «Ўладзімір» працягвае ўзбуджаць апэтыт да размовы. Ідуць камплімэнты партыі, у якой «столькі вядомых людзей».
— Але вы павінны і нас зразумець: мы б не хацелі, каб вы жорстка выказваліся па некаторых момантах. — Сэкундная паўза. — Напрыклад, як ажыцьцяўлялася ваша затрыманьне. Або ацэнкі самой выбарчай кампаніі. Ня ўсё ж было дрэнна?
«Уладзімір» прафэсійна прытарможвае, робіць чарговую паўзу, вывучальна і вычэквальна глядзіць на мяне.
Без акрэсьленьня пазыцыі не абысьціся.
— Вы ведаеце, я хацеў бы, каб мы адразу расставілі ўсе кропкі над «і». Я павінен убачыць, у якім псыхалягічным стане знаходзяцца мае родныя. Я ня маю ніякай інфармацыі пра тое, што зь імі адбывалася ўвесь гэты час. Толькі пасьля гэтага я магу сказаць, якая будзе мая рэакцыя. Што тычыцца таго, што адбылося ля Дома ўраду, то я абсалютна ўпэўнены: гэта правакацыя. Але я ня ведаю, хто за ёй стаіць. Наконт ацэнкі самой выбарчай кампаніі... Я ўвесь час казаў, што яна несумленная, несправядлівая, і ня варта чакаць, што зараз скажу іншае.
«Уладзімір» сьцьвярджальна кіўнуў. На твары ніякіх эмоцыяў. Яшчэ раз паўтарыў, што для мяне цяпер важна падумаць пра лёс і пэрспэктывы партыі. Запэўніў, што ў дачыненьні да маёй сям’і ціск і ўзьдзеяньне не ўжываліся.
Прайшло некалькі неверагодна доўгіх гадзін. І тут: «Рыхтуйцеся з рэчамі на выхад!»
Не згаворваючыся, усе дружна пачалі праводзіць мяне дадому. Я, хутчэй на аўтамаце, супакойваў сукамэрнікаў — маўляў, ня той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне, але душа пачала напяваць нейкі радасны матыўчык. Зьбіраю рэчы. Абвешаны пакетамі, выбіраюся з склепа. У калідоры згрупаваліся чалавек пяць. Пажыткі скідаю ў кучу. Згорнутую пасьцель сюды ж. Вынес нават драўляную шконку. Вярнуўся па забытыя міскі. Чорт, няўжо праўда дадому? Я пачаў у гэта верыць! Спускаемся ўніз па лесьвіцы. Я, абдымаючы ложак, і суправаджэньне з масак і кантралёраў. І тут бачу адчыненыя дзьверы «пакоя катаваньняў». Блін! Адчуваю на сабе позіркі і прыкусваю губу. Да болю. Падымаюся па лесьвіцы і другой ходкай даношу пакеты.
У спартзалі выварочваю зьмесьціва пакетаў проста на бэтон.
— Распранайцеся! Прысядайце! Адзін... пяць... дзесяць... дваццаць... — Рот адкрыйце! Ступні пакажыце!
Холаду не адчуваю. Мне нават здаецца, што лоб пакрыўся потам. Раблю ўсё на аўтамаце. Нацягнуўшы швэдар, выпростваюся спружынаю, акідваю прысутных позіркам і кідаю кароткае: «Здаволіліся?»
Рэакцыі ніякай. Апускаюць вочы і бяз шуму падымаюць мяне наверх. Рыпеньне дзьвярэй рэжа па вушах. Мяркуючы па выразу твараў, мяне сапраўды тут ужо не чакалі.
Так, вось цяпер я разумею, дзе я і што адбываецца навокал. У першыя хвіліны хацелася забіцца ў куток камэры, заплюшчыць вочы, заткнуць вушы, каб нічога ня бачыць, нічога ня чуць.
Шчыпле ноздры рэпчатая цыбуля. Настрой ня тое каб радасны, але прыўзьняты. Новы год, ён і ў «амэрыканцы» Новы год.
Калі я канчаткова апамятаўся, тэма набліжэньня сьвята пачала дамінаваць. Сукамэрнікі пастараліся ад душы. Стол, а яго функцыю выконвала трохногая тумбачка (пад чацьвёртай — «Малая зямля» Брэжнева), быў сэрвіраваны. Не багата, але душэўна. У цэнтры ўзвышалася двухлітровая плястыкавая бутля з пэпсі-колай. Ого! Са старых запасаў. Жоўты ананас кантрастуе зь беласьнежным салам. Тут жа круглякі нарэзанай каўбасы. Шчыпле ноздры рэпчатая цыбуля. Настрой ня тое каб радасны, але прыўзьняты. Новы год, ён і ў «амэрыканцы» Новы год.
Ціха! Ціха! Мы замерлі ў чаканьні. І вось ён, звон званоў з плошчы Свабоды. Дзесьці бабахнуў навагодні салют.
Гаварылі па чарзе. Падымалі конаўкі. Чокаліся і пілі пенную колу. За тых, хто нас чакае. За здароўе. За свабоду.
Прыйшла мая чарга прамаўляць.
— Такога Новага году ў мяне яшчэ не было. Але калі гэта нам паслана, значыць, гэта трэба прайсьці. Не прашаркаць, не прапаўзьці на каленках, а менавіта прайсьці з высока ўзьнятай галавой. Я жадаю гэтага сабе, я жадаю гэтага кожнаму з вас, я жадаю гэтага нашым родным і блізкім.
Яны (ківок у бок калідора) хацелі, каб мы ненавідзелі адзін аднаго. Мы падставілі адзін аднаму плячо. Мы даказалі, што і ў турме можна захоўваць годнасьць і самапавагу, што маральныя прынцыпы мацнейшыя за страх і крывадушнасьць. Гэта вельмі няпроста ў такой сытуацыі — застацца чалавекам. І за гэта я падымаю сваю конаўку. Ніхто з нас не плянаваў гэтую сустрэчу. Тым больш у такім злавесным месцы. Кожнаму з нас цяпер нялёгка, бо нашы любімыя цяпер ня з намі. Бо, можа, у гэтыя хвіліны нашы родныя, думаючы пра нас, змахваюць сьлязінку смутку. Мой тост — за свабоду! І ня толькі нашу. Ня толькі ўсіх незаконна і нявінна яе пазбаўленых. За свабоду нашай Беларусі! Толькі калі будзе вольнай яна, будуць вольныя і яе грамадзяне.
Мы ўскочылі як па камандзе. Счапіліся плячыма ў адзін круг, зьвязаныя адным нябачным ланцугом. Цалаваліся нашы конаўкі. Абдымаліся нашы думкі. Нам было добра на нашым невясёлым сьвяце.
Але неўзабаве сьвяткаваньне давялося згарнуць. На патрабаваньне працоўных у чорных масках. Нашы ўсьмешкі раздражнялі іхнія вочы. Нашы тосты абуралі іхнія вушы.
Забраўшыся ў кокан пасьцелі, заплюшчыў вочы. Падкаціўся клубок. Як жа мне ў гэтыя хвіліны хацелася быць у коле сям’і! Гэты стан немагчыма перадаць словамі.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
1 студзеня, субота
Выгляд у нашага сукамэрніка быў настолькі непрытворна хваравіты, што нават маскі на нейкі час заткнуліся цішынёй
— Наперад! Бягом!
Уладзімір пачаў перабіраць нагамі. Паміж ім і Аліневічам тут жа ўтварылася дзірка.
— Стаяць! Назад!
Разарваны ланцуг самкнуўся.
— Што няясна? Бяжым па камандзе, не спыняючыся!
Маска голасам і целам напірала на Уладзіміра. Было відаць, як патыліца Цітка хваравіта чырванее.
— Наперад!
Гэтым разам Уладзімір быў не такі жвавы, а Ігар не такі марудлівы. Ссутулены жывы ланцуг напружыўся, спружыніў, але не разарваўся. Пераадолеў палову дугападобнага калідора, ускараскаўся па лесьвіцы на другі паверх і шмыгануў у жалезабэтонную нару. Аддыхаліся. Ва Ўладзіміра на твары адбітак грымасы болю. Ціск ад ціску. Добра, што хвілін празь дзесяць прыйшоў кантралёр Вадзік і павёў Цітка да лекара. Мабыць, выгляд у нашага сукамэрніка быў настолькі непрытворна хваравіты, што нават маскі на нейкі час заткнуліся цішынёй.
На працягу дня запасіў рашучасьць і злосьць. Рэшткі сарамлівасьці змагаліся з жыцьцёвай патрэбай. І вячэрні паход у туалет прынёс жаданы вынік.
Было такое адчуваньне, што з арганізма ў каналізацыю вывалілася частка страўніка ці кішак. Нават у дол уважліва пакасіўся. Не, здаецца, усё патрэбнае засталося пры мне. Добра, што ўсё добра канчаецца. Я быў увесь мокры ад напругі, стараньня і стомы. І непрыхавана шчасьлівы. Трэба ж, якія эмоцыі і пачуцьці можа выклікаць гэбэшны сарцір.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам