5 студзеня, серада
Вывелі з камэры. Прыставілі да сьцяны. Абшнарылі. І надзіва спакойна павялі ўніз. Я ішоў паміж маскамі з закрытымі ротавымі адтулінамі. І гэта было нязвыкла. Па вушах ня біў слоўна-шумавы паток. Ішоў сваім ходам, а ня «ластаўкай», нават без падштурхоўваньняў. Спусьціліся па лесьвіцы. Унізе павярнулі направа па калідоры. Завялі ў невялікі пакой. Стол. Дзьве табурэткі, умантаваныя ў бэтон. У куце тумбачка з чырвоным тэлефонным апаратам. У акне тырчыць кавалак даху будынка. Стоп! Ды я, здаецца, тут ужо быў. Пэўна! Памылкі быць ня можа.
Нахлынулі ўспаміны. Па мосьце часу зьбег у красавік 2006-га. Менск. Стрэлка гадзіньніка паказвае гадзіну папаўдні. На 14-ю прызначана пасяджэньне аргкамітэту па правядзеньні «Чарнобыльскага шляху». Рухаюся ў бок гаражнага каапэратыва «Будаўнік», што на вуліцы Ціміразева. На прыпынку грамадзкага транспарту погляд вырывае з натоўпу чалавека моцнага целаскладу і з кароткай стрыжкай. Нейкае непрыемнае пачуцьцё варухнулася ўсярэдзіне. Прысьпешваю крок. Каля брамкі серабрыстае аўто. Усярэдзіне — двайнік таго, што бачыў зараз на прыпынку. Нядобрыя прадчуваньні толькі ўзмацніліся. Набіраю адзін тэлефонны нумар, другі — безвынікова. Трубка адказвае казённым голасам: «Дадзены тып злучэньня немагчымы». Тэлефон заблякаваны. Спускаюся па прыступках у гараж. У канцы доўгага калідора бачу тры сылюэты. Прадчуваньні робяцца перакананьнем, што рыхтуецца нейкая правакацыя.
Я заціснуты паміж двух выкрадальнікаў
Вяртаемся ў той жа пакой. Але ў адзіноце застаюся нядоўга. Зьяўляецца чалавек у камуфляжы. Гучыць загад: «Глядзець наперад, рукі за сьпіну!» Зноў бранзалеты. Нехта нябачны зноў нацягвае мне на галаву куртку. Тым жа маршрутам назад. На вуліцы саджаюць у аўтамабіль. Мяркуючы па высокім парогу, гэта мікрааўтобус. Едзем даволі доўга. Нейкі час машына гойдаецца на выбоінах, потым замірае. Зноў будынак, калідоры, пакой. Пахі мэдыцынскай установы. Белыя халаты дазваляюць беспамылкова вызначыць месцазнаходжаньне. Шпіталь. За сталом двое. «Здыміце кайданкі», — тонам загаду просіць лекар. Ёсьць магчымасьць разгледзець сваіх выкрадальнікаў. Яны хоць і на адлегласьці выцягнутай рукі, але стараюцца трымацца да мяне бачком. Іх трое. За галоўнага — невысокі круглатварыў чорнай скураной куртцы.
Лекар заносіць анкетныя дадзеныя ў журнал. Я ахвотна дзялюся інфармацыяй. Калі ня дай бог што, прынамсі застанецца запіс з рэгістрацыяй майго месцазнаходжаньня. Мне належыць прайсьці агляд на прадмет наяўнасьці ў крыві алькаголю. Дзіўна ўсё гэта. Не магу зразумець, у чым фішка і чаго варта чакаць далей. Падыхаў у трубку прыбора, падзяліўся крывёю. Працэдура завершана. Усё ў адваротнай пасьлядоўнасьці. Кайданкі на запясьцях, куртка на галаве, гудзеньне мікрааўтобуса, калідоры і той жа самы пакой з чырвоным тэлефонам.
І зноў няпэўнасьць. Час распыліўся ў прасторы. Нарэшце расчыніліся дзьверы, і ўвайшоў канваір. Перадысьлякацыя. Пакой прастарнейшы. За мной уваходзяць трое. Адзін дзелавіта ўсталяваў відэакамэру, двое па-гаспадарску селі за стол. Насупраць сьветлавалосы сярэдняга веку з зачасанымі назад валасамі, другі, круглатвары, які суправаджаў у шпіталь, прыстроіўся зьлева. Той, што цераз стол, дастаў чысты аркуш паперы і, утаропіўшы ў мяне вочы, з мэталам у голасе прамовіў:
— Прозьвішча?
— Чыё? — парырую пытаньне пытаньнем.
— Ваша, — раздражнёна кідае незнаёмы.
— А ваша? — падтрымліваю слоўны пінг-понг.
— Тут я задаю пытаньні, — у голасе дадаецца холаду.
— Ну, у такім выпадку самі на іх і адказвайце, — дэманстратыўна адварочваюся.
— Прозьвішча?
Здаецца, мы заходзім на другі круг.
— Чыё?
— Ваша!
— А ваша?
Вярнуўся «дрэнны» гэбэшнік. Прысунуў ноўтбук. На экране кадры маёй паездкі ў Тбілісі. Вось я сустракаюся з дэпутатамі, вось з чыноўнікамі з блізкага атачэньня Саакашвілі
Гульня нэрваў працягвалася, можа, гадзіну, можа, больш.
— Я ня буду адказваць ні на якія пытаньні, пакуль вы не растлумачыце матывы майго затрыманьня і не прад’явіце дакумэнты, якія сьведчаць вашу асобу. Гэта маё апошняе слова.
Я перастаю рэагаваць на кадэбэшніка са звычкамі дзятла. Сьветлавалосы тут жа ўдае прыступ гневу і, кінуўшы ручку на стол, выбягае з пакоя. Яго напарнік пачынае старанна ўдаваць добрага сьледчага.
— Анатоль Уладзіміравіч, навошта вам непрыемнасьці? — Голас прасякнуты спагадай. — У вашых інтарэсах не ісьці на абвастрэньне. Мы супрацоўнікі камітэту. Пасьведчаньня паказаць ня можам, бо пры ўваходзе ў будынак здаём дакумэнты. Такая працэдура.
Я ня вытрымаў і расьсьмяяўся. Круглатвары сумеўся. Вярнуўся «дрэнны» гэбэшнік. Прысунуў ноўтбук. На экране кадры маёй паездкі ў Тбілісі. Вось я сустракаюся з дэпутатамі, вось з чыноўнікамі з блізкага атачэньня Саакашвілі.
— Хто гэтыя людзі? — пытаецца прытомленым голасам сьветлавалосы.
— Дэпутаты парлямэнту, чальцы ўраду. Тут у вас яшчэ няма кадраў маіх сустрэч з прэм’ер-міністрам Грузіі і са сьпікерам парлямэнту Ніно Бурджанадзэ. І ў чым тут крымінал?
— Вам абяцалі некалькі мільёнаў даляраў на арганізацыю дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, — без найменшага намёку на жарт выпальвае сьветлавалосы.
— А што, у грузінаў сапраўды ёсьць такія грошы? — стараюся быць сур’ёзным і дзелавым. — Вы б мне гэтую інфармацыю перад паездкай у Тбілісі паведамілі.
Я згубіўся ў часе. Калі чарговым разам сьветлавалосы ў гістэрыцы выбег з пакоя, я зразумеў, што начаваць давядзецца па-за сьценамі роднага дома. Дзе-небудзь на Акрэсьціна (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў) або ў «малпятніку» якога-небудзь раённага аддзелу міліцыі. А для зьнешняга карыстаньня паведамяць, што вызначалі асобу невядомага, які нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы. Мае разважаньні перапыніў чалавек у зялёным камуфляжы, і мы рушылі па калідорах. Адчыніліся дзьверы, мяне вывелі ў двор, пасярэдзіне якога стаяў белы, можна сказаць, шыкоўны лімузын. Абедзьве палавінкі задніх дзьвярэй расчынены. І некалькі чалавек у масках. Адзін жэстам запрасіў у салён. Плюхнуўся туды і патануў у мяккіх скураных сядзеньнях. Справа і зьлева прызямліліся маскі. Наперадзе кіроўца і яшчэ адзін у масцы. Машына рванула зь месца ўсёй сваёй моцай. З Камсамольскай нахрапіста завярнула на праспэкт і панеслася ў бок плошчы Незалежнасьці. Едзем моўчкі. Той, што справа, раптам пытаецца:
— І трэба вам гэта? Сядзелі б сабе ціха, і непрыемнасьцяў не было б. Дый нас бы ня тузалі.
— Не паверыце, але па-іншаму ніяк не атрымліваецца. Слова гонару! Кожны год прыяжджаю да мамы Юры Захаранкі і разумею, што ў даўгу перад гэтай жанчынай, якая да сёньняшняга дня чакае свайго сына. Вы ж ня горш за мяне ведаеце, што на самой справе адбылося з генэралам Захаранкам, зь Віктарам Ганчаром. Гэта палітычныя забойствы. І пра «эскадрон сьмерці» вы напэўна чулі. Як можна рабіць выгляд, што нічога гэтага няма?
— Давайце ня будзем пра палітыку, — падаў голас той, што зьлева.
— А чым вы цяпер займаецеся? Гэта і ёсьць палітыка, ды яшчэ і брудная.
Змоўклі. Машына нясецца ў бок Курасоўшчыны. Недзе на самым разрыве сьвятла і цемры спыняемся. Ускраіна Менску. Выходзім. Хочацца ўбачыць хоць адну жывую душу. Нікога. Толькі я і яны. Адзін з суправаджаючых аддае мне тэлефон, фотаапарат і сухім голасам прамаўляе, трэба разумець, афіцыйную заяву:
— Анатоль Уладзіміравіч, вы разумны чалавек і з таго, што адбылося, павінны зрабіць адпаведныя высновы.
Гэта прагучала ня злосна, але ў той жа час вельмі канкрэтна. Мне перадалі чорную метку. Я вырашыў абысьціся без камэнтароў. Вернутыя рэчы моўчкі расьпіхаў па кішэнях.
Белы лімузын растварыўся ў цёмнай ночы. Я патупаў у горад, у бок запаленых ліхтароў. Тэлефон быў разраджаны, фотаапарат вычышчаны, ніводнага кадра. Дайшоў да першага аўтамабіля з шашачкамі, стомлена плюхнуўся на сядзеньне і толькі цяпер адчуў неверагодную стому і спустошанасьць. Да лёгкай млосьці. Дома ўсе былі ў поўным няведаньні і ў вялікай трывозе. Абтэлефанавалі ўсе апорныя пункты міліцыі і дзяжуркі ўсіх сілавых структур, усе мэдыцынскія ўстановы. Вядома ж, безвынікова.
Прывялі на нейкую сустрэчу, але яна чамусьці не адбылася, і мяне пацягнулі назад
* * *
І вось цяпер я пазнаю мінулае. Той жа падворак, той жа пакой для допытаў і нават маскі-шторкі на тварах. Час цячэ, але сёе-тое зусім не мяняецца...
Самае дзіўнае, што ў пакоі я праседзеў у адзіноце хвілін дзесяць-пятнаццаць. Потым прыйшлі кантралёр і таварыш у масцы і адвялі назад у камэру. Але ўжо ў кайданках. «Ластаўкай». Што ўсё гэта значыць? Што гэта было? Такое адчуваньне, што прывялі на нейкую сустрэчу, але яна чамусьці не адбылася, і мяне пацягнулі назад.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
6 студзеня, чацьвер
Вас шмат, а месцаў для сустрэч з адвакатамі мала
Так, лёгіка жалезная. Права ў вас ёсьць, а для магчымасьці яго рэалізаваць не хапае месца.
Заплюшчыў вочы і ўявіў праспэкт Незалежнасьці, Камсамольскую вуліцу. Напэўна, там цяпер ідуць, сьпяшаюцца сотні і сотні людзей. І ніхто зь іх нават не здагадваецца, што робіцца зусім побач. За нейкую сотню-другую мэтраў. Тут сапраўды пасьля адбою чуваць, як па тунэлі мэтрапалітэна нясуцца цягнікі, як адчыняюцца і зачыняюцца дзьверы вагонаў. Вось так можна жыць у вялікім горадзе, праходзіць, праяжджаць побач з такім страшным месцам і ні пра што не здагадвацца.
Адначасова са зьнікненьнем адваката прапаў і сьледчы. Гэта таксама цалкам вытлумачальна. Пра што размаўляць? Сваё слова я ўжо сказаў на першым допыце. Дый сам «сьлядак» выдатна ведае, што я такі ж злачынец, як ён касманаўт. У мяне статус закладніка. Прышпіліць мяне да крымінальнай справы па гэтым артыкуле цяжка. Нават калі будзе рыць усё сьледчае ўпраўленьне КДБ, нарыць нічога супрацьзаконнага немагчыма. Гэта калі арыентавацца на прававы бок справы.
Сам «сьлядак» выдатна ведае, што я такі ж злачынец, як ён касманаўт
Такога сапраўды выключаць нельга, а пакуль сьледзтва можа хіба што абсмоктваць інцыдэнт на плошчы з маім удзелам. Яшчэ перад Новым годам я ўбачыў нейкую тэлеперадачу, у якой дэманстраваліся кадры падзеяў 19 сьнежня. І ў тым ліку эпізод, дзе я закрываю рукой камэру нейкага чалавека ў цывільным. Дый Арлоў на адной зь першых сустрэч, салодка ўсьміхаючыся, прашыпеў: «Дык вы ж журналіста зьбілі. Камэру разьбілі. А гэта ўжо патыхае сур’ёзным артыкулам».
Тут калі чым і патыхае, то дробнай, таннай правакацыяй. Інцыдэнт на плошчы я памятаю ў дэталях. Каля Дома ўраду да мяне прыклеіўся «журналіст» зь відэакамэрай. Справа звыклая. Але калі ён нахабна пачаў ледзь ня тыкаць камэрай у твар, я проста закрыў яму аб’ектыў. Цяпер мне здаецца, што апэратары былі спэцыяльна прыстаўленыя да ўсіх лідэраў апазыцыі, хто быў на плошчы. Ужо тады зьбіраліся матэрыялы для будучай крымінальнай справы.
Натуральна, на экран цяпер выкідваецца ўсё, што можа хоць неяк скампрамэтаваць удзельнікаў падзеяў. Так што відэанарэзка, якая мільганула на экране, калі каго і ўразіла, дык гэта сукамэрнікаў. Для іх сам факт маёй прысутнасьці ў тэлескрыні — гэта падзея. Для іх я кінагерой, нават калі ў мяне і не галоўная роля ў гэтым фільме з гучнай назвай «Жалезам па шкле» (здаецца, такая назва ў гэтай стравы, якой будуць карміць гледача яшчэ не адзін дзень).
Арлоў — нядрэнны псыхоляг-патолягаанатам. Прычым практык
Арлоў — нядрэнны псыхоляг-патолягаанатам. Прычым практык. Для яго мы ўсе паддосьледныя. Яму падабаецца, закасаўшы рукавы, корпацца ў вантробах. Мне здаецца, ён гатовы гадзінамі разглядаць пад мікраскопам, як рэагуюць нэрвовыя канчаткі на холад, сьвятло, крык. І магу толькі ўявіць, што адчувае гэты чалавек, бачачы наступствы чалавечага страху: пашыраныя зрэнкі, пальцы, якія дробна дрыжаць, самаадвольна апарожнены мачавы пухір.Такі б не згубіўся і ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Студзень 7, пятніца
Дзесьці побач гаворыць і паказвае ТБ. Яго гукі пераадольваюць мілімэтровыя шчыліны ў турэмных дзьвярах і пэленгуюцца лякатарамі вушных ракавін. Абмяжоўваемся паглынаньнем гукаў, бо мы па-за зонай доступу да інфармацыі. Гэта складнік узьдзеяньня праз абмежаваньні. На галодным інфармацыйным пайку чалавек робіцца надумлівым, уражлівым і, галоўнае, больш падатным на супрацоўніцтва са сьледзтвам.
Адзіная крыніца інфармацыі — лісты, якія атрымліваюць мае сукамэрнікі. Калі з гэтай крыніцы выключыць асабістае, то ўсім астатнім (а астатнія — гэта я) дастаюцца драбніцы. Пошту прыносяць каля пятай вечара, часам пасьля вячэры. Першыя дні, як толькі адчынялася акенца і канвэрты клаліся бязладным стосам на адвалены драўляны паднос, я інстынктыўна, у два скокі, апынаўся каля дзьвярэй. І кожны раз натыкаўся на расчараваньне. Цяпер ужо не скачу. Ды што там, імкнуся не рэагаваць, а дакладней, не дэманстраваць стан свайго хваравітага чаканьня. Ні жэстамі, ні словамі. Гэта цяжкая задача, але, здаецца, я навучыўся яе вырашаць. Зрэшты, а куды падзецца? Тут увесь час барацьба.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
За настрой, за фізычны стан і зьнешні выгляд, за годнасьць і самапавагу. І супрацьстаяньне. З адміністрацыяй, са спакусамі, са слабасьцямі, з самім сабой. Увесь час мусіш быць напагатове. Сюрпрызы і неспадзяванкі не прывязаныя да часу і месца. Да іх трэба быць гатовым заўсёды. Круглыя суткі. Яны могуць чакаць цябе і ў кабінэце начальніка СІЗА, і ля «сьцены катаваньняў» у спартзалі, і пры адбоі, і падчас пад’ёму.
* * *
Ня больш як дзьве кнігі ў адны рукі
* * *
Да ўмоваў, здаецца, адаптаваўся, ці, можна сказаць, прыстасаваў іх да сябе. У сьпісе праблемаў, якіх магло б і ня быць, — «нікатынавы Чарнобыль». Невялікая прастора камэры і так нашпігаваная рознай дрэньню, а тут яшчэ дымавыя выкіды з чатырох ротавых адтулін. Ледзь прадраўшы вочы, народ цягнецца да цыгарэты. Жалезны зэдлік, што каля акна, раніцай заўсёды заняты. У гэты час на ім у стойцы чаплі абавязкова хтосьці з асалодай зацягваецца. Як ні стараюцца курцы пускаць струмень у кірунку расчыненай форткі, значная частка выхлапных газаў застаецца ў камэры. Здаецца, што нікатынам пахнуць нават мае вантробы, ня кажучы ўжо пра вопратку. Ад апошняй ідзе такі агідны букет, што часам трохі моташна. Таму, калі атрымліваю ручнікі, майкі зь «Вялікай зямлі», перш за ўсё ўтыкаюся ў іх носам і дыхаю, як у кіслародную падушку. Пяць-дзесяць хвілін «інгаляцыі» — і самаадчуваньне на пару пунктаў вырастае.
Змагацца з курцамі няпроста. Апраўданьняў у іх мноства. Але галоўнае —гэта, маўляў, эфэктыўны спосаб барацьбы са стрэсам. Усе ўпэўненыя, што нікатын супакойвае, абвалакаючы ахоўным воблакам нэрвовую сыстэму. Гледзячы на тое, як трасецца Ціток, дый на тых, хто маладзейшы, я б паспрачаўся з гэтым сьцьвярджэньнем.
На шчасьце, сам я пазбаўлены гэтай згубнай залежнасьці. Упершыню цыгарэту паспытаў у далёкім дзяцінстве, гадоў сямі. Нармальны вясковы пацан і пачак папяросаў у надзейнай схованцы — гэта як бы само сабой разумеецца. Цяжка сказаць, як бы разьвіваліся адносіны з гэтым свавольствам, якое часьцяком робіцца хваравітай звычкай на ўсё жыцьцё, ды нагода надарылася. Неяк забег я да свайго лепшага сябра Толіка Лапаціка. Яшчэ на вуліцы пачуў нейкі немы віск, быццам рэзалі кабана. Прачыніў дзьверы ў хату і ахнуў. Ляжыць мой друган на лаўцы са спушчанымі штанамі, ягадзіцамі дагары, а бацька яго — дабрэнны чалавек — па гэтых самых белых кругляшах чорным рэмнем хвошча. Пасьля кожнага такога пацалунку на целе заставалася чырвоная паласа. Побач на стале скамечаны пачак цыгарэт «Фільтар» як рэчавы доказ учыненай правіны. І, трэба сказаць, віск, усхліпы і галашэньне майго сябрука магічна паўзьдзейнічалі на мяне. Калі ўжо дзядзька Чэсь так лютуе, то што са мной зробіць мой баця... Я толькі на імгненьне ўявіў суровы бацькаў твар, і рука сама пацягнулася ў калашыну, дзе ляжала некалькі папяросаў, загорнутых у паперку. Рашэньне было прынята катэгарычна і незваротна. З тых часоў з курэньнем мы заўсёды на адлегласьці. Вось толькі добра б цяпер гэтую дыстанцыю павялічыць.
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы