Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыйная кампанія: ад 7 да 10 дзён -- без улётак і плякатаў


 Аўтар фота — Ігар Кірын, Глуск
Аўтар фота — Ігар Кірын, Глуск
На вуліцах беларускіх гарадоў дагэтуль мала прыкметаў таго, што ў краіне праходзіць выбарчая кампанія. Прычына ў тым, што кандыдаты на прэзыдэнта атрымалі ўлёткі і плякаты са спазьненьнем на 7–10 дзён.

Перадвыбарчыя ўлёткі і плякаты кандыдата ад АГП Яраслава Раманчука дагэтуль не надрукаваныя, хоць макеты былі падрыхтаваныя яшчэ да ягонай рэгістрацыі ЦВК 18 лістапада. Друкарня абяцае выканаць замову толькі сёньня да канца дня. Кіраўнік выбарчага штабу Раманчука Леў Марголін тлумачыць сытуацыю:

Леў Марголін
"У нас была дамова з адной друкарняй, і мы думалі, што ўлёткі ўжо некалькі дзён таму будуць. Але ў апошні момант там адмовіліся. Яны вусна патлумачылі, што да іх патэлефанавалі супрацоўнікі КДБ і вельмі запалохвалі, казалі, што рабіць і не рабіць... Яны як паслухалі, дык вырашылі зусім не рабіць. Як мы даведаліся, такія званкі былі і ў іншыя друкарні, але, напэўна, гэтыя аказаліся самымі баязьлівымі".

Назваць гэтую друкарню Леў Марголін адмовіўся, зазначыў толькі, што гэта прыватная кампанія зь Менску. Штабу Раманчука давялося ў тэрміновым парадку шукаць новую друкарню. Паводле спадара Марголіна, паліграфічныя фірмы не асабліва зацікаўленыя ў тым, каб друкаваць агітацыйную прадукцыю — ня толькі з палітычных меркаваньняў ці баючыся праблем у будучыні, але і таму, што яны цяпер моцна загружаныя перад Новым годам.

Такім чынам, 10 дзён агітацыйнай кампаніі Яраслаў Раманчук быў вымушаны правесьці без улётак. Астатнія кандыдаты страцілі тыдзень. Гэта тычыцца і Віталя Рымашэўскага з БХД. Кіраўнік ягонага штабу Павал Севярынец асноўнай прычынай назваў сабатаж з боку ўладаў:

Павал Севярынец
"Канечне ж, затрымаць агітацыю — гэта была стратэгічная задача сёньняшняй улады: праз ЦВК, празь ціск КДБ на друкарні з мэтай затрымаць выкананьне замоваў. Улада хоча забясьпечыць сабе фору. Баіцца, што нават з дапамогай фальсыфікацый ня справіцца. У гэтай краіне свабодных выбараў не было ўжо 16 гадоў, і нават спроба правесьці іх імітацыю выклікае паралюш у сыстэме ЦВК, камісіяў, друкарняў".

Сутыкнуўся з такой праблемай і Мікола Статкевіч. Сваім давераным асобам ён змог перадаць улёткі толькі ў нядзелю. Спадар Статкевіч кажа, што яму самому даводзілася супакойваць дырэктара друкарні, у якой выконвалі замову на ягоныя ўлёткі:

Мікола Статкевіч
"Ужо ўсё зроблена, усё гатова, усе паперы падрыхтаваныя, а кіраўнік друкарні, калі я прыяжджаю, сядзіць, схапіўшыся за галаву, вакол таблеткі валяюцца, а ён стогне, што яго пасадзяць, што ня будзе гэтага друкаваць. І даводзіцца некалькі гадзін сядзець і чалавека супакойваць, што адбірае досыць шмат эмацыйнай энэргіі. Безумоўна, гэта плян, гэта робіцца наўмысна, каб паказаць, што агітацыя пачалася, а на стэндах пуста".

Праблемы пры падпісаньні дамовы з друкарняй меў і штаб Андрэя Саньнікава, паведаміў Уладзімер Кобец:

Уладзімер Кобец
"Калі б кампанія была даўжэйшая, то гэта, можа, было б і нармальна. Але ў нашай сытуацыі, калі кампанія кароткая, то кожны дзень істотны. І калі губляецца тыдзень, калі мы ня можам распаўсюджваць улёткі, то, канечне, гэта праблема".

У штабе Ўладзімера Някляева паведамілі, што ягоныя ўлёткі друкуюць для кожнага рэгіёну асобна, з улікам мясцовых праблем, але пра нейкія арганізацыйныя цяжкасьці пры гэтым у штабе Някляева не гавораць.

28 лістапада скончыўся тэрмін падачы кандыдатамі праграм для публікацыі ў дзяржаўных газэтах. Ніхто з апазыцыйных кандыдатаў пакуль ня скардзіцца на праблемы, за выключэньнем Дзьмітрыя Вуса, які заявіў, што ў шэрагу выданьняў у яго адмовіліся браць праграму для публікацыі. Але ў саміх газэтах гэтую інфармацыю абверглі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG