Барысаў
Букас: «Зараз зрэзалі вулічную шыльду над рэдакцыяй…А ўчора да мяне прыяжджалі супрацоўнікі мясцовай улады наконт агароджы вакол дома. Чыноўнікі запэўнівалі, што нібыта ёсьць рашэньне Барысаўскага райвыканкаму на знос гэтай агароджы. Таму я таксама ўчора накіраваў сваю скаргу ў суд Барысаўскага раёну. Але прашу, каб гэты разгляд вёўся у судзе Крупскага раёну, бо мясцовыя ўлады могуць неяк паўплываць на рашэньне суду.
Таксама гэтымі днямі я забраў у Дзяржаўтаінспэкцыі талён на права кіраваньня аўтамабілем, паколькі мяне сёлета ў ліпені наўмысна пазбавілі пасьведчаньня кіроўцы. І калі я зьвярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд, то той адмяніў пастанову начальніка Барысаўскай ДАІ, а таксама рашэньне Барысаўскага райсуду й Менскага абласнога суду…»
Карэспандэнт: «Гэта дае Вам спадзяваньні на тое, што рэгістрацыя ў якасьці кандыдата адбудзецца?»
Букас: «Я ад 1995 году вылучаўся кандыдатам у дэпутаты. Гэта агулам адбывалася 8 разоў. І толькі двойчы рэгістрацыя адбывалася на месцы, а ў астатнія 6 разоў мне давялося зьвяртацца ў ЦВК, і толькі тады ў акруговай камісіі сытуацыю выпраўлялі. Таму і гэты раз вялікіх спадзяваньняў у мяне няма…»
На Гарадзеншчыне назіральнікі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту сьведчаць, што сутыкаюцца з праблемамі атрыманьня інфармацыі ў выбарчых камісіях, у той час, калі назіральнікам ад СНД у камісіях прадстаўляюць поўную інфармацыю.
Вялікая Бераставіца
Абодва атрымалі аднолькавыя адказы, у якіх гаворыцца, што прысутнічаць пры падліку галасоў яны могуць, а правяраць подпісы і іншыя дакумэнты ня маюць права.
Раман Юргель з гэтым не згаджаецца, кажа, што камісіі спасылаюцца на артыкул 13-ты выбарчага кодэкса, але і праваабаронцы таксама спасылаюцца на гэты ж артыкул, паколькі там запісана, што выбары павінны быць празрыстымі.
Юргель: «Тэхнічна ў законе гэта не прапісана. Гэта значыць, не забаронена, а залежыць ад рашэньня старшыні камісіі. А паколькі ўсе камісіі працуюць пад кіраўніцтвам ЦВК, то, напэўна, паўсюдна атрымалі загады, каб нас не дапускаць да праверкі подпісаў выбарцаў і дакумэнтаў вылучэнцаў у кандыдаты».
У той самы час, паводле Юргеля, назіральніку ад краінаў СНД Сяргею Камянецкаму, былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў, была прадстаўлена поўная інфармацыя аб выбарчым працэсе ў камісіях Горадні.
Юргель: «Ён аб’езьдзіў усе акруговыя камісіі ў Горадні, і ўсюды яму дазволілі азнаёміцца з дакумэнтамі, зь якімі нам не даюць магчымасьці азнаёміцца. Гэта інфармацыя з афіцыйнай абласной газэты, а таму яе можна лічыць афіцыйнай».
Магілёў
Скаргі — зброя супраць незалежнага вылучэнцаНа незалежнага прэтэндэнта Леаніда Падбярэцкага, якога падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду», у акруговую камісію № 84 паступілі дзьве скаргі. Адміністрацыя прадпрыемства, паводле Падбярэцкага, вінаваціць сяброў яго ініцыятыўнай групы ў тым, што яны намагаліся праварвацца ў інтэрнат, каб зьбіраць подпісы, ігнаруючы тлумачэньні, што гэтым яны перашкаджаюць адпачываць жыхарам.
Падбярэцкі: «Яны хочуць з дапамогай гэтых скаргаў зрабіць мне папярэджаньне, бо другое папярэджаньне — гэта зьняцьце цябе з выбарчай дыстанцыі. Я ім стаў небясьпечны, наколькі я зразумеў. Калі яны вынесуць мне папярэджаньне, я тут жа зьвярнуся ў суд. Гэтыя інтэрнаты — вотчына чалавека, які зьяўляецца дзейным дэпутатам».
Высьветліць, што канкрэтна парушылі сябры ініцыятыўнай групы Падбярэцкага ў жыльлёва-эксплюатацыйным прадпрыемстве, не ўдалося. Гаварыць на гэтую тэму адмовіліся. Прадстаўнік адміністрацыі заявіў:
«У камандзе мы ні з кім не працуем. Мы працуем у камандзе з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і ў камандзе з законамі Рэспублікі Беларусь».
Другі вылучэнец на дэпутацтва, на якога паскардзіліся ў акруговую камісію № 85, прыхільнік «Руху за свабоду» Уладзімер Пунчанка вінаваціць саміх скаржнікаў у тым, што менавіта яны перашкаджалі сябрам ініцыятыўнай групы зьбіраць подпісы ў яго падтрымку, чым парушылі выбарчае заканадаўства:
«На мяне нагаварылі, што я намагаўся прарвацца ў інтэрнат для збору подпісаў, што размахваў пашпартам, — карацей, неадэкватна сябе паводзіў. Я скаргу напісаў таксама, што гэта ўсё нагаворы чыстай вады. Я так разумею, што тут задзейнічаны розныя выбарчыя тэхналёгіі. Зразумела, супернікі ёсьць супернікі».
Віцебск
Забаранілі 15 пікетаў пра байкот выбараўПра прычыны мясцовай канфліктнай сытуацыі «Свабодзе» паведаміў партыйны актывіст Ян Дзяржаўцаў:
«З тае нагоды, што выбараў у нас фактычна няма, што выбары — гэта „лахатрон“, падалі заяўкі тры чалавекі. Падалі на пікеты ў месцах, вызначаных уладамі. І ўсім ім адмовілі».
Паводле Яна Дзяржаўцава, прычына адмовы стандартная: да заявак не прыклалі дамовы з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі на абслугоўваньне імпрэзаў. Як сьведчыць папярэдні досьвед, такія дамовы з апазыцыянэрамі заключаць адмаўляюцца, чакаючы «вэрдыкту» ўладаў.
Пікеты меліся адбыцца падчас агітацыйнай кампаніі, але ў Цэнтрвыбаркаме лічаць, што падобныя акцыі да выбараў дачыненьня ня маюць, і таму тут ня дзейнічае спрошчаны парадак правядзеньня, як у агітацыйных пікетаў. Такі адказ атрымаў Ян Дзяржаўцаў, калі запытваўся ў ЦВК, як праводзіць пікеты за байкот:
«Мы падавалі заяўкі на час агітацыйнай кампаніі. Але ёсьць рашэньне Цэнтрвыбаркаму, што гэта нібыта самыя звычайныя пікеты, і да кампаніі яны ня маюць дачыненьня. Але з пачаткам агітацыйнай кампаніі мы ўсё адно будзем ладзіць пікеты, раздаваць нейкія матэрыялы, размаўляць зь людзьмі»…
Такім чынам, ладзіць пікеты віцебскія актывісты КХП БНФ плянуюць, нават нягледзячы на забарону.