Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як здарыцца нешта надзвычайнае -- правадыра на тэлеэкране няма "


У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы абмяркоўваюць апошнія падзеі ў краіне, у тым ліку выбух на мэблевай фабрыцы ў Пінску і пазыцыю кіраўніка краіны ў адносінах да пацярпелых у выніку гэтага выбуху. Слухачы таксама цікавяцца, як стаць назіральнікамі на выбарах.

Наш слухач патэлефанаваў на "Свабоду", паглядзеўшы па тэлебачаньні сюжэт пра выбух на мэблевай фабрыцы "Пінскдрэў", у выніку якога двое загінулі на месцы, 19 чалавек трапілі ў шпіталь. Уначы ў шпіталі памёр яшчэ адзін пацярпелы.

"Паглядзеў некалькі хвілін наша беларускае тэлебачаньне наконт падзей на "Пінскдрэве". Хацеў пабачыць нашага "правадыра". Як што, дык наш правадыр з тэлеэкрану ня злазіць. Як здарыцца нешта надзвычайнае, правадыра няма. А што хацеў пачуць? Напэўна, тое, што і ў Расеі. Дзьвюм сем’ям гэтых загінулых — па 100 мільёнаў, ну а астатнім, што ў рэанімацыі, — па 50 мільёнаў на касмэтычныя апэрацыі. Як што, дык правадыр наш вельмі разумны, а як здараецца нешта — маўчыць".

Сустаршыня БХД Павал Севярынец пракамэнтаваў званок слухача:

Павал Севярынец
"Стаўленьне Лукашэнкі і ўсяго рэжыму да простага чалавека пры ўсёй рыторыцы, якая льецца з экранаў, яскрава дэманструецца вось гэтым выпадкам — выбухам на пінскай фабрыцы.

Лукашэнка зараз заняты іншымі справамі. Для любога іншага прэзыдэнта гэта была б тэма нумар адзін: абавязковы візыт, абавязкова выдаткаваць сродкі тым, хто пацярпеў.

Вінавата тут дзяржава. Зношанае абсталяваньне, састарэлыя вытворчасьці — за гэта павінен несьці адказнасьць асабіста кіраўнік дзяржавы і ліквідаваць наступствы пад уласным кантролем.

Не. Жорсткі кантроль за дзеяньнямі апазыцыі, свабоднай прэсай, за інтэрнэтам, паказуха. А ў рэальным выпадку мы бачым, што рэжым бясьсільны і пакідае чалавека сам-насам са сваімі праблемамі".

Нашы слухачы цікавяцца, як стаць назіральнікамі на выбарах ад апазыцыі. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

"Як дамовіцца, каб атрымаць пасьведчаньне назіральніка ад апазыцыі на так званых выбарах у 2010 годзе?"

На гэтае пытаньне адказвае кіраўнік кампаніі "За справядлівыя выбары" Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін
"Дзеля таго, каб стаць назіральнікам ці сябрам выбарчай камісіі, вам патрэбна зьвярнуцца да тых дэмакратычных палітычных партый і рухаў, якія ёсьць у вашым рэгіёне, і яны вам падкажуць, што трэба зрабіць.

Калі гэта немагчыма, то можна зьвярнуцца да каардынатараў у абласьцях. Самы просты варыянт — патэлефанаваць па нумары 292-25-73. Вы трапіце да мяне ў наш офіс, і вам падкажуць, што трэба рабіць.

Калі маеце магчымасьць карыстацца інтэрнэтам, то зайдзіце на партал www.udf.by. Там ёсьць наша старонка "За справядлівыя выбары", і там можна ў рэжыме on-line запоўніць анкету і паведаміць, ці жадаеце быць назіральнікам, ці сябрам выбарчай камісіі".

Наш слухач адрэагаваў на ранейшае тэлефанаваньне іншай слухачкі наконт беларускай мовы.

"На Радыё Свабода пазваніла спадарыня, якая сказала, што беларускай мовай не накорміш. Гэта ўсё камуністычныя развагі. У Эвангельлі паводле Яна напісана: "Спачатку было слова". Значыць, спачатку ўсё-ткі было слова".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон Свабоды ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG