Міхась Скобла: «Сьвятлана, разам з Уладзімерам Мархелем вы былі ўкладальнікам 9 і 10 тому Збору твораў Максіма Танка. 1500 старонак дзёньнікаў… Гэта пазнакі для памяці, ці запісы рабіліся з разьлікам на публікацыю?»
Сьвятлана Калядка: «Падаецца, што аўтар усё ж разьлічваў на тое, што чытач пазнаёміцца зь ягонымі дзёньнікамі. Згадайма, і знакамітыя танкаўскія „Лісткі календара“ таксама мелі падобны жанр. Гэта запісы публіцыстычнага, эсэістычнага, мастацтвазнаўчага характару. Чаму Танк не апублікаваў усе свае дзёньнікі пры жыцьці — невядома».
Скобла: «Лічыцца, што дзёньнікі — гэта пасьмяротны жанр».
Калядка: «Увогуле, так. Але ж згадайце тыя самыя „Лісткі календара“. Гэта ж таксама дзёньнікі, а яны былі надрукаваныя пры жыцьці Максіма Танка. А чаму астатнія прыхаваў? Магчыма, ён арыентаваўся на гісторыю расейскай літаратуры, славянскай літаратуры, дзе, сапраўды, як вы гаворыце, дзёньнікі, як правіла, публікаваліся пасьля сьмерці аўтара».
Скобла: «Мы ведаем Танка-паэта. А якім ён паўстае на старонках дзёньніка?»
Калядка: «Розным. Гэта і палітык, і філёзаф, і культуроляг. Гэта чалавек, які імкнецца прэзэнтаваць беларускую літаратуру ў шырокім сьвеце, наладжвае стасункі паміж літаратарамі, мастакамі. Танк не замыкаўся адно на літаратурных праблемах, таму ён будзе цікавым ня толькі літаратуразнаўцам. Танк лічыў сябе адказным за тое, што адбывалася ў Беларусі ўвогуле.
Танк лічыў сябе адказным за тое, што адбывалася ў Беларусі ўвогуле.
Скобла: «Аляксандар Блок занатоўваў у сваіх дзёньніках нават дробязныя падзеі. Падрабязна фіксавала сваё жыцьцё Ларыса Геніюш (праўда, ня ў дзёньніках, а ў лістах). Наколькі рэгулярна вёў дзёньнікі Максім Танк?»
Калядка: «Дзёньнікі вяліся Танкам з 1941 па 1994 год уключна. Спыніў ён друкаваньне дзёньнікаў у верасьні-кастрычніку 1994 году. Ці рэгулярна ён вёў свае запісы? Ёсьць два гады, якія выпалі з дзёньнікаў, — 1940 і 1947. У 1940-м пад рэпрэсіі трапілі многія пісьменьнікі, тады ж і сям’я Максіма Танка разглядался як „кулацка-зажытачная“ — так пазначалася ў даведцы, якая была выдадзеная сям’і. Невядома, як склаўся б лёс Танка, калі б абвінавачваньні не ўдалося адпрэчыць… А 1947 год быў даволі складаным у палітычным пляне, праблемаў палітычна-ідэалягічнага характару хапала. Трэба сказаць, што Танк адносіўся да людзей разважлівых, ён ня кідаўся катэгарычнымі ацэнкамі адносна тагачасных падзеяў ці людзей. У дзёньніках такіх ацэнак няма».
Скобла: «Асабіста мяне ў дзёньніку Танка ўразілі яго клапатлівыя адносіны да Ларысы Геніюш, імкненьне хоць у нечым ёй дапамагчы: надрукавацца, дастаць лекі… 22 сакавіка 1990 году, калі паэткі ўжо не было ў жывых, Танк запісвае: „Чытаю „Споведзь“ Ларысы Геніюш, якая мяне ўразіла больш,чым „Архіпелаг Гулаг“ Салжаніцына. „Споведзь“ — твор велізарнай выбуховай сілы“. Танк-чытач — таксама вельмі цікававя тэма».
Калядка: «Так, ён шмат чытаў. А клапатліва ён ставіўся ня толькі да Ларысы Геніюш. Танк прымаў удзел у лёсе Алеся Разанава, не разумеў, чаму так катэгарычна адмоўна ставяцца да яго творчасьці, адпрэчваючы яго талент. Танк быў узорны сем’янін, такога мужа хацела б мець сучасная жанчына. Ён і ў сям’і быў сябрам, дарадцам, які сапраўды вырашаў шматлікія сямейныя праблемы, па-сапраўднаму клапаціўся пра дзяцей, унукаў, пра тое, каб у сям’і быў лад. Усё гэта яшчэ больш пяшчотна і прыгожа выявілася ў ягонай перапісцы.
Танк прымаў удзел у лёсе Алеся Разанава, не разумеў, чаму так катэгарычна адмоўна ставяцца да яго творчасьці.
Скобла: «Публікуючы свае „Лісткі календара“ яшчэ ў 1970 годзе, Максім Танк скрушна прызнаваўся, што пазабываўся, каму належыць той ці іншы крыптанім. А ці ўсё ўдалося расшыфраваць вам?»
Калядка: «Мне давялося працаваць з Арсенам Сяргеевічам Лісам. Ім была зроблена вялікая праца па ўстанаўленьні асобаў, якія хаваліся за крыптанімамі. Доктар Ліс вельмі добра ведае пэрыяд даваеннай Беларусі, асяродзьдзе літаратараў, якія ў той час маглі працаваць з Максімам Танкам ці мець нейкія стасункі зь ім. Зразумела, расшыфраваць усё пакуль не ўдалося. Я думаю, што гэта пачэсная справа для дасьледчыкаў — ва ўсім гэтым паступова разабрацца».
Скобла: «У камэнтарах да 9 тому вы паведамляеце сэнсацыйную навіну пра зьнікненьне рукапісаў танкаўскіх дзёньнікаў. Дзе ж яны падзеліся?»
Калядка: «Апошнім працаваў з тэкстамі дзёньнікаў Уладзімер Міхайлавіч Казьбярук. Па цьверджаньні сына Максіма Танка, у хатнім архіве паэта таксама няма ні рукапісаў, ні машынапісаў».
Скобла: «А хто меў дачыненьне да танкаўскіх тэкстаў, калі рыхтавалася іх публікацыя ў «Полымі»?
Калядка: «Анатоль Клышка і Сяргей Законьнікаў. Я размаўляла зь імі, і яны запэўнілі мяне, што пасьля публікацыі дзёньнікі ім на вочы не трапляліся. Куды яны зьніклі — сёньня сказаць цяжка, дастаткова шмат часу прайшло. Таксама я зьвярталася да дасьледчыкаў-танказнаўцаў — да Мікалая Мікуліча, да Вячаслава Рагойшы. Ніхто нічога ня ведае. Таму праблема пошуку дзёньнікаў Максіма Танка на сёньняшні дзень зьяўляецца вельмі актуальнай. Тэксты клясыкаў беларускай літаратуры не павінны прападаць.
Чым мог кіравацца чалавек, які пакінуў рукапісы клясыка сабе ў якасьці прыватнага матэрыялу. Дзеля чаго — дзеля карыстаньня, дзеля любаваньня?
Скобла: «Будзем усё ж спадзявацца, што рукапісы знойдуцца. Летась мне давялося пабываць на радзіме Танка — на хутары Пількаўшчына Мядзельскага раёну. Стаіць дыхтоўная хатка на ўзьлесьсі. І прастаіць яшчэ сто гадоў. Але ўсярэдзіне… Стосы кніг на падлозе, на сьцяне — набухлая ад вільгаці карціна Пётры Сергіевіча… Няўжо народны паэт, Герой сацыялістычнай працы не заслужыў на лепшае стаўленьне да сваёй памяці?»
Калядка: «Думаю, што Мядзельскаму райвыканкаму варта падумаць пра захаваньне сядзібы Максіма Танка. А то атрымаецца, як зь сядзібай Васіля Быкава ў Бычках. Спачатку пачакалі, пакуль згніе і разваліцца, а потым у аўральным парадку новы дом пабудавалі… Наколькі мне вядома, хата Танка знаходзіцца ў выдатным стане. А побач жыве сям’я брата Максіма Танка — Фёдара Скурко, якая магла б займацца гэтай сядзібай. Я думаю, што сярод сваякоў знайшоўся б зацікаўлены экскурсавод, нехта б дапамог узнавіць гісторыю роду. Давайце ня будзем чакаць таго часу, калі сядзіба прыйдзе ў заняпад, калі ўжо немагчыма будзе яе аднавіць, адрэстаўраваць. Трэба ратаваць тое, што яшчэ можна ўратаваць».