Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары і вёска: алькаголю хапае; інфармацыі – дэфіцыт


Калі жыхары вялікіх гарадоў час ад часу бачаць выбарчыя пікеты на сваіх вуліцах, то вяскоўцы прыкметаў выбараў у сваіх паселішчах не назіраюць увогуле. А сьнегапады і завеі апошніх дзён, якія замялі дарогі і адрэзалі многія вёскі, пакідаюць мала шанцаў на тое, што вясковыя людзі ўбачаць у сябе кандыдатаў ды іхных агітатараў. Выбары і вёска – тэма чарговага агляду паведамленьняў з рэгіёнаў.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Вёску замяло сьнегам — і ўсё заціхла"

Жыхар мястэчка Гарадзец Рагачоўскага раёну спадар Уладзімер кажа, што ў іх у сэнсе агітацыі ціха, нібыта на могілках:

"Ціха, як на могілках. Я, прынамсі, нікога з агітатараў ня бачыў і ня ведаю. І суседзі таксама. Ніхто не прыходзіў. Рукой усе махнулі — напляваць усім. Усё адно: гавары — не гавары, галасуй — не галасуй. Усё адно — будзе тое ж. Трэба, каб хтосьці прыехаў, пагаварыў. У гарадах, можа, і гавораць, у нас — не".

У суседнім Жлобінскім раёне вясковыя выбарцы таксама ня бачаць агітатараў. Апавядае спадар Сяргей, жыхар вёскі Старая Рудня, дзе жыве каля 1 тысячы выбарцаў:

"Вось зараз, шчыра кажу, я ня чуў і ня бачыў, каб хтосьці хадзіў ці прыяжджаў да нас, каб за кагосьці штосьці. Не было. Нават подпісы толькі за аднаго прэтэндэнта зьбіралі".

У чарнобыльскай вёсцы Паселічы, што недалёка ад Хойнікаў, пэнсіянэрка Валянціна кажа, што пра кандыдатаў на прэзыдэнта маладзейшыя збольшага ведаюць з тэлевізараў. Вёску замяло сьнегам — і ўсё заціхла:

"А ніхто нічога — усе маўчаць. Сьнегам занесла. Па тэлевізары бачаць кандыдатаў. Я сама нікога не гляджу, гэта зяць глядзіць. Мне нецікава: як будзе, так і будзе".


Былы настаўнік, грамадзкі актывіст зь вёскі Вуць Добрускага раёну Адам Варанец лічыць, што ніякае надвор’е асабліва на ход выбарчай кампаніі не ўплывае. Вёску даўно адвучылі ад сьвядомага выбару:

"Ніякай агітацыі няма. Маўчаць тут. Замяло, не замяло, а жыцьцё ж працягваецца. Проста надакучыла, нікому ўжо не цікава. Гэтыя спэктаклі ўжо ўсе разумеюць".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Агітатар Мяцеліца: "Па-мойму, ім патрэбна толькі "чарніла" і кавалак сала"

На Магілёўшчыне — завейна й халодна. У такое надвор’е публічна агітаваць наважылася толькі каманда Ўладзімера Някляева. Акрамя пікетаў у Магілёве й Бабруйску, паплечнікі кандыдата выйшлі агітаваць і ў райцэнтрах — у Бялынічах, Шклове ды Асіповічах.

Пікет у Бялынічах ля ўваходу ў мясцовы Дом быту — непадалёк ад райвыканкаму. У пікеце з намётам — двое агітатараў. Для мінакоў кожны трымае напагатове па некалькі асобнікаў раздрукаванага графіку тэлевізійных выступленьняў Някляева, ягоныя візытоўкі, дыскі з музыкай ад паэта-палітыка. Раздаюць агітатары й мясцовую недзяржаўную прэсу. Агітатар Мікалай Мяцеліца кажа, што людзі ў асноўным прыхільна ставяцца да іхнай працы, аднак здараюцца і выключэньні:

"У асноўным ад людзей зь вёсак такія вось выпады: "Дурні, што вы тут стаіце — зіма, халодна". Яно й зразумела — дзе яны такое бачылі? Калі й праходзілі нейкія мерапрыемствы, то на ўзроўні райцэнтраў, абласных цэнтраў. На вёсцы ж зусім іншая сытуацыя. Там людзям, такое ўражаньне, што нічога не патрэбна, бо толькі "чарніла", кавалак каўбасы якой ды сала. Мы іх так дабраслаўляем. Кажам: "Няхай вас бароніць Гасподзь".

У Шклове чатыры пікеты. Тут агітатары актыўна запрашаюць жыхароў райцэнтру заўтра прыйсьці на сустрэчу зь Някляевым. У адным зь пікетаў дзьве жанчыны — Валянціна Мігурская і Ала Грудзіна. Агітуюць ужо некалькі дзён ля раённай школы мастацтваў — непадалёк ад райвыканкаму. Людзей няшмат. Каб ня зьмерзнуць, даводзіцца рухацца, жартуе спадарыня Мігурская:

"Мы раздаем дыскі зь яго песьнямі й кажам, што можаце атрымаць і ягоны аўтограф на сустрэчы ў Доме культуры. Многія ў гутарку з намі ўступаюць. Пытаюцца: "Што ён абяцае?". Мы раздаем усё, што прывозіцца. За дзень усё раздаецца. Бываюць такія, што адмаўляюцца. У першы дзень шарахаліся ад нас, як невядома ад каго. А цяпер нічога — усьміхаюцца, здароўкаюцца. Запытваюць: "Ці ня зьмерзьлі?"

У Асіповічах таксама рыхтуюцца да візыту Някляева. Ён наведаецца ў райцэнтар 2 сьнежня. Тут няма стацыянарных пікетаў — усе перасоўныя. Іх выстаўляць у найбольш людных месцах. Зь людзкой азлобленасьцю сутыкаемся рэдка, кажа агітатар Ігар Трашчоў:

"Людзі нас падтрымліваюць. Нават спачуваюць іншым разам. "Халодна — зайдзіце пагрэйцеся". У асноўным мы вусна агітуем. У нейкіх месцах ставім плякаты. На вакзале раздавалі матэрыялы, там плякаты ня ставілі. Міліцыя ня дужа рада была нашаму зьяўленьню. Мы туды прыходзілі й проста раздавалі".


ВІЦЕБШЧЫНА


У Глыбокае прыедзе кандыдат, але ў бліжэйшых вёсках пра гэта ня ведаюць

У райцэнтры Глыбокае ў сераду чакаюць кандыдата Віталя Рымашэўскага і ягоных прадстаўнікоў. Але ў бліжэйшых вёсках абвестак пра гэтую падзею няма. Як, зрэшты, і агітацыйных матэрыялаў пра іншых кандыдатаў, кажа Зьміцер Лупач зь вёскі Завараты:

"Ну, гэта вёска невялікая, чалавек каля сарака. У асноўным пэнсіянэры, якія будуць галасаваць за таго, хто пэнсіі плаціць. Тое, што па БТ нехта ўбачыў, тое і ёсьць. Іншага няма. Ну, яшчэ тое, што во паеду, сёньня павешу — мне ад Рымашэўскага перадалі. Тое і будзе, пакуль не сарвуць".

Такая самая сытуацыя па ўсіх вёсках Глыбоччыны — візуальных інфармацыйных матэрыялаў людзі не атрымалі, кажа жыхар вёскі Латыгаль Зьміцер Курцэвіч:

"Няма ў нас гэтага. Адзінае, што ёсьць — гэта аб'ява, што 19 сьнежня выбары. Але людзі слухаюць радыёвыступы зранку, а потым абмяркоўваюць, хто ім спадабаўся — камусь Рымашэўскі, камусь Статкевіч, камусь Някляеў".

Настаўнік Георгій Станкевіч, які жыве ў вёсцы Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну, проста абураны тым, што да вяскоўцаў даходзіць мала інфармацыі пра кандыдатаў:

"Я сам ня бачыў ніводнай улёткі ніводнага кандыдата! А людзі ў мяне на кірмашы пытаюцца: "Дык за каго ж галасаваць?" Я тады кажу: "За любога, апрача аднаго!"

Спадар Станкевіч падкрэсьлівае, што пра таго "аднаго" — пра Аляксандра Лукашэнку — шмат пішуць у дзяржаўных газэтах. А пра альтэрнатыўных кандыдатаў людзі могуць даведацца толькі з тэле- і радыёвыступаў. Гэтага, на думку Георгія Станкевіча, дужа мала.

Аршанскі актывіст Алесь Шутаў, прыхільнік Уладзімера Някляева, тлумачыць, што ўлёткі не трапляюць да вяскоўцаў з аб'ектыўных прычын. І гэтыя прычыны — аднолькавыя ва ўсіх кандыдатаў: матэрыялы трэба спачатку ўзгадняць у ЦВК, потым надрукаваць, потым разьвезьці...

"Я думаю, што мы ўсё ж пасьпеем: наперадзе яшчэ 20 дзён, проста папрацаваць давядзецца больш актыўна. У першую чаргу мы "накрыем" гарады, а вось гарантаваць, што мы давязем улёткі да кожнай самай дробнай вёсачкі, не магу. Бо гэта зьвязана з тэхнічнымі праблемамі — давезьці матэрыялы ў кожны маленькі населены пункт усе ж цяжкавата".

Алесь Шутаў тлумачыць, што дастаўка агітматэрыялаў у вёскі — гэта вялікія транспартныя выдаткі. А таксама згадвае, што ў сельскай мясцовасьці малавата актывістаў, якія ўзялі б на сябе клопат стаць распаўсюднікамі. Такім чынам, большасьць вяскоўцаў даведаецца пра выбары толькі тое, што перададуць ці надрукуюць у дзяржаўных СМІ.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Што казаць пра вёску, калі ў абласным цэнтры ніводнай улёткі не відаць…"

Выбарчая кампанія на Гарадзеншчыне надалей праходзіць без сустрэч з кандыдатамі, без друкаваных праграмаў і ўлётак кандыдатаў у прэзыдэнты. Вяскоўцы чуюць пра апазыцыйных кандыдатаў толькі тады, калі тыя выступаюць па тэлебачаньні альбо радыё.

Назіральнік за выбарчым працэсам у Астравецкім раёне Мікола Ўласевіч распавядае, што ў ягонай вёсцы Варняны людзі слухаюць выступы кандыдатаў у прэзыдэнты па тэлебачаньні і радыё, часта абмяркоўваюць іх, але ўсіх зьдзіўляе, што дагэтуль няма нічыёй друкаванай праграмы, ніхто не прыяжджаў і не праводзіў агітацыі.

Уласевіч: "Як ты ні галасуй, усё роўна будзе адзін і той самы чалавек — вось так людзі кажуць. І таму часта нават супакойваюць: маўляў, чаго вы лезеце, усё роўна нічога ня зробіце. Людзі жывуць з упэўненасьцю, што нічога нельга зьмяніць".

Такой сама думкі прытрымліваецца і жыхарка вёскі Альхоўка Астравецкага раёну, якая сьведчыць, што ніякай агітацыі, апроч як за Лукашэнку, не вядзецца, а вынікі выбараў, маўляў, вядомыя.

Спадарыня: "А вынікі выбараў як захочуць, так і зробяць. Тая самая камісія ўжо столькі гадоў, ніводнага новага чалавека туды не ўвялі, нібыта ў нас, акрамя іх, няма ніводнага заслужанага і адукаванага чалавека".

У вёсцы Белавежы, што ў Сьвіслацкім раёне, таксама ніякай агітацыі і ўлётак. Спадар распавядае, што пасьля выступу па тэлебачаньні Віталя Рымашэўскага раённыя ідэолягі пачалі крытыкаваць прапанаваную ім рэформу з новымі адміністрацыйнымі межамі: маўляў, той хоча напладзіць яшчэ болей бюракратаў.

Але найболей людзей уражвае, што да гэтай пары, за пару тыдняў да дня галасаваньня, ніхто ня можа прачытаць праграмы кандыдатаў ня толькі ў іхніх аддаленых вёсачках, але і ў гарадах.

Спадар: "Нават у абласным цэнтры, я вось днямі быў у Горадні, таксама няма нічога. Сёньня вось у Ваўкавыску — і таксама ніводнага пляката, улёткі, нічога нідзе не відаць. А што тады казаць пра вёску…"

Спадар зь Дзятлаўскага раёну зьдзіўлены, што пры адсутнасьці якой-кольвек агітацыі і друкаванай прадукцыі вяскоўцы і местачкоўцы, хоць і ня вераць у справядлівыя вынікі выбараў, у большасьці заангажаваныя ў выбарчы працэс пасьля выступу апазыцыйных кандыдатаў па тэлебачаньні і радыё.

Спадар: "Пара вывешваць хоць нейкія ўлёткі, бо тыя біяграфічныя зьвесткі, якія былі падчас збору подпісаў, — іх замала. Людзям трэба арыентавацца, яны цікавяцца. Да прыкладу, у Наваельні людзі пыталіся — дзе будзе той кандыдат, ці прыедзе ён у Дзятлава? Я казаў, што, можа, у Наваградак ці Слонім, дык зьбіраюцца ехаць і слухаць. Цікавасьць ёсьць, хоць толькі ў пэўнага кола, але гэтае кола значна шырэйшае, чым мінулыя разы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG